Раман, дзеянне якога адбываецца ў Белавежскай пушчы, стаў падзеяй у ЗША
Восем перакладчыкаў згубіліся ў пушчы ў новым рамане «Знікненне Ірэны Рэй» амерыканкі Джэніфер Крофт. Ад яго шматслойнасці і насычанасці сэнсамі кружыцца галава.
Амерыканка Джэніфер Крофт — найперш перакладчыца, вядомая сваімі перастварэннямі з польскай, украінскай і гішпанскай моў, а таксама тым, што актыўна выступае за больш шырокае прызнанне перакладчыкаў і іх правоў. Гэта яна ў 2021 годзе ініцыявала падпісанне петыцыі за тое, каб імёны перакладчыкаў з'яўляліся на вокладках кніг, над якімі яны працавалі (насамрэч вельмі дзіўна, што дагэтуль так не заўсёды робіцца).
«Знікненне Ірэны Рэй» (The Extinction of Irena Rey) — гэта ўжо не першы твор Джэніфер Крофт (раней былі мемуары «Туга па доме», якія выйшлі спачатку ў Аргенціне, потым у ЗША).
Новы раман нібыта ўяўляе сабой пераклад, зроблены амерыканскай перакладчыцай Алексіс. Арыгінал як быццам быў напісаны на польскай мове аргенцінкай Эмі і заснаваны на рэальных падзеях, хоць Алексіс не кажа дакладна, якія часткі маюць дачыненне да рэальнасці, а якія выдуманыя. Калі ў вас ужо кружыцца галава ад насычанасці слаёў — раман, які насамрэч ёсць перакладам польскага рамана, напісанага чалавекам, для якога польская мова не з'яўляецца роднай, — то так усё і задумана. Прыгоды пачынаюцца.
Твор пачынаецца з таго, што Эмі адпраўляецца ў вёску пад Белавежскай пушчай — з боку Падляшша.
Эмі не адна — яе суправаджаюць яшчэ сем перакладчыкаў, і ўсе яны накіроўваюцца ў дом сусветна вядомай пісьменніцы Ірэны Рэй, правобразам якой з’яўляецца Вольга Такарчук (за пераклады яе твораў Джэніфер Крофт шматразова атрымлівала ўзнагароды, а за раман «Бегуны» яны атрымалі Букераўскую прэмію разам з пісьменніцай).
Шмат гадоў перакладчыкі прытрымліваліся правілаў Рэй: яны ўстрымліваліся ад алкаголю, ад мяса і, апошнім часам, размоў пра надвор'е. Эмі і яе калегі закаханыя ў Ірэну, проста абагаўляюць яе, і ім нават у галаву не прыйдзе крытыкаваць яе ці не падпарадкоўвацца яе загадам.
У першай частцы рамана аповед вядзецца ад першай асобы множнага ліку, і перакладчыкі называюцца не па імёнах, а па нацыянальнасцях і, адпаведна, мовах, на якія яны пераствараюць: Францужанка, Украінец і гэтак далей. Апавядальніцу зваць Іспанка, і яна шырока выкарыстоўвае зборнае «мы», кажучы ад імя групы, асабліва ў дачыненні да Рэй, якую яны шануюць: «Мы ўсе былі ў яе закаханыя».
Група распадаецца, калі прыходзіць электронны ліст з тэкстам новага рамана Ірэны Рэй, гатовым да перакладу — тады перакладчыкі даведаюцца імёны адзін аднаго, і супольнае «мы» знікае, бо кожны пачынае сцвярджаць сваю індывідуальнасць.
Калі Ірэна Рэй дзіўным чынам знікае, і перакладчыкі застаюцца ў яе доме, яны вывучаюць усе яе пакоі, змесціва камп'ютара, прымяраюць яе адзенне. Яны становяцца дзікія і ірацыянальныя, ладзяць розныя рытуалы і абрады і нават узводзяць святыню для сваёй аўтаркі, як быццам гэта дазволіць ім знайсці ключ да разумення яе разумовага працэсу.
Белавежскі лес
Раман Ірэны, над якім працуюць перакладчыкі, прысвечаны «першай у свеце мастачцы, якая займаецца праблемамі змены клімату, і першай, у каго больш за мільярд падпісчыкаў у інстаграме, што робіць яе свайго роду сусветнай імператрыцай, беспрэцэдэнтнай у гісторыі Зямлі».
Звязаны з кліматам аспект твора здаецца трохі штучна прыкручаным і губляецца на заднім плане, як запознены дадатак да дэкарацый, але само месца дзеяння выконвае важную ролю. Белавежскі лес падаецца як чароўнае месца бурнага і пладавітага жыцця, унікальная біялагічная сетка, прасякнутая крывёй гісторыі.
І гэта праўда: Белавежа — не проста кавалак першабытнага лесу, якія калісьці пакрывалі ўсю Еўропу, але і месца, якое стагоддзямі было арэнай бітваў, масавых забойстваў і партызанкі.
Тэма лесу важная як метафара для асэнсавання таго, чым ёсць пераклад. Белавежа, кажа Ірэна Рэй сваім перакладчыкам, — гэта не месца, а біялагічная сетка. Перакладчыкі таксама ўтвараюць хаатычную, але неабходную сетку, у якой элементы маюць патрэбу адзін у адным для абмену ідэямі і сэнсамі падчас працы (а таксама для таго, каб перажыць дзівацтвы, з якімі яны сутыкаюцца падчас свайго знаходжання ў доме Рэй).
Пераклады таксама ўяўляюць сабой сеткі — сувязі паміж людзьмі і іх мовамі.
Цяжкасці перакладу
Праца перакладчыкаў параўноўваецца з функцыямі, якія выконваюць у лесе грыбы, што паразітуюць на чужой сыравіне, каб развівацца (грыбы — «увасабленне зла, якое балюе і радуецца смерці ўсіх і ўсяго вакол сябе». Але ў той жа час яны неабходнае зло, бо паглынаюць смерць. Грыбы робяць лес магчымым. Без іх смерць назапашвалася б, знішчала жыццё і прыводзіла да масавага вымірання).
Яшчэ адным з увасабленняў перакладу становяцца ў творы сэкс і зачацце, звычайна пазашлюбнае. Гэтак жа, як сэкс выяўляе непераадольнае жаданне стаць адным цэлым з іншым чалавекам, пераклад выражае непераадольнае жаданне стаць адным цэлым з арыгіналам. Як і сэкс, пераклад часам стварае новую, трэцюю істоту. Некаторыя перакладчыкі закохваюцца ў сваіх аўтараў, некаторыя спяць з імі, некаторыя становяцца апантанымі, пакрыўджанымі або раўнівымі.
Перакладчыкі «Знікнення Ірэны Рэй» прагнуць цеснага кантакту з геніем. Яны займаюцца сэксам адно з адным, але іх сувязі — гэта заменай сэксу з аўтаркай арыгінала. Украінец кідае сваю жонку дзеля славенкі. Сербка, да свайго здзіўлення, выяўляе, што цяжарная ў сорак два гады. Аргенцінка Эмі спаўняецца трыццаць пяць, і яна непакоіцца, ці можа яшчэ нарадзіць; бліжэй да канца з'яўляюцца здагадкі, што яна цяжарная ад шведа Фрэдзі. Кажуць, што ў чэха, якога завуць Павел, быў раман з самой Ірэнай, пасля чаго яна зацяжарыла. Але праз некалькі месяцаў у яе здарыўся выкідыш, і яна выгнала чэха, а астатнім сказала, што ён памёр.
Перакладчыцы Эмі і Алексіс рэпрэзентуюць два супрацьлеглыя падыходы да перакладу. Эмі схіляецца перад узнёслым геніем, лічыць сябе пакорлівай служанкай Ірэны, ніколі не наважваецца развіваць уласныя літаратурныя памкненні. Для яе дадаць крыху ўласнага аўтарства — гэта блюзнерства. Алексіс тым часам не саромеецца назваць цэлы раздзел новай кнігі Ірэны «трохі перапісаным». Эмі абураная, калі Алексіс рэдагуе без дазволу і скажае сэнс арыгінальнага тэксту.
Аднак па ходзе рамана з вачэй Эмі спадае заслона. Пасля развязкі ў стылі трылера Эмі прыходзіць да высновы, што Ірэна — насамрэч не велічная і неперыўзыдзеная, а зладзейка і пасрэднасць. «Яе геній належаў не ёй: ён належаў усім астатнім». Ці значыць гэта, што Алексіс мела рацыю? Ці ёсць рамантычны культ геніяльнасці састарэлай канцэпцыяй? Ці з'яўляецца літаратура па сваёй сутнасці калектыўнай? Ці застаецца апошняе слова за перакладчыкам?
Раман пра цяжкасці і прыгажосць працы перакладчыка, пра змену клімату, пра апантанасць і юрлівасць
Раман Джэніфер Крофт пра многія рэчы: пра цяжкасці і прыгажосць працы перакладчыка, пра змену клімату і масавае выміранне відаў, пра патэнцыял мастацтва выратаваць або знішчыць свет, апантанасць, юрлівасць і многае іншае. «Знікненне Ірэны Рэй» напоўненае энергіяй і розумам, аўтарка дэманструе багаты лінгвістычны дар і натхняльныя ідэі.
Твор здзіўляе на кожным кроку, калі пераходзіць ад глыбокіх назіранняў пра прыроду, мастацтва і чалавечыя адносіны да сюррэалістычных падзеяў, што збіваюць з панталыку і заглыбляюць персанажаў у рэальнасць ліхаманкавага сну.
У сваёй рэцэнзіі на твор Сафі Пінкхэм у аўтарытэтным «Нью-Ëрк рэв'ю ов букс» звяртае ўвагу, што адной з інтэртэкстуальных адсылак твора можна лічыць яго падабенства з захапляльным літаратурным трылерам Вольгі Такарчук 2009 года «Вядзі свой плуг праз косткі мёртвых» (на беларускую мову пераклала Марына Шода), у якім апавядальніца — эксцэнтрычная пажылая жанчына, што жыве ў лясной глушы на мяжы Польшчы і Чэхіі.
Як і Ірэна Рэй, яна вядзьмарка, захапляецца травянымі настойкамі і астралогіяй, а таксама зацыкленая на правах жывёл і неабходнасці паважаць лес.
У «Вядзі свой плуг…» ёсць персанаж, якога завуць Пісьменнік. Апавядальнік скептычна ставіцца да літаратурных праектаў Пісьменніка: «Яго хочацца падазраваць у фальшы: такі чалавек — гэта не ён сам, а вока, якое ўвесь час назірае, і ўсё, што ён бачыць, ператвараецца ў сказы; у працэсе гэтага рэальнасць пазбаўляецца сваёй самай істотнай якасці — невымоўнасці».
Задачу перакладчыка можна зразумець як імкненне вярнуцца да гэтай невымоўнай сутнасці і ператварыць яе ў новую мову, адзначае Пінкхэм і дадае, што ў гэтым сэнсе пераклад — гэта «другі працэс аўтарства, гэткі ж небяспечны і магутны, як і першы».
Нобеля па літаратуры атрымалі Такарчук і Гандке — полька з украінскімі каранямі і аўстрыец са славенскімі
Перакладчыца Такарчук на беларускую мову: У 2010 яна імгненна адрэагавала на падзеі Плошчы
Міжнародную Букераўскую прэмію — 2023 упершыню атрымаў балгарскі пісьменнік
Прывіды вайны: выйшла новая кніга пра пасляваенную Беларусь
Белавежская, Налібоцкая, Галубіцкая — якія сакрэты хаваюць беларускія пушчы ФОТЫ
Каментары