Пасля вымушаных уцёкаў з Беларусі мой шлях у Еўропу доўжыўся роўна 4 месяцы.

Гэтыя месяцы здаваліся мне бясконцымі, таму што няма нічога больш стомнага за чаканне, да таго ж ва ўмовах ізаляцыі. Адразу выбачаюся за інфармацыю, якая з’явілася ў першыя дні пасля майго знікнення, — пра тое, што я знаходжуся ў лагеры для бежанцаў у адной з краін Еўрасаюза. Вядома, ні ў якім лагеры я не магла быць так доўга, тым больш не называючы краіну свайго знаходжання.

Такі доўгі шлях тлумачыцца проста — пасля 1,5 месяца ў турме КДБ мне не вярнулі пашпарт. Хоць гэта цалкам незаконна —
пры вызваленні пад падпіску аб нявыездзе да суда абвінавачанаму абавязаныя вярнуць яго дакументы. Але беларускі КДБ, як вядома, заўсёды пляваў на законнасць.

Напярэдадні майго выкліку на допыт у Мінск мне вельмі выразна далі зразумець, што сайт charter97.org вырашана заткнуць раз і назаўжды. Пасля вызвалення з СІЗА КДБ мне ўвесь час пагражалі вяртаннем у камеру «амерыканкі», бо было відавочна, што арышт і наступны ціск не зрабілі на мяне належнага эфекту, і сайт працягваў заставацца незалежным. Мая «віна», да таго ж, пагаршалася прыналежнасцю да каманды кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава. А з людзьмі, якія працавалі з гэтым кандыдатам у прэзідэнты, як вядома, рэжым Лукашэнкі расправіўся самым жорсткім чынам.

Уласна, сама турма мяне не вельмі і палохала. Страшнейшым было іншае — зусім ясна, што ў Беларусі мне не дадуць працаваць ніякім чынам.
Гэта стала зразумела яшчэ ў сакавіку 2010 года, пасля разгрому офіса сайта і першай крымінальнай справы. Потым была другая, трэцяя і нарэшце чацвёртая — за падзеі 19 снежня 2010 года. Памятаю, як палкоўнік КДБ пагражаў мне 5 гадамі турмы толькі за публікацыю заклікаў кандыдатаў у прэзідэнты мірна пратэставаць на плошчы супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў. Абцяжарвальнай акалічнасцю была, як ён выказаўся, мая «адмарожанасць» — не хацела супрацоўнічаць з так званым следствам, прасцей кажучы, «стукаць» і пісаць прашэнні Лукашэнку.

Тое, што яны не пакінуць мяне ў спакоі, стала ясна і пасля выхаду з турмы, у высылцы ў Кобрыне. Пасля кожнага крытычнага артыкула ў дом маіх бацькоў прыязджала міліцэйская машына і везла ў мясцовае аддзяленне КДБ, дзе мне пагражалі неадкладным вяртаннем на турэмныя нары.

Так што калі мне патэлефанаваў следчы і загадаў з’явіцца на допыт у Мінск, думала я роўна паўтары хвіліны. Гэта быў шанец пакінуць тэрыторыю Кобрына. Паведаміўшы ўчастковаму міліцыянту, што я еду на допыт у сталіцу, увечары 30 сакавіка я села на цягнік Брэст-Мінск. У гадзіну ночы я сышла на станцыі «Лунінец», дзе ў цягніка самы доўгі час стаянкі і пасажыры звычайна выходзяць у буфет. На вакзале мяне сустрэлі сябры, і я паехала на машыне ў Маскву. 1 красавіка я ўжо была за межамі Беларусі і вельмі радая, што змагла такім чынам павіншаваць беларускіх чэкістаў з іх прафесійным святам.

Натуральна, адкрыта аб’явіцца ў Расіі я не магла. Беларускія ўлады тут жа запатрабавалі б маёй выдачы.
Магчымы быў і іншы, больш непрыемны варыянт. Даўно вядома, як беларускія спецслужбы негалосна працуюць на тэрыторыі РФ. Адсутнасць межаў дазваляе ім выкрадаць людзей на вуліцах Масквы, афармляючы затрыманне ўжо на тэрыторыі Беларусі. Так, паводле інфармацыі праваабаронцаў, адбылося гэтай вясной з анархістам Ігарам Аліневічам, якога пазней асудзілі да 8 гадоў пазбаўлення волі.

У Маскве адразу паўстала праблема атрымання дакументаў, бо я не магла легальна пакінуць тэрыторыю Расіі.

Я звярнулася па дапамогу ва Упраўленне вярхоўнага камісарыята ААН па справах бежанцаў у РФ. Прайшла ўсе неабходныя фармальныя працэдуры, і, паколькі мая справа было добра дакументаваная, пытанне пра маё перасяленне ў трэцюю дзяржаву было разгледжанае ў прыярытэтным парадку. Хоць гэтыя месяцы былі для мяне аднымі з самых цяжкіх у жыцці, грэх скардзіцца. Звычайна такая працэдура доўжыцца да двух гадоў.

Пра маё знаходжанне ў Расіі ведалі асобныя праваабаронцы і палітыкі, якія аказвалі мне разнастайную падтрымку. Чалавекам, які мне больш за ўсё дапамог непасрэдна ў Маскве, была чалец Рады па правах чалавека пры прэзідэнце РФ, старшыня Камітэта «Грамадзянскае садзейнічанне» Святлана Ганнушкіна. Кіраваная Святланай Аляксееўнай арганізацыя, на маю думку, сёння з’яўляецца найбольш эфектыўнай праваабарончай структурай Расіі. Яна рэальна ратуе людзей. Гэта я бачыла, калі заходзіла ў маленькі падвальчык на Далгарукаўскай, дзе размяшчаецца «Грамадзянскае садзейнічанне». Велізарная колькасць бежанцаў з Афганістана, Таджыкістана, Узбекістана і іншых няшчасных краін ідуць па дапамогу менавіта туды. І хоць іх у сотні разоў больш, чым супрацоўнікаў гэтай праваабарончай арганізацыі, кожнаму аказваецца падтрымка.

Я таксама ўдзячная за падтрымку арганізацыі «Freedom House» і яе кіраўніку Дэвіду Крэймеру, галоўнаму рэдактару расійскай «Новай газеты» Дзмітрыю Муратаву, былому міністру замежных справаў Славакіі Паўлу Дэмешу, супрацоўніку Нямецкага фонду Маршала Ёргу Форбрыгу, арганізацыі «Міжнародная амністыя» і чальцу яе міжнароднага сакратарыята Фрэдэрыцы Бір, дэпутату Еўрапарламента Марылуізэ Бек, Камітэту абароны журналістаў і каардынатару Еўрапейскай і Цэнтральна-Азіяцкай праграмы Ніне Агнянавай і шматлікім іншым людзям, прозвішчы якіх я не магу назваць. Увесь гэты механізм дапамогі запусцілі мае сябры Наталля Каляда, Ірына Багданава, Мікалай Халезін, Ірына Красоўская, Павел Селін, Фёдар Паўлючэнка і Павел Марыніч.

Яшчэ я ўдзячная расійскім уладам за тое, што, нягледзячы на «саюзныя» дамоўленасці і супрацоўніцтва спецслужбаў абедзвюх краін, яны не выдалі мяне Беларусі.

І вельмі ўдзячная чытачам сайта, якія заставаліся з намі ўвесь гэты цяжкі час. Ва ўмовах ізаляцыі мяне вельмі падтрымлівалі вашыя каментары.

Усе гэтыя 4 месяцы я жыла ў кватэры сваіх маскоўскіх сяброў, працягвала працаваць рэдактарам сайта charter97.org і старалася не з’яўляцца ў публічных месцах.

Пасля прызнання мяне бежанцам па лініі ААН першай дзяржавай, якая аказала мне міжнародную падтрымку, сталі Нідэрланды.
28 ліпеня, пасля афармлення праязных дакументаў, я вылецела з Масквы ў Амстэрдам. Я вельмі ўдзячная Нідэрландам за сваё выратаванне, але праз тры дні я паехала ў Літву. Пасля прэзідэнцкіх выбараў сайт charter97.org быў зарэгістраваны ў гэтай краіне, тут знаходзіцца мой калектыў, і паўнавартасна выконваць свае функцыі рэдактара я магу сёння толькі ў Вільні. 4 жніўня я папрасіла палітычнага прытулку ў Літве.

За ўсе гэтыя месяцы я на сваёй шкуры выпрабавала, што такое быць бежанцам. І магу наўпрост сказаць — зайздросціць няма чаму. Я ніколі б не з’ехала з Беларусі, калі б, як спяваў Высоцкі, не «абклалі» з усіх бакоў. Таму давялося адказваць, як я лічу патрэбным. Гуляць па правілах, якія сёння усталяваў у Беларусі КДБ, я не збіраюся. Зацкавана імчацца на стрэл не ў маім характары, і таму «попробовала через запрет».

Упэўненая, што на радзіму я вярнуся вельмі хутка, і мой беларускі пашпарт мне вернуць новыя, дэмакратычныя ўлады краіны.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?