История77

Македония: маленькая страна с большими понтами

Небольшой народ между Сербией, Грецией и Болгарией проявил завидное мастерство выживания. О своем путешествии в Македонию пишет Змитер Панковец.

Ад Аляксандра да славян

Калі гаворка заходзіць пра былую Югаславію, то ўспамінаюцца перш за ўсё імперская Сербія, пляжы Чарнагорыі, бурлівы баснійскі кацёл і нават заможная Славенія. Македонія ж на памяць прыходзіць апошняй. Ні табе вядомых брэндаў з гэтай краіны, ні нобелеўскіх лаўрэатаў, нават на чэмпіянат свету па футболе македонцы не выходзілі ні разу.

Хаця Македонія вядомая з антычных часоў. Гістарычна тэрыторыя, якая мела такую назву, знаходзілася на поўначы сучаснай Грэцыі і поўдні Македоніі. Арыенцірам можа служыць сучасны грэчаскі горад Салонікі. А сталіцай той старажытнай дзяржавы была Пела, яна таксама цяпер у Грэцыі. Славяне на гэтыя землі прыйшлі на тысячу гадоў пазней.

Фота Pargovski Jove, shutterstock.com.

Ці быў славуты Аляксандр Македонскі македонцам? Такое пытанне можна пачуць часта. Жыхары краіны лічаць, што так. Грэкі так не лічаць. Паўднёвыя суседзі Македоніі ўвогуле не згодныя на такую назву краіны, бо ў Грэцыі ёсць рэгіён, які называецца Македонія. Гэта тармозіць працэс уступлення Македоніі ў Еўрасаюз і НАТА. Аж настолькі, што краіна ўсур’ёз разглядае пытанне змены назвы. І вось тут пытанне, што важнейшае: нацыянальная годнасць ці еўрапейская перспектыва?

Лічыцца, што першыя жыхары, якія змаглі ўтварыць у Македоніі дзяржаву, былі фракійцамі, а потым іх змянілі грэкі. Славяне на гэтых землях з’явіліся толькі ў V стагоддзі, у рамках Вялікага перасялення народаў. І не толькі прыжыліся тут, але і аказаліся культурна мацнейшымі, асіміляваўшы многія іншыя як карэнна балканскія, так і прышлыя народы. Цюркі-булгары, напрыклад, неўзабаве перайшлі на славянскую мову і сталі продкамі сучасных балгар-славян.

Штучная нацыя?

Македонскі нацыянальны рух напачатку складаўся з краёўцаў, якія бачылі сваю будучыню ў аўтаноміі ў складзе Балгарыі, а пра незалежнасць не думалі.

Перапіс 1895 года паказаў, што на гэтых землях жыве 690 тысяч балгар, 1,1 мільёна мусульман, 600 тысяч грэкаў, 80 тысяч яўрэяў. Македонцаў, як і албанцаў, тады яшчэ асобна не выдзялялі. Паколькі моўна і культурна яны вельмі блізкія да балгар, то як балгар іх тады і ўлічвалі.

Праўда, палітычна пытанне адметнасці македонцаў ужо тады ўздымалася. Найперш гэтую тэму сталі ўздымаць сербы. Так, уплывовы сербскі дыпламат Стоян Навакавіч у 1888 годзе афіцыйна заявіў, што існуе асобны македонскі народ і існуе македонская мова. Сербы мелі тут свой палітычны разлік: яны хацелі далучыць землі вакол Скоп’е да сябе. Палітычная ідэалогія, што сфармавалася на гэтым грунце, атрымала назву «македанізм». Сербскія навукоўцы даказвалі, што македонцы — нашчадкі славян і старажытных македонцаў, а вось балгары — гэта зусім іншае: славянамоўныя цюркі. Друкаваліся карты, у якіх македонцы ўпершыню фігуравалі як асобная нацыя.

Македанізм знайшоў водгук у часткі мясцовай інтэлігенцыі. Радыкальная моладзь заснавала ў Салоніках «Унутраную македонска-адрынскую рэвалюцыйную арганізацыю». Адно яе крыло высунула лозунг «Македонія для македонцаў» і сфармулявала ідэю аб незалежнасці. 2 жніўня 1903 года выбухнула Іліндэнскае паўстанне супраць Асманскай Імперыі (Іліндэн — дзень Святога Іллі). Яго ўзначаліў 25-гадовы рэвалюцыянер Мікола Караў, постаць у нечым сугучная з нашым Кастусём Каліноўскім.

Паўстанцам удалося захапіць некалькі гарадоў, абвесціць Крушаўскую рэспубліку (ад горада Крушава ў горнай частцы Македоніі), але пратрымаліся яны ўсяго 10 дзён.

Існуе меркаванне, што македонцы — гэта такі штучны народ, які калісьці прыдумалі хітрыя сербы, каб аслабіць сваіх супернікаў-балгараў. Хоць, мабыць, каму-каму, але не беларусам расказваць падобныя гісторыі. Нас таксама называлі часткамі розных нацыянальнасцяў, але вось жа мы ёсць на карце Еўропы. Тое самае і з македонцамі.

Пасля Другой сусветнай вайны югаслаўскі камуністычны лідар Іосіп Броз Ціта разам са сваімі памочнікамі таксама ўсяляк спрыялі развіццю македонскага нацыяналізму. Але для тагачаснай Македоніі, як і для тагачаснай Беларусі, была не дзіўная сітуацыя, калі адзін з братоў лічыў сябе балгарынам, а другі — сербам (як у нас рускім і палякам). У 1991 годзе Македонія ў працэсе распаду адзінай Югаславіі стала незалежнай дзяржавай. Прытым калі ў іншых частках былой федэрацыі распад суправаджаўся крывавымі войнамі, у Македоніі аддзяленне адбылося мірна.

Іосіп Броз Ціта быў тым чалавекам, пры якім македонцы сфарміраваліся як асобны народ. На фота: Ціта з жонкай у Белым доме з прэзідэнтам Ніксанам. Фота Wikimedia Commons.

Як дабрацца?

Падарожнічаць па Еўропе цяпер элементарна. Амаль уся яна перавязаная нітачкамі лаўкостаў. Гэта танныя авіялініі, якія дазваляюць пранесці з сабой на борт толькі невялікі заплечнік. Самыя папулярныя лаўкосты — Ryanair і Wizz Air. Апошні акурат лётае ў Скоп’е. Прамых рэйсаў ні з Мінска, ні Вільні, ні з Варшавы вы, праўда, туды не знойдзеце. Давядзецца зрабіць перасадку ў Будапешце, Браціславе, Брусэлі, Мальмё ці Вене.

Білет туды і назад з Варшавы каштуе 60—70 еўра.

Від на раку Вардар. Стадыён у Скоп'е носіць імя антычнага цара Філіпа ІІ, а аэрапорт — Аляксандра Македонскага. Фота Змітра Панкаўца.

Што тычыцца аэрапорта Скоп’е, то сустракае ён вялікім помнікам Аляксандру Македонскаму. Названы аэрапорт таксама ў гонар палкаводца. Увогуле, у гэтай краіне вам не дадуць забыцца, каму належыць Аляксандр.

Македонскіх візаў беларусам атрымліваць не трэба. Пішуць, што для наведвання краіны трэба турыстычны ваўчар ці запрашэнне. Але калі ў пашпарце ёсць актуальная шэнгенская віза, то можна ўехаць у Македонію і па ёй. Ніякіх пытанняў у аэрапорце не задаюць. Толькі кажуць, што радыя вітаць у сваёй краіне.

Чым перасоўвацца?

З аэрапорта Скоп’е да горада ходзяць аўтобусы. Праезд у іх каштуе ў раёне 3 еўра. Давозяць да цэнтра Скоп’е яны за 40 хвілін. Таксісты бяруць каля 20 еўра. (Для параўнання: у суседняй Чарнагорыі, у Падгорыцы, нам сказалі, што ніякіх аўтобусаў да аэрапорта няма, едзьце на таксі. Знайшлася альтэрнатыва ў выглядзе чыгункі, але давялося ісці пешшу каля 3 км.)

Па самой Македоніі лепш таксама падарожнічаць аўтобусамі. Чыгунка ў Македоніі знаходзіцца ў зародкавым стане. Ды і цягнікі лічацца тут не надта надзейным транспартам, яны вечна ламаюцца ды спазняюцца. Што для Балканаў, у прынцыпе, таксама сітуацыя звычайная.

Гэта не рэзідэнцыя прэзідэнта, а Археалагічны музей. Фота Alex W., shutterstock.com.

Аўтобус са Скоп’е ў Охрыд каштуе каля 7 еўра. Можа быць і даражэй. Ідзе аўтобус каля 4 гадзін, але гэта паездка, можна сказаць, з аднаго канца краіны ў другі.

А вось на роварах у Скоп’е, з усімі яго ўзгорачкамі, крывулькамі і калдобінамі, асабліва не паганяеш. Пешшу надзейней.

Дзе жыць?

Праблем няма ніякіх. Заходзіш на любы сайт з пошукам гатэляў і абіраеш сярод дастаткова танных варыянтаў. Прымальна жыць у цэнтры Скоп’е за 15—20 еўра за ноч. Калі даражэй, то гэта ўжо будзе гатэль з усімі выгодамі. Тым і добрая Македонія, што цэны тут зусім не кусаюцца. Мы жылі ў апартаментах у самым сэрцы Скоп’е, з вокнаў была бачная цэнтральная плошча, за дзве ночы заплацілі 35 еўра. 17 з іх пасля вярнуліся па букінгаўскім купоне. Так што ноч каштавала меней за 10 еўра.

Тое самае можна сказаць і пра Охрыд. Там звычайна гаспадары вілаў здаюць асобныя пакоі. Умовы абсалютна прыстойныя. Але што тычыцца Охрыда, то гаворка толькі пра несезон. У летні час каштаваць гэта будзе даражэй, бо ахвотных пагрэцца на беразе Охрыдскага возера шмат.

 Царква на беразе Охрыдскага возера.

Якія там грошы?

Македонская валюта называецца дынар. Яна прывязаная да еўра. Курс — 61 дынар за еўра. Калі мяняеце валюту, то трэба быць уважлівымі, ці не бяруць у гэтым абменніку камісію, ці не махлярскі тут курс. Такое таксама бывае.

Ну і, канечне, асаблівасць Македоніі, як і ўсіх Балканаў, у тым, што тут далёка не ўсюды можна разлічыцца карткай. Пакуль гэта хутчэй выключэнне, чым правіла.

Што есці?

У раёне Старога базара вялізная колькасць танных забягалавак, дзе смажацца славутыя балканскія калбаскі чэвапчычы. Падаюць іх з перцам і лавашом. Вегетарыянцы павінны зацаніць таўчэ граўчэ — гэта такая фасоля, якая смажыцца ў адмысловым гліняным посудзе. Запіць часцей за ўсё прапануюць мясцовай газіроўкай «Газола» ці півам.

Нацыянальная македонская ежа: каўбаскі і фасоля. Фота Змітра Панкаўца.

У квартале Старога базара за ягоны каларыт любяць абедаць як турысты, так і мясцовыя. Не самы багаты абед на двух чалавек абыдзецца ў раёне 7—8 еўра. Варта адзначыць, што чэвапчычы і таўчэ граўчэ — гэта далёка не адзінае, што прапануюць такія кавярні. Ёсць таксама вялізная колькасць усялякага мяса, якое смажыцца проста ў вас на вачах, кебабы, печань, суп чорба, традыцыйныя катлеты плескавіца і шмат усяго іншага.

Калі такой паўфастфуднай экзотыкі не дужа хочацца, то ў Скоп’е лёгка знайсці і больш традыцыйныя варыянты. Напрыклад, у самым цэнтры ёсць бар «Калектыў». Тыповая для ўсёй Еўропы ўстанова. У «Калектыве» прапануюць аграмадныя бургеры, вялізныя порцыі курыцы, рэбраў. Плюс мясцовы крафт, але не судзіце яго надта строга. Эксперыментальнае піваварства ў гэтай краіне пакуль яшчэ на пачатковай стадыі. Вячэра ў такім бары будзе каштаваць каля 20 еўра.

Ну і, само сабой, нельга праходзіць міма мясцовых слодычаў. Яны рэальна класныя! Ад пахлавы за вушы не адцягнеш. Падаюць слодычы з маленькімі кубачкамі кавы ці чаю па-турэцку. Гаспадары ўстаноў з радасцю паварожаць вам на кававай гушчы і скажуць, што вы хочаце пачуць, нават не ўзяўшы грошай.

Адзін такі мужчына расказваў нам, што ездзіў у Мінск шмат разоў, возячы скураныя курткі, і ўзгадаў, якія прыгожыя ў Беларусі жанчыны. Увогуле, звярнула ўвагу тое, што згадка пра краіну Беларусь нікога не ставіла ў тупік, як гэта часта можна сустрэць у традыцыйнай Еўропе. Нехта заўсёды нешта пра нас чуў.

На рынку ў Скоп'і экзатычна і нядорага. Фота Змітра Панкаўца.

А яшчэ, канечне, варта схадзіць на рынак. Неперадавальныя пачуцці, калі бачыш мандарыны, толькі што сарваныя з дрэва, з зялёнымі лісточкамі, якія прадаюцца па паўеўра за кіло. Можна набыць гранаты, самыя розныя прыправы, мёд, арэхі. А яшчэ бульбу! Не заўважалі ў беларускіх крамах, што вельмі часта зімой бульбу нам завозяць менавіта з Македоніі?

Дзе стрыгчыся?

Вось чаго ў Македоніі дакладна хапае, дык гэта барбершопаў. Яны літаральна на кожным кроку. Ад гламурных для хіпстараў да зусім аўтэнтычных з патрэсканымі скуранымі крэсламі і пабітымі люстэркамі. На свае вочы бачыў, што стрыгуцца і голяцца ў барбершопах мужчыны ад васьмі да васьмідзесяці гадоў. Складваецца ўражанне, што македонскі мужчына толькі і нараджаецца для таго, каб выпіць чаю ды пагаліцца ў барбершопе.

Цырульні ў Македоніі — паўсюль. Тут у мужчын не было звычкі галіцца дома. Фота Змітра Панкаўца.

Што паглядзець? Паспрабуем прайсціся толькі па самых адметных месцах Скоп’е і Охрыда.

Стары базар у Скоп'і

Ногі самі вядуць на вулачкі турэцкага квартала, які так любяць турысты. У Македоніі вялізная колькасць мусульманаў-албанцаў. Адна жанчына называла іх у размове з намі «талібанцамі»: маўляў, менавіта яны шкодзяць развіццю краіны.

Склалася ўражанне, што македонскія албанцы нашмат больш набожныя за сваіх суайчыннікаў у метраполіі. У Тыране, калі чуецца заклік муэдзіна, на яго амаль ніхто не адгукаецца. А ў Скоп’е набіваюцца поўныя мячэці.

Менавіта ў Скоп’е я ўпершыню трапіў у мячэць. Ніякіх крывых поглядаў на турыста не было і блізка. Увогуле, атмасфера ў мячэці дастаткова разняволеная. Калі царква найперш створаная для размоў з Богам, то ў мячэці не адмаўляецца і размова паміж сабой.

Асаблівы каларыт Старому базару надаюць спевы муэдзінаў. Вядома, што ўсе яны цяпер запісаныя на стужку і ніхто не залазіць на мінарэт, каб склікаць на малітву, але ўсё адно заварожвае.

Мясцовыя жанчыны ходзяць і ў паранджах, і ў міні-спадніцах. Скоп’е — гэта горад, свабодны ад забабонаў. Мяне ўразіла, што проста ў цэнтры горада стаіць вялікі помнік албанскаму нацыянальнаму герою Скендэрбегу, побач ёсць і мурал з ім. Ніхто не залівае яго фарбай.

Вардар, масты і помнікі

Праз Скоп’е працякае рака Вардар. Краіна нават разглядала варыянт змены назвы на «Вардарскую Македонію». Рака мае вялікае значэнне для гараджан. Цераз Вардар перакінуты Каменны мост, пабудаваны яшчэ ў VI стагоддзі, разбураны землятрусам і адноўлены ў ХХ стагоддзі.

Але галоўная фішка македонскай сталіцы — гэта неймаверная колькасць помнікаў. Малая нацыя самасцвярджаецца праз герояў мінулага. Мост ля парламента запоўнены скульптурамі: ад візантыйскага імператара Юстыніяна да рэвалюцыянера мяжы ХІХ—ХХ стагоддзяў Гоцэ Дэлчава. Вядома, усіх іх македонцы лічаць сваімі. А якая ў горадзе абалдзенная начная падсветка!

Абавязкова трэба залезці да крэпасці, якая ўзвышаецца над горадам. Не палохайцеся, што там мірна пасуцца коні. Бо лепшага віду на Скоп’е вы не знойдзеце. Калі пройдзеце троху ўбок ад крэпасці, то з вышыні можна паглядзець на новы стадыён імя Філіпа ІІ, бацькі Аляксандра Македонскага. Праўда, глядзіце, каб там на вас не напалі сабакі з суседніх дамоў.

На Балканах абавязкова трэба схадзіць на рынак, каб купіць танных мандарынаў, гранатаў, мёду, арэхаў, прыпраў. Выглядае гэта ўсё вельмі экзатычна і каштуе не так дорага, як у нас.

Скоп’е — гэта і праваслаўе. Дзясяткі храмаў, скульптуры анёлаў на вуліцах. І каталіцызм — тут жыла маці Тэрэза (яна была албанкай). Можна схадзіць у музей, прысвечаны ёй.

Охрыд — калыска славянскага хрысціянства

Охрыд сёння — гэта тыповае курортнае мястэчка. Багатыя людзі з усяго рэгіёна едуць сюды на адпачынак улетку. Крыштальна чыстая вада возера, неблагая інфраструктура і гістарычныя цікавосткі робяць Охрыд магнітам для турыстаў.

Вуліцы старога Охрыда. Фота Змітра Панкаўца.

На возера можна глядзець гадзінамі, кормячы чаек і лебедзяў.

Охрыд — гэта цэнтр праваслаўя ўсяго рэгіёна. Яшчэ ў IX стагоддзі вучань Кірылы і Мяфодзія Клімент (пазней святы) заснаваў на беразе возера манастыр. Ён стаіць і па сёння. Охрыдская царква фактычна ад пачатку была аўтакефальнай і не падпарадкоўвалася Канстанцінопалю. Юрысдыкцыя Охрыдскай архідыяцэзіі даходзіла да Бялграда.

Панцейлямонаў і Навумаў манастыры, безумоўна, стануць аднымі з найбольш яркіх уражанняў ад Балканаў. Такія месцы, здаецца, існуюць асобна ад часу і асоб.

Македонія — гэта поўная экзотыка для нашага чалавека, але баяцца яе не варта. Гэта ў прынцыпе мілая краіна, якая толькі спрабуе, як і Беларусь, займець свой уласны твар. Македонія — гэта танна, бяспечна і цікава. Канечне, без заходнееўрапейскіх стандартаў, але, магчыма, гэта і дадае краіне дадатковага шарму.

Комментарии7

Женщина нашла поляну боровиков и плачет от счастья ВИДЕО3

Женщина нашла поляну боровиков и плачет от счастья ВИДЕО

Все новости →
Все новости

Бондарева вызвала на детей милицию, но там не поняли, что не так6

Может ли время идти в обратном направлении? Впервые в истории доказано, что да1

В следующем году изменят условия работы маршруток

В Беларуси с 1 января вырастет налог на первую квартиру2

Как сложилась жизнь Ялинки, единственной белорусскоязычной ученицы в Могилеве в свое время?16

Что с выездом из Беларуси утром в первый день недели?

Составлен список руководителей стран с самыми высокими зарплатами. Кто на первом месте?1

Популярный британский видеоблогер посетил Беларусь и рассказал, что его удивило8

Сегодня начинается объявление Нобелевских премий

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Женщина нашла поляну боровиков и плачет от счастья ВИДЕО3

Женщина нашла поляну боровиков и плачет от счастья ВИДЕО

Главное
Все новости →