28 мая для трох вучаніц адзінага ў Баранавічах беларускамоўнага класа ў гарадской АСШ №14 прагучаў апошні школьны званок.

У адзіным беларускамоўным класе ў Барнавічах вучацца тры дзяўчынкі.

У адзіным беларускамоўным класе ў Барнавічах вучацца тры дзяўчынкі.

З настаўніцай Ірынай Міхальчук.

З настаўніцай Ірынай Міхальчук.

Яся Малашчанка.

Яся Малашчанка.

Вераніка Міхальчук.

Вераніка Міхальчук.

Аліса Філіпчык.

Аліса Філіпчык.

Яся Малашчанка, Вераніка Міхальчук і Аліса Філіпчык — адзіныя на сёння ў Баранавічах вучні, чые бацькі захацелі навучаць сваіх дзетак цалкам па-беларуску. Напрыканцы навучальнага года «IP» даведалася, чаму дзяўчынкі навучыліся ў першым класе і з якімі настроямі пайшлі на канікулы.

Разам, але такія розныя…

Хаця гэтыя тры дзяўчынкі амаль кожны дзень разам, кожнай з іх па сем гадоў, яны вельмі розныя. Яся — разумніца-весялуха, шчырая і адкрытая, яна заўсёды кажа ўсё, што думае. Вераніка — не менш кемлівая і здольная за сяброўку, але яшчэ большая гарэза, чым Яся. Аліса — сціплая і нешматслоўная, яна можа маўчаць нават тады, калі ўсё ведае. Усе яны, здаецца, дапаўняюць і ўраўнаважваюць адна адну.

«Нягледзячы на тое, што гэтыя тры дзяўчынкі такія непадобныя адна да адной, усе яны паспяхова засвоілі школьную праграму, — кажа іх настаўніца Ірына Міхальчук. —Вядома, камусьці даецца лепш адно, камусьці — іншае. У Ясі прасочваецца большая схільнасць да мовы, у яе вельмі багатыя моўныя навыкі, хаця разам з тым яна добра ладзіць і з матэматыкай. А вось пісьмо і Ясі, і Алісе даецца больш складана. У Веранікі пісаць атрымліваецца значна лепш…»

Поспехі і свавольства

За першы год у школе Яся, Аліса і Вераніка навучыліся складаць і адымаць у межах дваццаці, параўноўваць лікі, рашаць задачы. Яны нават рашаюць некаторыя задачы, з якімі вучні рускамоўных класаў пазнаёмяцца толькі ў наступным годзе. Дзяўчынкі навучыліся таксама і добра чытаць, яны прамаўляюць ужо па 55 — 80 словаў за хвіліну, што для першага класа – выдатны вынік. А цяпер разам з настаўніцай яны працуюць над інтанацыяй і гучнасцю свайго вымаўлення.

«Калі мае вучні не паспявалі добра засвоіць нейкія навыкі, я надзяляла гэтаму больш увагі і часу, — кажа настаўніца. — У вялікіх класах, на жаль, такая магчымасць ёсць не заўсёды».

З трыма вучнямі лягчэй наладзіць і дысцыпліну. Як кажа настаўніца, дзеці ёсць дзеці — усе аднолькава любяць сваволіць.

Галоўны вынік

Але, па словах настаўніцы, галоўны вынік першага года — тое, што дзяўчынкі пачалі болей размаўляць. І размаўляць па-беларуску.

«Яны часцей размаўляюць міжсобку па-беларуску і на перапынках, добразычліва папраўляюць адна адну. Відаць, што гэта ім самім цікава, яны імкнуцца даведацца больш словаў. Я па сваёй дачцы заўважыла, што яна часцей пачала размаўляць дома па-беларуску. Часам яшчэ і тату паправіць, калі ён у чымсьці памыліцца...», — кажа маці Веранікі Ірына Міхальчук.

Надзеі і чаканні

Тры беларускамоўныя вучні на ўвесь амаль 170-тысячны горад — з’ява, безумоўна, унікальная. Але Ірына Міхальчук пазбягае гэтай характарыстыкі: «Беларускамоўны клас у Беларусі не павінен быць унікальнай з’явай. Трэба, каб беларускія дзеткі навучаліся па-беларуску. Шкада, што сёння гэта не норма, а хутчэй выключэнне з правілаў».

Напярэдадні летніх канікул, і вучні, і іх настаўніца выказваюць адну невялічкую надзею: ім хочацца, каб у наступным годзе да іх далучыліся іншыя дзеткі.

«Праблемаў з камнунікацыямі ў нас няма: дзяўчынкі пасябравалі з дзецьмі з суседніх класаў, яны ходзяць адно да аднаго ў госці ды і заняткі па фізкультуры ў іх агульныя…, — кажа Ірына Міхальчук. — Але хаця б аднаго новага вучня ў наступным годзе мы хацелі б да сябе прыняць. Так нам было б прасцей працаваць у парах, ды і дзяўчынкам часам хочацца займацца па двое. Думаю, адзін хлопчык добра папоўніў бы іх кампанію…»

Ці падабаецца табе вучыцца і кім ты хочаш стаць?

Яся Малашчанка:

— Вучыцца ў школе мне спадабалася. Раней дома было, канечне, цікавей, я не стамлялася на ўроках... Хаця атрымліваць новыя веды — гэта цікава. Мне асабліва падабаюцца працоўнае навучанне і маляванне. І чытанне таксама.

Калі я вырасту, я буду працаваць у прытулку для жывёлаў. Раней я хацела быць ветэрынарам, але гэта мая мінулая мара. Цяпер я перадумала, мне захацелася даглядаць жывёлінаў. Я хачу, каб кожная жывёлінка мела свой дом. Ага!

Вераніка Міхальчук:

— Мне падабаюцца ўсе школьныя прадметы. Думаю яны дапамогуць мне стаць у будучыні тым, кім я захачу. Але кім я хачу быць, я пакуль не вырашыла. Толькі не хачу быць настаўніцай, як мая мама, бо ў яе вельмі мала свабоднага часу, і пакуль яна рыхтуецца да ўрокаў — мне сумна…

У школу трэба хадзіць, бо калі не хадзіць у школу не будзеш разумным. Калі вырасцеш, трэба будзе што-небудзь напісаць ці прачытаць, а ты не не зможаш. Гэта кепска. Гэтаму трэба вучыцца.

Аліса Філіпчык:

— Кім я буду ў будучыні — я пакуль не ведаю, бо яшчэ не думала. Мне падабаецца вучыцца. Я найбольш люблю чытанне і матэматыку. Больш за ўсё мне падабаецца чытаць часопісы, у якіх пішуць пра звяроў… Пісьмо мяне не вельмі цікавіць, бо пісаць цяжэй. Але настаўніца дапамагае нам вучыцца пісаць. Калі мы падрасцем, гэта трэба будзе абавязкова ўмець.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?