Віталь адпакутаваў і сышоў пасля доўгіх месяцаў барацьбы з хваробай, што хутка прагрэсавала і не пакінула яму шанцу на выздараўленне. Ён быў выбітным палітолагам, амбітным кіраўніком свайго дзецішча, Беларускага інстытуту стратэгічных даследванняў (BISS), аўтарам кніг і артыкулаў. Для мяне ж ён, у першую чаргу, быў блізкім сябрам, з якім мы гутарылі кожны дзень у скайпе,катораму я тэлефанавала адным з першых падчас кожнай паездкі ў Мінск, і мы суcтракаліся амаль кожны дзень, каб пагутарыць і пра справы, і пра ўсё на свеце…
Віталь Сіліцкі і Вольга Стужынская.
Мы пазнаёміліся ў Стэнфардскім універсітэце пяць год таму. Вялікі, як плюшавы мішка, і заўсёды у добрым настроі, з гучным смехам і любоўю да футбола: такія мае першыя ўспаміны пра яго. Мы разам хадзілі па кампусе ўніверсітэта, сядзелі ў кавярнях і гутарылі
Яго любоў да сінявокай Беларусі была непамернай, як і прага працаваць на яе карысць.
Інстытут стратэгічных даследаванняў, заснаваны Віталём з калегамі, стаў першай сапраўднай «фабрыкай думкі» ў Беларусі. Віталікава шыкоўная адукацыя і рэдкія аналітычныя здольнасці ўвялі новы для Беларусі стандарт у галіне аналітыкі. Матэрыялы BISS’у хутка сталі чытанымі ў еўраінстытутах, нацыянальных парламентах, міжнародных арганізацыях і амбасадах. Мы разам ладзілі шматлікія прэзентацыі і круглыя сталы ў Бруселі ды іншых гарадах, працавалі над артыкуламі і канферэнцыямі.
А паміж усёй гэтай працай мы
У мінулым годзе, пасля таго як Віталю выдалілі адну нырку, ён быў такі шчаслівы, што метастазы не пайшлі па целе. Падавалася, хвароба сышла. Ён цудоўна выглядаў, часам раіўся наконт таго, які лепш купіць касцюм ці гальштук. Ён жыў з асалодай і адчуваннем шчасця.
Мы разам былі на плошчы 19 снежня. Разам беглі ад АМАПу і хаваліся ў гатэлі «Мінск». Разам не маглі паверыць у тое, што адбываецца, і пісалі супольную заяву па падзеях пасля выбараў. Плошча, я мяркую, дадала шмат да пагаршэння яго стану, пра які ён яшчэ і не ведаў, але, думаю, здагадваўся.
Праз некалькі тыдняў Віталік думаў, што загрыпаваў. Насамрэч гэта быў пачатак канца, бо метастазы знайшлі ў вялікай колькасці ў абодвух лёгкіх. Сябры і калегі з інстытута збіралі сродкі на лячэнне, даглядалі яго ў Мінску. Мы арганізавалі магчымасць кансультацый у Бельгіі. Ён шмат часу правёў тут, у Брусэлі: спачатку на незлічоных тэстах, потым на бальнічным ложку ў адной з найлепшых анкалагічных клінік Еўропы. Я да апошняга дня верыла, што ён вылекуецца, і дужа злавалася на Віталікавы настрой і адчай… Да апошняга дня, калі доктар сказаў «пагутарыць з сям’ёй» і забіраць яго ў Мінск, бо інакш ён не вернецца на радзіму жывым.
Мы з калегамі арганізавалі яго дарогу дадому. Паміраць. Наш Віталя вяртаўся да сваёй сінявокай Беларусі, каб назаўжды застацца з ёй. Ён так шмат яшчэ хацеў зрабіць для яе, ды не паспеў.
Пухам табе зямля, мой даражэнькі сябра.