«Лол»

«Лол»

«Лол». Камедыя/Драма. 103 хв. Францыя, 2008. рэж. Ліза Азуэлас

Сафі Марсо дасталася цяжкая, але ганаровая роля. Ужо амаль 30 гадоў яна працуе на ўсефранцузскай лініі псіхалагічнай падтрымкі, здымаецца ў патрэбных для падлетках ды іх бацькоў фільмах.
Што паробіш, з году ў год адно і тое ж: у пошуках сябе маладыя французы пачынаюць нюхаць пральны парашок і курыць папрыку і цынамон, любячыся з кім і дзе папала. Тым жа часам іх саракагадовыя бацькі самі пачынаюць дурэць: разыходазходзяцца, сварамірацца, займаючыся чым заўгодна, але толькі не пільнаваннем нашчадкаў. Дэпрэсіі, імпульсіі, стрэсы ды заўчасныя зморшчыны.

І менавіта тут на варту здароўя нацыі заступае мадам Сафі Марсо...

Крыху тэорыі: паводле выбітнага амерыканскага псіхолага Эрыка Эрыксана развіццё чалавека працягваецца ўсё жыццё, прычым кожная з стадыяў развіцця вылучаецца адмысловым для яе канфліктам, спрыяльнае развязанне якога прыводзіць да пераходу на новы этап. Этапу падлеткавання ўласцівы пошукамі самога сябе, неразумення свайго «Я», а саракагадоваму ўласцівы канфлікт застою. Вялікі ўнёсак у правільнае развязанне ўнутранага канфікту, кажа амерыканец, могуць зрабіць псіхолагі, а таксама тэрапеўтычна вывераныя кнігі і, вядома, кінастужкі.

Сафі Марсо пачала сваю псіхакінематаграфічную дзейнасць у далёкім 1980, калі ў 14 гадоў знялася ў шалёна папулярнай падлеткавай камедыі «Бум» у ролі школьніцы Вік.
«Бум» —тыповая французская камедыя, лёгкая і рамантычная. У адзіным, пухкім стыле паказаны і падлеткавыя праблемы першага кахання ў падлеткаў і лёс шлюбу іх бацькоў, які распадаецца. Тады Сафі Марсо, паказаўшы прыклад усім французам, з гонарам выйшла з праблемаў свайго веку, пасталеўшы і памудрэўшы. Потым былі «Бум-2» (1982) і «Студэнтка» (1988), адпаведна пра любоўныя і жыццёвыя нягоды старшакласніцтва і студэнцтва.

«Лол» — такі сабе рэмікс «Буму»: час мінуўся і вось Сафі ўжо сама маці тынэйджэркі. Гэта гісторыя пра першыя крокі ў дарослым жыцці, у час, калі матка захрасла паміж былым мужам і новым каханкам. Але зноў на радасць і на навуку гледачу гераіням фільму ўдаецца даць рады персанальным складанасцям. А яшчэ «Лол» — дакладны і маляўнічы паказ сваёй эпохі. За колькі месяцаў да канца 2000-х праўдападобны паказ напічканага мабільнымі тэхналогіямі побыту заходнееўрапейцаў. І абавязковае падарожжа ў Ангельшчыну, ідэальнае месца для таго, каб француз нарэшце адчуваў сябе французам.


«Бум»

Атрымалася стужка вучэбна-прыкладнога характару. Акрамя псіхатэрапеўтычных падказак, з яе можна пачарпнуць, як скруціць касяк, дзе лепей першы раз бавіцца сэксам і якім чынам граматна схаваць сляды ўчарачняй вечарынкі ад бацькоў. Соракагадовым жанчынам навука: ваш новы каханак лепей за нуднага экс-мужа, а ваша гуллівая дачка — копія той яшчэ бабулі. Увогуле, усё ў вас атрымаецца. Сафі Марсо таму зарука.

Каму глядзець стужку — падлеткам, якія адчулі, што атрымалі права курыць у прысутнасці таты і мамы, а таксама мамам і татам тых падлеткаў, якія думаюць, што атрымалі права курыць у бацькоўскай прысутнасці.

Каму не глядзець — усім астатнім.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?