На лаве падсудных адразу чатыры палітвязні, якіх трымаюць пад вартай ужо больш за год.

32-гадовага заснавальніка і члена Рады грамадскага руху «Дзея» Кіма Самусенку затрымалі 3 лістапада мінулага года па падазрэнні ва ўзломе камп'ютарнай сістэмы Мінгарвыканкама (ч. 2 арт. 349 КК) і дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, у Мінску з 9 жніўня (ч. 1 арт. 342 КК). Пасля жорсткага ператрусу, які суправаджаўся стрэламі ў доме і прымяненнем фізічнай сілы, сілавікі забралі ўсю тэхніку Кіма і яго жонкі, зарэгістраваную паляўнічую зброю, грошы, БЧБ-сцяг, сцяг Украіны, украінскі пашпарт жонкі і іншае. 

Праз два дні быў затрыманы і брат Кіма — 33-гадовы Аляксей Самусенка. Ён эканаміст, працаваў у сетцы фірмаў, якія займаюцца вырабамі з пластыку.

Таксама па гэтай справе былі затрыманыя 35-гадовыя Павел Дрозд і Іван Андрушойць. Іван больш чым праз чатыры месяцы зняволення ажаніўся ў СІЗА са сваёй дзяўчынай Соф'яй. 

У чым іх абвінавачваюць?

Паводле звестак следства, «у начны час у кастрычніку і лістападзе мінулага года 35-гадовы мужчына, знаходзячыся на тэхнічным паверсе будынка на вуліцы Прытыцкага ў Мінску, з дапамогай камп'ютарнай тэхнікі шляхам парушэння сістэмы абароны і выкарыстання шкоднага праграмнага забеспячэння ажыццявіў несанкцыянаваны доступ да інфармацыі, якая захоўваецца ў камп'ютарнай сетцы Мінскага гарадскога выканкама. У выніку названых дзеянняў фігурант завалодаў запісамі камер відэаназірання, устаноўленых у сталіцы, з мэтай наступнай публікацыі на розных інтэрнэт-рэсурсах, у тым ліку ў дэструктыўных і экстрэмісцкіх Telegram-каналах.

Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, абвінавачаныя з дапамогай шкоднага ПЗ атрымалі доступ да камп'ютарных сістэм КУП «ЦІТ Мінгарвыканкама» і ГУУС Мінгарвыканкама, што пацягнула за сабой парушэнне нармальнай працы прадпрыемстваў і дзяржорганаў, а таксама гэтыя асобы скапіявалі і выдалілі файлы розных фарматаў і ўнеслі ў іх загадзя ілжывую інфармацыю.

У ходзе расследавання крымінальнай справы дакладна ўстаноўлена, што ўсе мужчыны сістэматычна прымалі ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, якія адбываліся ў Мінску са жніўня па лістапад 2020 года, спалучаных з блакаваннем дарог і непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады. Следствам зафіксавана 10 фактаў іх удзелу».

Падчас правядзення ператрусаў канфіскаваныя рэчавыя доказы, у тым ліку зарэгістраваная агнястрэльная зброя «Тыгр», «Сайга-МК», «ІЖ-54», патроны, бронекамізэлька, каскі, мячы, радыёстанцыі з гарнітурай для схаванага нашэння, улёткі з заклікамі да страйку і піратэхніка.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?