Адначасова адмяняюцца аграрны збор, збор з карыстальнікаў за паркоўку і некаторыя іншыя падаткі.

Стаўка падатку на дададзеную вартасць у Беларусі 1 студзеня 2010 года павялічваецца з 18% да 20%. Гэта прадугледжана Асаблівай часткай Падатковага кодэкса, якая таксама набыла моц з пачатку года.

Як лічаць у кіраўніцтве Міністэрства фінансаў, павышэнне стаўкі ПДВ з 18% да 20% не выкліча росту цэн. Да такога меркавання прыйшлі не толькі ў Мінфіне, але і ў Мінэканомікі.

У Мінфіне адзначаюць, што нароўні з павелічэннем стаўкі ПДВ з 2010 года адмяняюцца чатыры падатковыя плацяжы: збор у рэспубліканскі фонд падтрымкі вытворцаў сельгаспрадукцыі, харчавання і аграрнай навукі, а таксама падатак на набыццё аўтатранспартных сродкаў, мясцовы падатак з продажу тавараў рознічнага гандлю, мясцовы збор з карыстальнікаў за паркоўку. У выніку, паводле ацэнак Мінфіна, падатковая нагрузка змяншаецца на 0,45% да ВУП, а ў распараджэнні прадпрыемстваў застанецца дадаткова 780 млрд. рублёў.

Апрача гэтага прадугледжаны пэўныя змяненні ў частцы выплаты ПДВ. Напрыклад, прадпрыемствы з гадавым аб'ёмам выручкі не больш за 3,8 млрд. рублёў змогуць выбраць тэрміны выплаты ПДВ: штоквартальна ці штомесяц, як цяпер.

Паводле ацэнак Мінфіна, скарыстацца правам на штоквартальную выплату ПДВ змогуць больш за 60% агульнай колькасці плацельшчыкаў гэтага падатку.

Акрамя таго, прадугледжваецца скараціць з аднаго месяца да пяці дзён тэрмін вяртання ПДВ. Гэта дазволіць прадпрыемствам больш аператыўна задавальняць сваю патрэбнасць у фінансавых сродках. Спросціцца і парадак ажыццяўлення падатковых вылічэнняў па ПДВ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?