Янка Купала. Молодая Беларусь: Стихотворения, поэмы, публицистика. – Москва: Советский писатель, 2008.

У Маскве выйшла кніга Янкі Купалы “Молодая Беларусь”. Уклаў яе, прадмову і заўвагі напісаў Аляксей Каўка. Вядома, нельга не парадавацца, што кніга выйшла. Добра, што Купалавы паэтычныя тэксты ў ёй надрукаваныя ня толькі ў перакладах, але й на мове аўтара.

Кніга выйшла, і цяпер ужо нічога не паправіш: што атрымалася, тое атрымалася. Па-першае, загаловак амаль цалкам супадае з загалоўкам кнігі Лява Клейнбарта, што выйшла ў 1928 годзе і выклікала гнеў бальшавіцкага Менску. Па-другое,

аўтар прадмовы сьцьвярджае, што Купалу ў Пецярбург запрасіў Браніслаў Эпімах-Шыпіла, але ўжо даўнавата Генадзь Кісялёў апублікаваў ліст Уладзімера Самойлы, зь якога мы даведаліся, што гэтая заслуга належыць Вацлаву Іваноўскаму.
Ня можа ня выклікаць пэўных пытаньняў і падбор твораў для кнігі. Ды гэта ўсё дробязі ў параўнаньні з глябальнай праблемай – праблемай мастацкага перакладу зь беларускае на расейскую.

У гэтай кнізе я адзначыў бы пераклад паэмы “На Куцьцю”, зроблены Валянцінам Тарасам. Але пры ўсім умельстве Валянціна Тараса, ні яму, ні якому іншаму расейскаму паэту ніколі ня ўдасца больш-менш адэкватна перакласьці зь беларускае гэтыя чатыры радкі Купалавай паэмы:

Ня ўмруць, ня ўмруць ужо яны,
Раз хочуць сонца, славы, песьні;
Заб’юць ім зычныя званы
Прабудным звонам напрадвесьні.

Праблему стварае беларускае “напрадвесьні» і рэдкае ўжываньне ў расейскай мове слова “звон” для абазначэньня гэтага прадмета, інструмэнту. Значна лягчэй гэтыя чатыры радкі перакласьці на ўкраінскую, што і зрабіў у свой час Паўло Гірнык.

Добры ў цэлым пераклад верша “Мужык” сапсавала адно слова. Паслухайма:

Читать, писать я не умею,
Не ходит гладко мой язык,

Ведь только, знай, пашу и сею,
Ведь я мужик, дурной мужик.

На гэтым “дурной” і спатыкаесься, бо ў расейскай літаратурнай мове гэтае слова ўжываецца пераважна ў сэнсе ‘кепскі’, ‘паганы’, ‘дрэнны’, ‘благі’: дурной тон, дурное поведение, дурной вкус, дурной поступок... У перакладзе верша “Мужык” на месца слова “дурной” так і просіцца “глупец”.

Расейская мова настолькі адышла ад іншых славянскіх, што расейцы не разумеюць ня толькі польскае ці чэскае, але нават суседніх моваў – беларускае і ўкраінскае. Да гэтага дадамо тыя “леность” і “нелюбопытство”, якія прымеціў у расейскім характары Аляксандар Пушкін. І нарэшце, расейская звычка звысака глядзець на народы, якія ўдалося заваяваць. Усё гэта разам абумовіла нізкую якасьць перакладаў зь беларускае наагул. Хіба што адзін Якаў Хелемскі мог зрабіць пераклад на ўзроўні арыгіналу, і нават, як у выпадку зь Петрусём Броўкам, зрабіць так, што пераклад чытаўся лепш за арыгінал. На жаль, не Хелемскі перакладаў Купалавы творы для новае кнігі Купалы. Таму і трапілі ў зборнік недаробленыя пераклады, звычайная сырандзя.

У вершы “І вецер, і сокал, і я...” чытаем:

Як вецер, і я б так ляцеў,
Як вецер, аб тым самым пеў,
Як вецер, свабодны мой дух,
Хоць рукі закуты ў ланцуг.

У перакладзе:

И я бы, как ветер, взлетел,
И я бы, как ветер, запел,
Как ветер, свободен мой дух,
Хоть горя таскаю за двух.

Гэтае ‘горя таскаю за двух’ замест ‘рукі закуты ў ланцуг’ паніжае Купалаў вобразны

лад.

Наступная страфа:

Пад зорамі сокал завіс,
Глядзіць па-арлінаму ўніз,
Там сокалу сьвету ня жаль,
Мілей яму небная даль.

У перакладзе:

Под зорями сокол завис,
И смотрит надменно он вниз, –
Ведь соколу землю не жаль,
Милей ему синяя даль.

Купалаўскае ‘па-арлінаму’ – гэта не ‘надменно’, а ‘гордо’. І маецца адрозьненьне паміж сіняю і небнаю дальлю. Такім чынам разбураецца рамантычны лад купалаўскага верша. А ў першым радку відочная абракадабра: купалаўскае ‘зоры’ нельга інакш перакласьці, як ‘звёзды’.

Або вось і прыклад халтуры. У вершы “Годзе!..” Купала пісаў:

З году у год мы жылі, як жывёла,
З году да году чакалі сьвятла...

У перакладзе чытаем:

Из года в год жили мы, как скотина,
Ждали покорно – рассеется мгла...

Слова “покорно” тут відочна не да месца. Яно мяняе сэнс паэтычнага выказваньня. І гэтак ва ўсім вершы. Перакладчык прыпісвае Купалу ня толькі пакорлівасьць, але й сэнтымэнтальнасьць: пад ягоным пяром кроў ператвараецца ў ‘кровушку’, а загоны – у ‘землицу’. Купала піша:

Гаспадары мы ў сябе, а ня госьці,
Час к панаваньню нам сьлед церабіць!

Перакладчык перайначвае:

Мы же же хозяева здесь, а не гости,
Значит, пора и хозяйничать нам!

Па-першае, ‘хозяйничать’ – не ‘панаваць’, не ‘господствовать’; па-другое, ‘хозяйничать’ ужываецца і з адмоўным адценьнем (‘хозяйничать в чужом доме, как в своём’). Іншая справа – слова “хозяйствовать”. Значыць, у перакладчыка нелады з расейскаю моваю.

Мы ведаем, як халтурна перакладалі на расейскую Якуба Коласа. Народны паэт шмат што рабіў за перакладчыкаў. Тое ж было і зь іншымі беларускімі аўтарамі, а Васіль Быкаў махнуў рукою і пачаў перакладаць свае творы сам. Тады, за саветамі, кардынальная крытыка расейскіх перакладчыкаў магла выклікаць палітычныя абвінавачаньні. Думаю, ужо настаў час сказаць расейскім братам: хлопцы, або перакладайце якасна, або не перакладайце ніяк.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?