Адзін з лідэраў міжнароднай маладзёжнай арганізацыі «Малады фронт» Іван Шыла атрымаў дазвол Міністэрства адукацыі на здачу экзамену па ангельскай мове.

Як паведаміла БелаПАН прэс‑сакратар «Маладога фронту» Таццяна Шапуцька, І.Шыла павінен здаваць экзамен у Лепелі 9 чэрвеня, аднак няма ўпэўненасці, што ён зможа гэта зрабіць.

«Іван накіраваў афіцыйны запыт у Міністэрства адукацыі з просьбай прызначыць яму дату экзамену. Ён атрымаў адказ, што дата экзамену яму прызначана. Аднак Іван цяпер служыць у арміі, і ён звярнуўся ў Міністэрства абароны з просьбай прадаставіць яму адпачынак на час здачы экзамену. Адказу пакуль няма, таму здача экзамену пад пытаннем», — сказала Т.Шапуцька.

І.Шыла 20 красавіка звярнуўся да міністра адукацыі Польшчы Катажыны Халь у сувязі з немагчымасцю здаць экзамен на радзіме. У сваім лісце ён паведаміў, што быў выключаны са школы напярэдадні апошняга экзамену «па палітычных матывах».

«Я звярнуўся ў суд, але не змог дабіцца там справядлівасці з‑за залежнасці беларускіх суддзяў ад выканаўчай улады. У лютым 2009 года мяне з парушэннем усіх юрыдычных працэдур і норм насільным і незаконным чынам забралі ў армію», — паведамлялася ў лісце І.Шылы.

Ён зазначыў, што знаходзіцца ў арміі, але мае законнае права здаць апошні школьны экзамен, аб чым «было паведамлена прадстаўнікам уладаў падчас прызыву». «Калі ж дайшло да справы, то беларускія Міністэрства абароны і Міністэрства адукацыі пачалі ўхіляцца ад прадастаўлення мне гэтай магчымасці», — паведаміў маладзёжны актывіст.

22 красавіка стала вядома, што К.Халь запрасіла І.Шыла здаць экзамен па англійскай мове ў Польшчы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?