Следчы камітэт заявіў пра тое, што затрыманы кіраўнік Жодзінскага гарвыканкама Юрый Шарый. Пакуль не паведамляюцца прычыны затрымання.
Святлана Шарая (злева). Фота zhodinonews.by.
Цікавы выпадак адбыўся з жонкай мэра Святланай Шарай тры тыдні таму. Яна стала пераможцай рэкламнай гульні «Ідзем на футбол», якую праводзіў клуб «Тарпеда-БелАЗ». У конкурсе ўдзельнічалі ўсе, хто купляў сезонны абанемент на гульні каманды.
У выніку Святлана Шарая выйграла планшэт IPad ад Apple. На момант пачатку гульні яго цана ўказвалася ў памеры 855 рублёў. Святлана Шарая з’яўляецца дырэктарам установы адукацыі «Дзіцячы сад — сярэдняя школа №1 імя Купрыянава».
Адметна, што галоўны прыз — матацыкл «Харлей-Дэвідсан» — выйграў вядучы спецыяліст па маркетынгу БелАЗа Уладзімір Сабанцаў.
Удакладненне
У першапачатковай версіі артыкула была дапушчаная памылка. Уладзімір Сабанцаў быў названы галоўным маркетолагам БелАЗа. Насамрэч яго пасада гучыць як «вядучы спецыяліст па маркетынгу». Прыносім прабачэнні.





