Рашэнне аб выдзяленні Беларусі крэдыту на $600 мільёнаў пакуль што не прынята і залежыць ад прасоўвання Расіі і Беларусі ў пытанні далейшай інтэграцыі. Пра гэта паведаміў журналістам першы віцэ-прэм'ер, міністр фінансаў Расіі Антон Сілуанаў, паведамляе ТАСС.
«Не вырашана пакуль што [пытанне з выдзяленнем крэдыту Беларусі]. Па Беларусі дарожную карту адпрацоўваем цяпер. У нас жа задача ў рамках зацверджанай прэм'ерам дарожнай карты па сваіх раздзелах адпрацоўваць больш дэталёвыя планы», — сказаў Сілуанаў.
Ён дадаў, што рашэнне па пытанні з крэдытам залежыць ад таго, як «мы будзем рухацца на трэку інтэграцыйным».
Раней Сілуанаў казаў, што Расія выдзеліць Беларусі крэдыт памерам да $600 млн, сродкі пойдуць на рэфінансаванне плацяжоў у пагашэнне асноўнага доўгу па раней выдзеленых Расіяй пазыках.