Улада102102

Кандыдатка ў старшыні Партыі БНФ: «У маім жыцці ўсё вырашылі некалькі сустрэч» 

Вольга Дамаскіна сустракае нас у сваім родным Наваполацку.

Нарадзілася яна, праўда, у вёсцы Баравуха-1, аднак горад так хутка разрастаўся, што вёска хутка ў яго ўлілася.

Сябра партыі БНФ і Сойму ПБНФ, актывістка руху «За Свабоду» Вольга працавала ў яслях, музеі, удзельнічала ў парламенцкіх выбарах і заўсёды была неабыякавая да таго, што адбываецца на роднай зямлі, таму тут яе ведаюць многія. Пакуль мы крочым па цэнтральнай Маладзёжнай вуліцы, з ёй пастаянна вітаюцца. Тут усё побач: у адной частцы горада можна і сустрэцца, і закахацца, і распісацца, павянчацца ды завітаць у пракуратуру.

У кавярні, дзе мы спыняемся на гутарку, юная афіцыянтка доўга не можа зразумець, што ад яе хочуць: мы вымушаны перакладаць на рускую. У фінале інтэрв’ю, калі нам ужо прынясуць рахунак, з грашыма Вольга пакіне на стале візітоўку курсаў «Жывая Мова», якія яна разам з аднадумцамі робіць у Полацку.

Вольга Дамаскіна.

«Наша Ніва»: Большасць палітыкаў у Беларусі — даволі закрытыя асобы, пра сем’і якіх ведаюць толькі дазволеную драбніцу. Раскажыце крышачку пра сваіх родных.

Вольга Дамаскіна: Мае бацькі — звычайныя людзі. Маці ўсё жыццё працавала на «Паліміры». У Наваполацку ў 90% сямей хтосьці хоць адзін працуе ці на «Паліміры», ці на «Нафтане».

Бацькі разышліся рана, мне было гадоў 9. Пасля маці яшчэ раз выйшла замуж. З айчымам у мяне склаліся вельмі добрыя адносіны: з малодшай сястрой мы амаль адразу пачалі зваць яго бацькам.

Я таксама ўзяла шлюб другі раз, але з былым мужам падтрымліваю вельмі цёплыя адносіны, мы нават сябруем сем’ямі. Ад першага шлюбу маю дарослага сына Змітра. Зімой ён скончыў навучанне ў Польшчы па спецыяльнасці «гістарычны турызм», вярнуўся дадому, жыве асобна і спрабуе будаваць самастойнае жыццё, шукае свой шлях. Ён у мяне вельмі рамантычная асоба: піша цудоўныя вершы, музыку.

«НН»: У Польшчу ваш сын трапіў па студэнцкай праграме Каліноўскага, але ж спачатку паступаў у мясцовы тэхнікум, так?

ВД: Так. У 2012 годзе Зміцер вучыўся ў тэхнікуме на хіміка, але яго адлічылі. Ён з сябрамі тады хацеў зарэгістраваць моладзевую арганізацыю, якая б прапагандавала здаровы лад жыцця, спорт. А іх нечакана абвінавацілі ў падпольнай дзейнасці, прыплялі туды палітыку, павесілі на хлопцаў з’яўленне ў горадзе «апазіцыйных» графіці. У нас былі праблемы з мясцовым КДБ, дома адбыліся ператрусы — страшна ўзгадаваць. У тэхнікуме прыдумалі, што Зміцер прапускаў заняткі, хаця гэта было няпраўдай. Мясцовая тэлекампанія «Вектар TV» нават прысвяціла яму фільм. Мы тады з імі доўга судзіліся. Добра, што ўсё гэта скончылася.

«НН»: Існавала меркаванне, што гэта звязана з тым, што вы мелі непасрэднае дачыненне да Партыі БНФ, як вы ўвогуле туды трапілі?

ВД: У БНФ я прыйшла вельмі рана, гадоў у 15. Можна сказаць, што для мяне гэта партыя, у якой я вырасла. У часы, калі я вучылася ў школе, былі вельмі распаўсюджаныя так званыя падшэфныя арганізацыі, якія аказвалі школам дапамогу.

Як цяпер памятаю: на фізкультуры падышлі двое мужчын — Васіль Храмцоў і Андрэй Ігнатовіч — стваральнікі і лідары беларускага руху Наваполацка. Яны працавалі на прадпрыемстве «Вымяральнік» і ўзялі пад шэфства вучняў нашай школы:

разам з імі мы ездзілі ў вандроўкі, на экскурсіі, даведаліся шмат карысных звестак пра экалогію. У нас тады ўвогуле быў вельмі моцны экалагічны рух: Наваполацк жа небяспечны горад, тут шмат заводаў. Усё большая колькасць мясцовых жыхароў сутыкаецца з алергіяй, праблемамі дыхальнай сістэмы.

Яшчэ адна з лёсавызначальных для мяне сустрэч таксама адбылася ў школе.

Летам у межах курса ВВК дзяцей вучылі розным прафесіям: мы з сяброўкай, напрыклад, прадавалі на вуліцы ліманад і нават піва па 63 капейкі.

У адзін з дзён разам з Васілём Храмцовым да нас падышоў нейкі калматы дзядзька, з бел-чырвона-белай стужкай на галаве і пачаў гаварыць нешта на незразумелай мне мове — ім аказаўся Сяржук Сокалаў-Воюш, беларускі бард і журналіст. Я нічога не разумела, таму што ў школе была вызваленая ад навучання беларускай мовы: па-першае, у мяне была сям’я вайскоўца, па-другое, бацькі паходзілі не з Беларусі: тата — з Малдовы, маці — украінка.

Пасля гэтых знаёмстваў я і трапіла ў БНФ: вандроўкі, беларускія святы, актыўнасці… Усё гэта закруціла мяне і, як бачыце, не адпускае да гэтага часу.

«НН»: Вы не вывучалі беларускую мову, а як у выніку яе асвоілі?

ВД: Пачала самастойна чытаць кніжкі: Караткевіча ад коркі да коркі! Спачатку было складана, я спатыкалася аб некаторыя словы, перачытвала іх некалькі разоў, пакуль не разумела сэнс. Але ў выніку вывучыла! І хай мне толькі нехта зараз скажа, што гэта складана!

Пасля я нават папрасілася здаваць мову на іспытах. Настаўнікі паглядзелі на гэта са здзіўленнем, яны не верылі, што ў мяне ўдасца, але дазволілі здаваць іспыт. У выніку я атрымала моцную чацвёрку, дапусціўшы толькі адну памылку з «ў». А калі прыйшоў час атрымліваць пашпарт, я настаяла запісаць сябе беларускай, хаця карані маю ўкраіна-малдаўскія.

«НН»: БНФ у гэтым годзе будзе абіраць новага старшыню, ці ўбачым мы сярод кандыдатур на пост вашу?

ВД: Усё вырашыцца на з'ездзе восенню! У нас дэмакратычная арганізацыя, і выбары будуць адпаведныя. Але я не выключаю, што буду адным з кандыдатаў.

«НН»: А чым зараз жыве БНФ?

ВД: На месцы я з'яўляюся рэгіянальным кіраўніком партыі, і ў нас стаяць агульныя задачы: давесці да насельніцтва, што расейска-беларускія вучэнні «Захад-2017» небяспечныя для нашай краіны, невядома чым гэта можа скончыцца. Зараз сябры БНФ падаюць заяўкі ў выканкамы, каб праводзіць мітынгі, сходы, каб мець магчымасць весці з людзьмі дыялог.

«НН»: Як з выхавальніцы ў дашкольнай установе вы пераарыентаваліся на сферу культуры?

ВД: У Полацкае педагагічнае вучылішча я паступала, бо шчыра хацела займацца дзецьмі. А неяк пазней сяброўка прапанавала мне паспрабаваць сябе ў музеі. Я доўга вагалася (ёсць у мяне такая рыса характару — мне складана хутка прыняць рашэнне, я шмат часу ўзважваю ўсе «за» і «супраць»), аднак усё ж вырашыла пайсці ў сферу культуры. Абараніла дыплом гісторыка, далей вучылася на музейнай справе. Я вельмі люблю вучыцца! Вось і цяпер дадаткова запісалася ў школу менеджараў.

«НН»: Але з апошняга месца працы ў Музеі традыцыйнага ткацтва Паазер’я год таму вас звольнілі, як толькі вы выказалі намер балатавацца ў парламент. Не шкадавалі пасля, што ўсё так атрымалася?

ВД: Вядома, я вельмі любіла сваю працу, але часу сумаваць па музеі няма. Ужо некалькі месяцаў я працую ў індустрыі прыгажосці: адміністратарам у салоне. Для мяне гэта магчымасць пазнаёміцца з новымі людзьмі, прычым самых розных прафесій.

У музеі асяроддзе было больш замкнёным, тут жа я выйшла за яго межы, бачу і чую куды больш жыццёвых гісторый.

Вольга на мінулай працы.

Дарэчы, у салоне стараюся ўжываць беларускія словы, і кліенты на гэта рэагуюць вельмі станоўча, нягледзячы на тое, што ў Наваполацку моцныя і прарасійскія настроі.

Культуру мы таксама не закінулі. Год таму я зарэгістравала новую гарадскую ўстанову — інфармацыйна-культурны цэнтр «ІніцыАрт». Ідэя была ў тым, каб стварыць у нас месца, куды б людзі маглі прыходзіць са сваімі прапановамі, знаходзіць сабе паплечнікаў і рэалізоўваць праекты. За год нашага існавання некалькі чалавек звярнуліся па кансультацыю, каб стварыць адукацыйныя курсы, напрыклад. Да нашай дзейнасці далучылася таксама Таварыства беларускай мовы Полацка і іншыя актывісты.

Раз на тыдзень у кавярні «Раздол» праходзяць не тое каб курсы «Жывая Мова», хутчэй — сустрэчы пад агульнай назвай «Жывая Мова». Да нас прыходзяць розныя людзі, не ўсе беларускамоўныя, але яны любяць мову, нашу гісторыю і нейкім чынам пераступаюць парог боязі сказаць на мове першае слова.

#ЖываяМова з Алёнай Анісім

Публикация от Вольга Дамаскіна (@volhad)

Калі казаць шчыра, наш народ досыць непісьменны і ў эканамічным, і ў палітычным плане. Хацелася б праз сустрэчы нейкім чынам гэта выправіць, а таксама данесці, што кожны з нас мае права размаўляць па-беларуску, адстойваць свае правы, дабівацца нечага, незалежна ад таго, што скажуць зверху.

«НН»: Рэгістрацыя новай арганізацыі адбылася без праблем?

ВД: Не без іх. Нейкі час мы не маглі знайсці сабе юрыдычны адрас. Звярнуліся да адных людзей у Полацку — дамовіліся. На наступны дзень мне ператэлефаноўваюць і кажуць, што не будуць супрацоўнічаць. У другі раз мы ўжо нават паперку патрэбную падпісалі, але я нават не паспела даехаць дахаты, як мне паведамілі, што перадумалі. Не — дык не. Гэта, відаць, зноў было рэакцыяй на мой удзел у выбарах. Урэшце, мы знайшлі юрыдычны адрас у Наваполацку. А ў Полацку мне пашанцавала мець добрыя адносіны з гаспадаром кавярні «Раздол», які сказаў, што нічога не баіцца і гасцінна дазволіў збірацца ў яго раз на тыдзень.

«НН»: Сам удзел у парламенцкіх выбарах вам нешта даў?

ВД: Гэта была рызыка, з аднаго боку я разумела, чым гэта можа скончыцца. Але

мяне ва ўсім падтрымлівалі сябры і сваякі. Галоўнае, што ўдалося — гэта пераступіць мяжу страху, якая ёсць ва ўсіх беларусаў: боязі таго, што будзе далей, боязі згубіць працу ці яшчэ нешта. Я зразумела, што гэта не так катастрафічна: што б ні здарылася, жыццё рухаецца далей.

Пра тое, ці буду я ўдзельнічаць у наступных выбарах, не думала, але гэта не выключана.

«НН»: Галоўны лозунг вашай кампаніі гучаў тады як «Полацк — горад для жыцця». Дык чаго ж нестае Полаччыне для паўнавартаснага існавання?

ВД: Полацк з Наваполацкам вельмі розныя. У апошнім больш моладзі. Дзякуючы прыбытковым заводам, тут лепшая эканамічная сітуацыя. У Полацку ж шмат прадпрыемстваў закрылася.

Калі ішла выбарчая кампанія, большасць пытанняў мясцовыя жыхары задавалі менавіта па працаўладкаванні. Разам з гэтым з гістарычнага і культурнага цэнтра горад ператвараецца ў нейкі аграгарадок. Полацк — ужо не той, якім быў раней, усё менш ён паходзіць на старажытную сталіцу, бо замала ўвагі яму надаецца як на мясцовым, так і на дзяржаўным узроўні. А Полацк — гэта ж і Сафійскі сабор, і езуіцкі калегіум, і шмат чаго іншага. А пра сваю багатую спадчыну, на жаль, не заўсёды ведаюць нават мясцовыя жыхары.

«НН»: Вечная студэнтка, актывістка і арганізатарка — неяк так малюецца ваш партрэт. А за межамі грамадскай дзейнасці, што яшчэ вам блізка?

ВД: Я вельмі люблю шыць, раней па выкрайках з «Бурды» апранала і сябе, і сына, і сяброў. Здараецца, закруцішся, а потым сядзеш і зробіш нейкую анучку, нешта самае простае — адразу расслабляешся.

Дома ў нас, дарэчы, няма падзелу на мужчынскія і жаночыя абавязкі. Мы стараемся рабіць усё разам, я так і сына прывучыла паводзіць сябе у адносінах з сяброўкамі ды дзяўчатамі.

Таксама я неабыякавая да добрага футбола: захапляцца гэтым спортам пачала яшчэ ў школе. Цяпер заўзеем з мужам за «Ювентус»: любоў да гэтага клуба пачалася, калі там яшчэ наш Сяргей Алейнікаў гуляў.

Разам с сястрой каля бацькоўскага дома мы вырошчваем кветкі. Але пакуль не дараслі да сапраўдных фларыстаў-аграномаў.

Вось маці з татам на пенсіі на агародзе адрываюцца: яшчэ снег на вуліцы ляжаў, а мы, дзякуючы ім, гуркі елі. Нешта з агароду маці прадае на мясцовым рынку, дадатковая капейка ідзе ў сямейны бюджэт. Яна ў мяне ўвогуле — маленькі бізнэсмен, вельмі прагрэсіўная жанчына. Разбіраецца ў палітыцы, чытае «Нашу Ніву», «Свабоду».

Здавалася б, у такіх гадах можна супакоіцца, але бацькі ніколі не сядзяць на месцы: будоўлю распачалі, каб больш пакінуць нашчадкам.

Гэта для мяне прыклад, калі кожны чалавек не будзе жыць адным днём, стане клапаціцца пра тых, хто прыйдзе пасля яго, каб будучыя пакаленні атрымалі ў свае рукі не разруху, а нармальную, уладкаваную краіну, тады ў нас усё будзе добра.

Каментары102

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

СК апублікаваў відэазапіс падзення беспілотніка. На абломках паказалі ўкраінскія надпісы31

СК апублікаваў відэазапіс падзення беспілотніка. На абломках паказалі ўкраінскія надпісы

Усе навіны →
Усе навіны

«Дзеці растуць з адчуваннем, што быць беларусам пачэсна, як выпускніком Гарварда». У Батумі дзейнічае беларускамоўная школа — вось як гэта працуе8

Стральба ў хмарачосе на Манхэтане: забітыя чатыры чалавекі, стралок застрэліўся

Глутамат натрыю ізноў набірае папулярнасць. Магчыма, яно і някепска?6

Ціханоўская падпявала гімну Літвы14

Двухгадовае дзіця загрызла кобру да смерці8

Як дроны залятаюць з Беларусі ў Літву? У iSANS расказалі, што вядома1

«У нас супольны вораг — імперская Расія». Ціханоўская выступіла на мітынгу ў падтрымку Украіны32

Ціханоўскі: Прыехаў бы і паціснуў Трампу руку34

«Гэта гульня ў два бакі». «Кіберпартызаны» расказалі, што іх здзівіла ў сістэмах «Аэрафлота» і што будзе з данымі пасажыраў5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

СК апублікаваў відэазапіс падзення беспілотніка. На абломках паказалі ўкраінскія надпісы31

СК апублікаваў відэазапіс падзення беспілотніка. На абломках паказалі ўкраінскія надпісы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць