У студзені 2001 года ў Белавежскай пушчы паўстала арганізацыя «Зубр», яе заснавальнікамі сталі сорак чалавек. Яна стане самым масавым пратэставым моладзевым рухам у краіне. Ад самага пачатку «Зубр» паставіў за мэту негвалтоўны супраціў.

Шмат хто памятае яркія налепкі «Зубра», а таксама графіці. Самі зуброўцы заяўлялі, што іх арганізацыя дзейнічала ў 152 гарадах і мястэчках Беларусі.

У гэтай публікацыі мы згадаем некаторых вядомых актывістаў «Зубра».

Мікіта Сасім: дырэктар у ветэрынарнай клініцы

Разам з жонкай. Фота з facebook.com.

Баранавіцкі актывіст «Зубра». Сасім праславіўся тым, што падчас вучобы ў каледжы лёгкай прамысловасці ўзначальваў суполку БРСМ. У сакавіку 2004 года гэтая суполка ў поўным складзе перайшла ў «Зубр». Праз нейкі час яго выключылі з навучальнай установы.

Таксама з імем Сасіма звязаны тэрмін «джынсавая рэвалюцыя». Менавіта збіты Сасім падчас адной з акцый пратэсту ўзняў над сабой замест адабранага сцяга джынсавую куртку.

Юнакі пачапілі на дубцы джынсоўкі замест сцягоў. Ідэя выкарыстоўваць «джынс» нарадзілася ў гонар учынку актывіста арганізацыі «Зубр» Мікіты Сасіма. Калі спецназаўцы аднойчы вырвалі ў яго на пікеце бел-чырвона-белы сцяг, ён зняў з сябе джынсавую кашулю і ўзняў яе на вудзільне замест сцяга. Photo.bymedia.net з архіва «Нашай Нівы».

Сасім цалкам адышоў ад палітычнай дзейнасці. Цяпер ён з’яўляецца дырэктарам ветэрынарнай клінікі ў Мінску.

Аляксандр Атрошчанкаў: Жыве ў Варшаве, працуе таксістам

Фота з facebook.com.

У «Зубры» Аляксандр Атрошчанкаў адказваў за міжнародную працу. І гэта не дзіва, бо ў мінулым ён студэнт факультэта міжнародных адносін БДУ, адкуль быў выключаны за палітычную актыўнасць. Супрацоўнічаў з «Хартыяй-97», быў прэс-сакратаром Саннікава ў 2010 годзе.

Пасля Плошчы Атрошчанкаў быў арыштаваны за ўдзел у «беспарадках» і асуджаны да чатырох гадоў зняволення. Адпушчаны ў верасні 2011 года.

«Ад верасня 2012 жыву ў Варшаве. Летам 2014-га разышоўся з «Хартыяй» і «Еўрапейскай Беларуссю». Ад таго часу працую ў таксі. Супрацоўнічаю з Reform.by і ініцыятывай ІSANS, якая займаецца супрацьдзеяннем гібрыдным пагрозам. Перажыў балючы для абаіх бакоў развод з жонкай Дар'яй, але сына выхоўваем разам. Бачу яго амаль штодня. У панядзелак адвялі яго ў першы клас школы. Планую новы шлюб з дзяўчынай, з якой ужо некалькі год жывём разам», — расказаў «Нашай Ніве» Атрошчанкаў.

Анатоль Алізар зачытвае маніфест аб стварэнні руху «Зубр». Каля помніка Марату Казею, 2001 год. Справа ад яго — Наталля Радзіна, у будчыні рэдактарка сайта Charter97.org. Фота з архіва «Нашай Нівы».

У Беларусь ён вяртацца пакуль не плануе. «Я тут 7 гадоў. Гэта амаль палова дарослага жыцця. У мяне тут сваё жыццё ўжо пабудаванае, новыя сябры, знаёмыя, кумы, звычкі, любімыя месцы… Сын ужо ў школу пайшоў. Яму гэта перш за ўсё стрэсава будзе, і мне з нуля пачынаць… Ды і да свабоднага паветра, шчыра кажучы, хутка прывыкаеш», — прызнаецца Аляксандр.

Яўген Афнагель: застаецца ў палітыцы

Адзін з самых актыўных удзельнікаў вулічных акцый. Афнагель выходзіў і выходзіць і на буйныя мітынгі, і на малалюдныя акцыі салідарнасці. За сваю дзейнасць Яўген неаднаразова затрымліваўся, адбываў адміністрацыйныя пакаранні. На выбарах 2010 года быў у камандзе кандыдата Андрэя Саннікава.

Улётка руху «Зубр», 2001 год. З архіва «Нашай Нівы».

«Быў у вымушанай эміграцыі пасля Плошчы-2010. Цяпер займаюся грамадска-палітычнай дзейнасцю, з'яўляюся каардынатарам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь». Жыву ў Калодзішчах з жонкай», — сказаў «Нашай Ніве» Афнагель.

Павел Юхневіч: у аўтабізнэсе

Юхневіч быў адным з заснавальнікаў «Зубра». На той момант яму не было яшчэ і 16 гадоў. З гэтага часу ён пранёс у сабе вернасць тым ідэалам, за якія змагаўся «Зубр».

Акцыя «Зуброў», прысвечаная першай гадавіне прэзідэнцкіх выбараў 2001 года. Барысаў, 9 верасня 2002 года. Photo.bymedia.net з архіва «Нашай Нівы».

«Ужо дастаткова даўно ў аўтамабільным бізнэсе. Магу назваць сябе ў ім прафесіяналам. Жанаты, гадую дзвюх дачок», — расказвае Павел. Не так даўно ён абвесціў аб сваім жаданні ісці кандыдатам на парламенцкія выбары.

Уладзімір Кобец: Беларускі дом у Варшаве

Кобец прыйшоў у «Зубр» з дзяржаўнай службы. Ён працаваў у Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Па адукацыі ён географ-эколаг. У 2010-м узначальваў выбарчы штаб Андрэя Саннікава. Кобец быў арыштаваны, як і шмат хто з каманды Саннікава. Выйшаў на волю ў студзені 2011 года. У верасні таго ж года ён з’ехаў у Польшчу, з-за мяжы заявіў пра вярбоўку ў час зняволення.

Цяпер жыве ў Варшаве, з’яўляецца адным са сустаршынь тамтэйшага Беларускага дома.

«Зубр» быў першай спробай стварэння руху новай генерацыі. Гэта была вялізная сетка, якая ахапіла амаль усе рэгіёны краіны. У той час быць «зубрам» было модна. Потым наш досвед перанялі ва Украіне, Грузіі, Кыргызстане», — сказал «Нашай Ніве» Кобец.

Акцыя руху «Зубр» насупраць посольства ЗША ў Мінску ў падтрымку амерыканскай інтэрвенцыі ў Іраку, 3 красавіка 2003 года. Справа — Уладзімір Кобец, злева — Леанід Навіцкі. Былы баксёр і асабісты ахоўнік Саннікава, цяпер жыве ў Францыі. Усіх пятнаццаць чалавек, якія ўзялі ўдзел у акцыі, пасля яе сканчэння ў розных месцах горада затрымала міліцыя. Photo.bymedia.net з архіва «Нашай Нівы».

«На сёння хоць я і знаходжуся па-за межамі Беларусі, але працую для яе. Мы шмат робім супольна з недзяржаўнымі кніжнымі выдаўцамі, лабіруем іх удзел у кніжных выставах, працуем з недзяржаўнымі арганізацыямі, СМІ», — расказаў спадар Уладзімір.

Таццяна Елавая: з’ехала ў Каліфорнію

Елавая прыйшла ў «Зубр» яшчэ школьніцай. Міліцыя затрымала яе проста ў школе падчас здачы апошняга выпускнога экзамена за акцыю «Далоў тырана». Потым Елавая заснавала рух супраціву «Бунт», які адзначыўся дзёрзкімі акцыямі па ўздыме нацыянальных сцягоў.

У 2006-м на Елавую завялі крымінальную справу па артыкуле «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». У выніку Таццяна выехала ў Вільню, дзе вучылася ў ЕГУ. Вяла папулярны блог пад нікам Zmagarka.

Пасля пераехала разам з мужам-праграмістам у Каліфорнію, амаль не прысутнічае ў сацыяльных сетках і публічнай прасторы.

Маладафронтаўцы і зуброўцы перыядычна практыкавалі вывешванне нацыянальных сцягоў. На фота: на праспекце Скарыны, 15 лістапада 2004 года. Photo.bymedia.net з архіва «Нашай Нівы».

За акіян перабралася і яшчэ адна актывістка «Зубра» Ірына Тоўсцік, у Беларусі яна займалася праваабарончай дзейнасцю. Цяпер яна жыве ў канадскім Таронта.

На перформанс «Зуброў» на плошчы Перамогі спыніліся паглядзець дзясяткі людзей. У адным з мяхоў Аляксандр Апраніч, пасля 2010 года ён адышоў ад актыўнай дзейнасці, працуе праграмістам. Раней ён ахоўваў офіс «Хартыі-97». Фота з архіва «Нашай Нівы».

Алег Мяцеліца: трымае аграсядзібу

Фота mspring.online.

Па адукацыі — настаўнік геаграфіі. Удзельнік шматлікіх палітычных кампаній, у 2001 годзе падчас выбараў адседзеў амаль тры месяцы па адміністрацыйных артыкулах.

У 2011 годзе Мяцеліца на нейкі час з’ехаў у Літву, але вярнуўся ў Беларусь у 2014 годзе, калі зразумеў, што яму не пагражае крымінальны пераслед. Цяпер жыве ў Бялынічах.

Сёння Алег трымае сваю аграсядзібу Старкі ў Бялыніцкім раёне. Ён захапляецца індзейцамі Амерыкі, таму дадаў у ёй такога каларыту. Таксама Алег працуе ў страхавой кампаніі.

«Я ніколі не шкадаваў, што быў у «Зубры». Ганаруся, што прайшоў праз гэтую арганізацыю», — расказвае Алег.

Андрэй Палуда: Міліцыянер, які падтрымліваў «Зубр»

Калі ў 2001 годзе паўставаў «Зубр», то Андрэй Палуда працаваў у міліцыі, у аддзяленні па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю ў Магілёве. Ужо ў гэты час ён падтрымліваў «Зубр».

«З міліцыі сышоў пасля таго, як Андрэй Клімаў надрукаваў кнігу, дзе мяне ён называў будучым начальнікам абласнога МУС», — пасля гэтага Палуда каардынаваў дзейнасць «Зубра» па Магілёўскай вобласці і частцы Гомельскай.

«У мяне юрыдычная адукацыя, таму я шмат аказваў дапамогі паплечнікам у судах. Гэта і вызначыла мой занятак на будучыню. Я хацеў займацца праваабарончай працай. Спачатку прыйшоў у Беларускі Хельсінскі камітэт, а ад 2007 года я ў «Вясне». Адказваю за адукацыйны кірунак, а таксама каардыную кампанію супраць смяротнага пакарання. Жыву ў Мінску», — расказаў «Нашай Ніве» Палуда.

Андрэй Ягораў: Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі

Фота talaka.by.

У «Зубры» спадар Ягораў заснаваў праваабарончую службу, дзе вялі маніторынг судоў, затрыманняў, збіцця. «Цікава было, што партнёры на Захадзе ўспрымалі нас як самастойную праваабарончую арганізацыю», — смяецца Ягораў.

На сёння Андрэй Ягораў — гэта магістр палітычных навук. Ён з’яўляецца старшым аналітыкам у Цэнтры еўрапейскай трансфармацыі. «Займаюся палітычнай аналітыкай, жыву ў Мінску», — расказвае Ягораў.

Яраслаў Сцешык: вядучы «Белсата»

Фота з facebook.com.

Сцешык у «Зубры» быў ад першага года стварэння. Ён браў актыўны ўдзел у курапацкай вахце 2001 года, калі праз урочышча клалі кальцавую дарогу.

У Сцешыка ў «Зубры» была мянушка Чэ Гевара.

«Зубровец» Аляксандр Моніч паляць сімволіку Беларускага патрыятычнага саюза моладзі на цэнтральнай плошчы Барысава, 10 сакавіка 2004 года. Photo.bymedia.net з архіва «Нашай Нівы».

Яраслаў быў адметным блогерам, працаваў у некаторых СМІ, у тым ліку «Нашай Ніве». Цяпер Сцешык з’яўляецца вядучым «Белсата», жыве ў Варшаве.

Аляксей Шыдлоўскі: працуе ў пражскім гатэлі

Сын Аляксей займаецца хакеем у школе пражскай «Славіі». Фота з facebook.com.

Адзін з першых палітвязняў. У 1997 годзе Шыдлоўскага і Вадзіма Лабковіча, тады яшчэ актывістаў «Маладога фронту» абвінавацілі ў нанясенні графіці «Жыве Беларусь» і «Пазняк — наш прэзідэнт» на будынак Стаўбцоўскага райвыканкама. Быў прысуджаны да васямнаццаці месяцаў зняволення. Пакаранне адбываў у Жодзіна і на Валадарцы. Ад 2001 года — адзін з лідараў «Зубра». Супрацоўнічаў з многімі недзяржаўнымі СМІ.

У канцы 2007 года Шыдлоўскі з’ехаў з Беларусі. Прычынай стала завядзенне на яго крымінальнай справы нібыта за бойку ў краме. Шыдлоўскі сцвярджаў, што бойка была справакаванай праз партрэт Лукашэнкі. Жыве ў Чэхіі, дзе атрымаў палітычны прытулак.

«Працую начным адміністратарам у гатэлі. Гадуем з жонкай малога хакеіста», — смяецца Аляксей.

Цімох Дранчук: захапіўся бегам

Сын вядомага эколага Валерыя Дранчука. Вучыўся на журфаку БДУ, але быў адлічаны адтуль за палітыку. У «Зубры» ад моманту заснавання. Потым быў у камандзе Андрэя Клімава, супрацоўнічаў з ініцыятывай «Партнёрства». Трапіў на лаву падсудным па сумнавядомым артыкуле 193 «Удзел у незарэгістраванай арганізацыі» і быў асуджаны да года зняволення. Пасля нейкі час абараняў правы зняволеных.

Вялікі джынсавы фэст 16 верасня 2006 года на плошчы Бангалор. Моладзь трымае знічы і партрэты палітвязняў, у тым ліку справа — Цімоха Дранчука. Photo.bymedia.net з архіва «Нашай Нівы».

«Працую у турыстычнай сферы. А вольны час апошнія гады заняты разнастайным спортам — займаюся сам, матывую на гэта сяброў, кансультую, як магу, пачаткоўцаў. Прабег два марафоны, захапіўся трыятлонам, мару праз год выканаць дыстанцыю 1/2 айранмэн. Зубры павінны быць здаровымі і моцнымі», — кажа Цімох.

Ён працягвае жыць у Мінску.

Ганна Ягорава: АГП і СМІ

Фота АГП.

Яшчэ адна актывістка «Зубра», якая была ў арганізацыі ад першага года існавання. «Я працую ў грамадскім сектары. На сёння я з’яўляюся міжнародным сакратаром АГП, а таксама выканаўчым дырэктарам Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальнай прэсы. З аднаго боку, я застаюся ў палітычнай сферы, з іншага — мая прафесійная дзейнасць завязаная на рэгіянальных медыя», — расказала «Нашай Ніве» Ганна.

Чытай таксама: Маладафронтаўцы 2000-х: дзе яны цяпер

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?