Назіральнікі кандыдата ў дэпутаты Франака Вячоркі, які балатуецца ў райсавет Мазыра, зафіксавалі масавыя парушэнні на ўчастку для галасавання па яго выбарчай акрузе.

Вячорка балатуецца кандыдатам у дэпутаты па 25-й Мазырскай станцыйнай выбарчай акрузе. Як паведаміў БелаПАН Франак Вячорка, у яго выбарчай акрузе толькі адзін участак — ён знаходзіцца ў Доме культуры «40 гадоў Кастрычніка». «Мае назіральнікі зафіксавалі, як намеснік старшыні ўчастковай камісіі ўкінула ў скрыню для галасавання адразу некалькі бюлетэняў. Калі да яе звярнуліся па тлумачэнні, яна сказала, што галасавала толькі за сябе», — заявіў Вячорка.

Акрамя таго, сцвярджае Вячорка, 23 красавіка, падчас датэрміновага галасавання, намеснік старшыні камісіі агітавала выбаршчыкаў галасаваць за яго саперніка на выбарах.

«Парушэнняў вельмі шмат, — заявіў малады палітык. — На выбарчым участку знялі плакат з інфармацыяй пра кандыдатаў у дэпутаты, які павінен быць на кожным выбарчым участку. Нам не паведамляюць ніякай інфармацыі: ні колькі прагаласавала дома, ні колькі насамрэч выбаршчыкаў прагаласавала датэрмінова. Называюць толькі лічбу 25%. Выбарчая камісія нават заахвочвала людзей галасаваць не толькі за сябе, але і за родных і блізкіх. Дайшло да таго, што нашым назіральнікам нават не паказалі ўзор выбарчага бюлетэня».

Па ўсіх фактах выяўленых парушэнняў у раённую, акруговую і Цэнтральную выбарчую камісіі рыхтуюцца скаргі, паведаміў Франак Вячорка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?