25 красавіка ў мінскім касцёле Святых Сымона і Алены адбылася яе прэзентацыя.

Як адзначыла складальніца і рэдактарка выдання, кандыдат філалагічных навук, дацэнтка Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага універсітэта Ала Сакалоўская, паэтычныя зборнікі Барадуліна, які «як пісаў, так і піша», не друкаваліся на працягу дзесяці гадоў. Яна лічыць сімвалічным тое, што менавіта Чырвоны касцёл спыніў гэтае забыццё і за апошнія пяць гадоў выдаў дзевяць кніг славутага паэта. У апошнюю, 452-старонкавае ілюстраванае літаратурна-мастацкае выданне, увайшлі новыя вершы Барадуліна, напісаныя на пачатку XXI стагоддзя. Зборнік надрукаваны напярэдадні 75-годдзя аўтара, якое адзначалася 24 лютага.

Паэт Генадзь Бураўкін зазначыў, што ўсе кнігі Барадуліна сталі з’явай у беларускай літаратуры, а таксама ў душы і лёсах многіх людзей. Паводле яго слоў, з кожнай кнігай Барадулін мяняўся і ўзвышаўся. «І калі першыя яго зборнікі перапоўнены зямнымі рэаліямі і пачуццямі, дык з цягам часу паэт становіцца духоўна багатым, духоўна строгім і духоўна адданым. Я хачу пакланіцца Богу за тое, што ён падарыў нам геній Барадуліна. Я хачу пакланіцца Барадуліну за тое, што ён свой Божы дар аддаў роднай Беларусі», — сказаў Бураўкін.

Літаратуразнаўца Пятро Васючэнка выказаў удзячнасць пробашчу Чырвонага касцёла, ксёндзу-магістру Уладзіславу Завальнюку і Але Сакалоўскай за выданне «дзевяцікніжжа» Барадуліна, канцэптуальным цэнтрам якога ўяўляецца кніга духоўнай паэзіі «Ксты», а Палярнай зоркай — «Халодная памяць вады».

Паэт Сяргей Законнікаў падкрэсліў, што паэтычная спадчына Барадуліна, якая ўвабрала ўсе лепшыя якасці айчыннага паэтычнага слова ад Францішка Скарыны да сённяшняга дня, апраўдвае прысутнасць беларускай нацыі на планеце Зямля.

Генеральны сакратар Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоній Дзям’янка адзначыў, што ў сваёй кнізе Барадулін ўздымае тэму хрысціянскай духоўнасці, адносін да чалавека і прыроды, а таксама да Бацькаўшчыны і яе гісторыка-культурнай спадчыны.

Барадулін выказаў удзячнасць выдаўцам яго кніг і арганізатарам прэзентацыі, а затым прачытаў свой верш «Касцёл».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?