Аксану затрымалі 9 лістапада за налепку з Пагоняй на багажніку яе аўтамабіля, які яна звычайна паркуе каля Савецкага РУУСа. У той дзень ёй патэлефанавалі супрацоўнікі ДАІ і прапанавалі падысці да сваёй машыны. Як стала вядома ў судзе, затрыманне адбылося па скарзе «неабыякавага грамадзяніна», які паведаміў пра налепку ў «інфармацыйны чат-бот 102».
На судзе жанчына пагадзілася, што на машыне была налепка з гербам, але яна не бачыць у гэтым правапарушэння. Па яе словах, Пагоню яна наляпіла яшчэ ў 2018 годзе да стагоддзя БНР. Яна растлумачыла, што вельмі любіць Беларусь і цікавіцца яе гісторыяй:
«Ніякія грамадска-палітычныя погляды налепкай я не выказвала, толькі любоў да Радзімы».
У выніку, суддзя Шаціла пакараў яе па арт. 24.23 КаАП 10-сутачным арыштам.