Пётр Рудкоўскі. Фота racyja.com

«Аўтарытарная сістэма ў нас аформілася напрыканцы 1996 года»

«Наша Ніва»: Якія формы палітычнага рэжыму зведала Беларусь за час сваёй незалежнасці? Якія прызнакі дазваляюць пра гэта казаць?

Пётр Рудкоўскі: Я аперую трохэлементным падзелам: на дэмакратычныя, гібрыдныя і аўтарытарныя рэжымы. У першай палове 90-х у Беларусі быў гібрыдны рэжым: існавала палітычная канкурэнцыя, поле гульні было няроўным.

Наменклатура, стрыжнем якой быў Савет міністраў, знаходзілася ў больш выйгрышным становішчы, чым канкурэнты. Але паказчык дэмакратыі быў цалкам прыстойны. Паводле некаторых індэксаў, узровень дэмакратыі быў вышэйшы, чым, напрыклад, у Харватыі.

Пасля прыходу да ўлады Лукашэнкі яшчэ паўтара года рэжым заставаўся гібрыдным. Можна растлумачыць, у чым ён палягаў, на прыкладзе шахмат. Уявім сабе, што на старце ў аднаго шахматыста ёсць усе фігуры, а ў другога — толькі палова. Умовы няроўныя, але правілы гульні збольшага працуюць. Пры вялікім таленце або добрым збегу абставінаў у апанентаў ёсць шанец выйграць.

Калі зноў пераносіць на палітыку: у кіруючай групы ёсць шэраг стартавых пераваг — фінансавых, медыйных, адміністрацыйных. Але базавыя дэмакратычныя правілы ў асноўным таксама дзейнічаюць. У прыватнасці, падчас выбараў няма масавых фальсіфікацый. Махінацыі, калі і маюць месца, то яны тонкія і не дужа маштабныя (напрыклад, подкуп выбаршчыкаў, выбарчыя каруселі).

Лукашэнка ў 1994 годзе выйграў выбары ва ўмовах несумленнай канкурэнцыі: тады адміністрацыйны рэсурс працаваў на карысць групы Кебіча. Але, нягледзячы на няроўныя стартавыя ўмовы, Лукашэнка здолеў перамагчы.

Сапраўдны дзяржаўнік і патрыёт на яго месцы паспрабаваў бы выкарыстаць гэты выйгрыш для ўмацавання дэмакратычных інстытутаў. Лукашэнка ж пайшоў у адваротным напрамку: ліквідаваў іх.

Напрыканцы 1996 года ў нас аформілася аўтарытарная сістэма. У залежнасці ад перыяду, рэжым быў або больш жорсткі, або больш мяккі. Два перыяды адноснай лібералізацыі ў межах аўтарытарызму — гэта 2008-2010 і 2014-2019 гады.

Фота Сяргея Гудзіліна.

«Тэрор (запалохванне) — сталы элемент практычна любой аўтакратыі»

«НН»: Якая адметнасць у беларускай аўтакратыі?

ПР: Надзвычай высокая ступень персаналізацыі — канцэнтрацыя ўлады ў руках аднаго чалавека. Паводле даных інстытута V-Dem (Varieties of Democracy), індэкс персаналізацыі дзяржаўнай улады ў Беларусі нават вышэйшы, чым у Саудаўскай Аравіі з яе абсалютнай манархіяй. Колішняя характарыстыка Зянона Пазняка тут цалкам да месца: «Яшчэ не Бог, але ўжо і не папа».

Яшчэ адна адметнасць — адсутнасць партыі ўлады: то-бок, моцнай і ўплывовай партыі, якая падтрымлівае прэзідэнта і грае ключавую ролю ў дзяржаўных структурах: перадусім парламенце, мясцовых органах улады.

Абсалютная большасць сучасных аўтакратый функцыянуюць пры дапамозе партыі ўлады. Такія ёсць у Расіі («Адзіная Расія»), у Казахстане («Нур Атан»), Азербайджане («Новы Азербайджан»). У Венесуэле, Паўночнай Карэі, Кітаі, Таджыкістане, Туркменістане, Узбекістане, на Кубе таксама ёсць партыі ўлады (што праўда, іх роля і палітычная значнасць вар'іруюцца).

У Беларусі такой партыі няма, але ў верасні Давыдзька заявіў, што ёсць рашучасць стварыць такую ў агляднай будучыні. Сам Лукашэнка, па ўсёй бачнасці, не асабліва жадае з’яўлення такой партыі.

«НН»: Некаторыя эксперты называюць тое, што адбываецца ў Беларусі, тэрорам…

ПР: Тэрор, то бок запалохванне — гэта сталы элемент практычна любой аўтакратыі. Пытанне тут у маштабе. У М'янме цягам апошніх дзесяці месяцаў з часу ваеннага перавароту было забіта больш за тысячу пратэстоўцаў.

У Сінгапуры за перыяд з 1950-га па 2015-ы пры найбольш скрупулёзных падліках налічваецца 1315 палітычных затрыманняў, а памерлі ў кантэксце палітычнага пераследу за ўвесь гэты перыяд тры асобы.

У першым выпадку мы маем справу з сістэматычным і брутальным запалохваннем грамадства, у другім — з кропкавым прэсінгам. Па мерках аўтакратый — даволі мяккім.

Беларускаму рэжыму, на жаль, бліжэй да М'янмы, але ён не перайшоў у стадыю масавых забойстваў грамадзян. Таму я б казаў, што мы назіраем аўтакратыю з элементамі тэрору.

«Людзі даверылі ўладу пэўнаму чалавеку, а ён растаптаў гэты давер»

«НН»: Што дазволіла аформіцца рэпрэсіўнай сістэме ў Беларусі?

ПР: Калі глядзець з перспектывы канкрэтных асобаў, якія паўплывалі на гістарычна-палітычны працэс, безумоўна, Лукашэнка і яго беларускія ды расійскія хаўруснікі нясуць вялікую адказнасць за ўсталяванне сістэмы фальшу і рэпрэсій.

Не памяншаючы ролі персанальнай адказнасці, звярну ўсё ж увагу на тое, што ўсталяванне дэмакратычнага ладу — гэта амаль заўсёды доўгі працэс, які расцягваецца на дзесяцігоддзі.

У Аргентыне першыя спробы ажыццявіць дэмакратычныя прынцыпы былі распачатыя ўжо ў 1857 годзе. Але мінула больш за сто год, пакуль усталявалася стабільная дэмакратыя, якая вядзе адлік ад 1984 года. У Тунісе дэмакратычныя перамены адбыліся вельмі хутка, усяго цягам дзесяці месяцаў, але сёлета мы назіраем трэнд на аўтакратызацыю.

Што ж, 95% гісторыі чалавецтва пазначана існаваннем ва ўмовах розных форм аўтакратыі. У чалавецтва ў цэлым яшчэ зусім мала досведу жыцця ў дэмакратыі.

«НН»: Пра Беларусь часта кажуць: у народа быў і ёсць попыт на «моцную руку». То бок, беларусы самі вінаватыя шмат у чым?

ПР: Попыт на «моцную руку» — адно, а стаўленне да катаванняў і забойстваў — зусім іншае. Так, у Беларусі доўгі час быў попыт на «моцную руку». Што праўда, у розныя часы былі розныя матывы для гэтага. У 90-х большасць хацела стабільнасці і парадку, аднаўлення хаця б савецкіх стандартаў жыцця. У нулявых — эканамічны рост у многіх асацыяваўся менавіта з эфектам «моцнай рукі».

Беларусы хацелі не шмат — проста эфектыўнай улады. У сітуацыі палітычнай безальтэрнатыўнасці менавіта «моцная рука» Лукашэнкі ўспрымалася многімі як больш-менш эфектыўная. Але дастаткова было паўтарамесячнай прысутнасці на палітычнай сцэне Віктара Бабарыкі, як Лукашэнка раптам стаў героем мемаў пра 3%.

Ясна, што ў рэальнасці яго падтрымка была (і застаецца) не самай маленькай: у раёне 15-30%, але ў сітуацыі з'яўлення веры ў альтэрнатыву ўся харызма «моцнай рукі» губляе ўсякую моц.

Слабы, мяккі кіраўнік не ёсць ідэалам дзяржаўнага дзеяча. І гэта нармальна, што людзі ў многіх грамадствах аддаюць перавагу «моцным». Маргарэт Тэтчэр — моцная, часам нават жорсткая лідарка. Лі Куан Ю (прэм'ер Сінгапура ў 70-80-я) — таксама. Іншая справа, што арыентацыя на «моцных» мае свае рызыкі.

Я гэта да таго, што так, у з'яўленні рэжыму Лукашэнкі попыт беларусаў на «моцную руку» адыграў вялікую ролю, але гэта не значыць, што попыт на моцную ўладу ёсць аўтаматычна нечым ганебным. Людзі даверылі ўладу пэўнаму чалавеку, а ён растаптаў гэты давер. Вось у гэтым праблема.

«НН»: Ці паўплывала нейкім чынам на афармленне сённяшняга беларускага рэжыму тое, што мы — спадчыннікі СССР?

ПР: Вельмі слабая нацыянальная ідэнтычнасць, адсутнасць досведу жыцця ва ўмовах рынкавай эканомікі і ментальная прывязка да Расіі — гэта абумовіла эфект каляіны, устаноўку на інтэграцыю з Расіяй і неразуменне сэнсу нацыянальнага адраджэння.

«НН»: На тэрыторыі Беларусі хоць калі-небудзь спрабавалі дэмакратыю на смак?

ПР: Дэмакратыя ў сучасным разуменні прадугледжвае як мінімум дзве рэчы: магчымасць усіх дарослых грамадзян прымаць удзел у выбары найвышэйшага кіраўніцтва краіны, наяўнасць грамадзянскіх правоў і свабод.

Дэмакратыі ў такім разуменні на тэрыторыі Беларусі ніколі не было. Але былі некаторыя прататыпы: шляхецкая дэмакратыя Рэчы Паспалітай, дэмакратычны праект БНР, культурны плюралізм БССР у першай палове 20-х гадоў ХХ стагоддзя.

«НН»: Без чаго не змог бы існаваць такі палітычны лад? Што дапамагае яму трымацца?

ПР: Цягам першых 10-15 гадоў рэжым меў добрую базу: шырокая грамадская падтрымка, сацыяльны кантракт (бяспека і эканамічны рост за апалітычнасць), а таксама Крэмль, які страхаваў рэжым у крытычныя моманты. У 2014-2019 гады першыя дзве апоры сталі праблематычнымі, але з'явіліся дзве іншыя: дыпламатычныя поспехі ў кантэксце расійска-украінскага канфлікту і эканамічная лібералізацыя.

У 2020 годзе ўсе названыя фактары стабільнасці рэжыму рухнулі, за выключэннем толькі аднаго, падстрахоўкі Крамля. Яна ў сваю чаргу ўплывае на пазіцыю чыноўнікаў і сілавікоў. Без падстрахоўкі Крамля рэжыму было б вельмі складана выстаяць у 2020 годзе. Не магу выключыць, што нейкім цудам ён выстаяў бы, але шанцы былі б мізэрнымі.

«У 24% выпадкаў асноўным фактарам падзення аўтакратый былі празмерна жорсткія рэпрэсіі, а ў 17% — міжнародны авантурызм»

«НН»: Як яшчэ падзеі 2020-га паўплывалі на трансфармацыю палітычнага строю ў нашай краіне? Ці без іх мы б дайшлі да сённяшняга размаху рэпрэсій так хутка?

ПР: Аўтарытарызм трымаецца на трох слупах: легітымнасць (папулярнасць у народзе або эканамічныя поспехі), рэпрэсіі і лаяльнасць эліт (перадусім эканамістаў, тэхнакратаў і сілавікоў). У 2020 годзе першы слуп амаль цалкам рухнуў, а трэці моцна пакрышыўся. Я маю на ўвазе сыход многіх прафесіяналаў з дзяржаўных структур. У такой сітуацыі заканамерным ёсць узмацненне другога слупа — рэпрэсіўнай сістэмы.

Ёсць нешматлікія выпадкі ў гісторыі: сталінізм, рэжым Мао, калі цягам доўгага часу рэжыму ўдавалася пратрымацца ў асноўным за кошт другога слупа — рэпрэсій. Але гэта хутчэй выключэнне, чым правіла.

Каб перазапусціцца, рэжыму трэба аднавіць легітымнасць (хаця б за кошт эканамічнага росту) і прыпыніць адток прафесіяналаў. Перспектывы тут вельмі цьмяныя. Магчыма, што рэжым ужо стаў закладнікам рэпрэсій: сітуацыя, калі іх паслабленне азначае высокую рызыку народнага бунту, а іх працяг — разбурэнне рэштак легітымнасці і далейшы адток прафесіяналаў.

«НН»: Якую новую форму можа прыняць сённяшні палітычны лад у Беларусі?

ПР: На гэты момант, мяркуючы па ўсім, у Лукашэнкі дзве перспектывы выжывання: далейшая прэзідэнтура або кіраванне пры дапамозе Усебеларускага народнага сходу. Першы сцэнарый — асноўны, другі — запасны. Ці ажыццявіцца адзін з іх і ці будзе паспяховым, складана сказаць. Абодва сцэнарыі не могуць быць паспяхова рэалізаванымі без аднаўлення легітымнасці і прыцягнення ў сістэму прафесіяналаў. А гэта вельмі праблемныя пытанні.

Даследаванне аднаго з вядучых палітолагаў Дэніэля Трызмана паказвае, што ў 24% асноўным фактарам падзення аўтакратый былі празмерна жорсткія рэпрэсіі, а ў 17% — міжнародны авантурызм. У нашым выпадку гэтыя два фактары ўжо прысутнічаюць.

Рэпрэсіі, як для еўрапейскай краіны XXI стагоддзя, проста беспрэцэдэнтныя па сваёй жорсткасці. Цяпер на гэта накладаецца авантурызм з мігрантамі. Існуе імавернасць сур'ёзнага канфлікту з Украінай. Па гэтых двух фактарах — празмерныя рэпрэсіі і міжнародны авантурызм — рэжым трапляе ў групу рызыкі.

Але няма такіх фактараў, якія на 100% прадвызначаюць падзенне рэжымаў. Шмат залежыць ад збегу абставінаў — так званых чорных лебедзяў, фактараў, якія немагчыма прадказаць ані ў плане таго, якога яны тыпу, ані ў плане імавернасці іх з'яўлення.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?