У Дзень салідарнасці 16 кастрычніка акцыя з партрэтамі зніклых адбылася каля пікету па зборы подпісаў за Лукашэнку.

Суботнім вечарам у Мінску пустуючы пікет па зборы подпісаў за вылучэнне ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі пераўтварыўся ў людскі гармідар. Выпадковыя людзі на вуліцы, невядомыя людзі ў цывільным з камерамі, супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС змяшаліся вакол намёта прыхільнікаў Лукашэнкі.

Поруч з Галоўным універмагам з’явіліся стэнды з партрэтамі зніклых палітыкаў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, бізнесоўца Анатоля Красоўскага і журналіста Дзмітрыя Завадскага. Каля стэндаў з выявамі Лукашэнкі ды плакатамі «Злачынца мусіць быць пакараны!«стаялі актывісты «Маладога Фронту». Людзі зацікавіліся ды спыняліся для абмеркаванняў.

Праз пэўны час да Мікалая Дземідзенкі падышлі супрацоўнікі міліцыі, каб папярэдзіць аб несанкцыянаваным пікетаванні.

Праваахоўныя органы і юнакі дамовіліся абысціся без канфліктаў — моладзі дазволілі яшчэ некалькі хвілінаў пастаяць, з умоваю, што пасля яны самастойна спыняць пікетаванне і разыдуцца. Акцыя цягнулася, такім чынам, троху больш за 20 хвілінаў.

Перад адыходам Мікалай Дземідзенка паспрабаваў паставіць стэнд у жоўты намёт прыхільнікаў Лукашэнкі. Аднак супрацоўнікі міліцыі папрасілі хлопца не парушаць закон. Стэнды з партрэтамі зніклых маладафронтаўцам давялося забраць з сабою.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?