Сутычкі з паліцыяй і марадзёрства распаўсюджваюца на новыя раёны брытанскай сталіцы.
Яшчэ ў адным раёне Лондана, Хакні, у панядзелак адбываюцца сутыкненні паміж групамі моладзі і паліцыяй.
У Хакні, размешчаным недалёка ад цэнтра брытанскай сталіцы, маладыя людзі б’юць вокны магазінаў і рэстаранаў. Паліцыя заблакавала некалькі вуліц.
Як паведамляецца, сутычкі з сіламі правапарадку пачаліся пасля таго, як паліцыя спыніла аднаго з юнакоў, каб абшукаць яго.
У ноч на 8 жніўня беспарадкі і падпалы адбыліся ў розных частках брытанскай сталіцы — у Энфілдзе на поўначы Лондана, Брыкстане на поўдні і на Оксфард-стрыт, цэнтральнай гандлёвай вуліцы.
Міністр унутраных спраў Брытаніі Тэрэза Мэй правяла экстраную нараду з кіраўнікамі лонданскай паліцыі, дзе заявіла, што актам гвалту не можа быць ніякага апраўдання.
Мэй заклікала раённыя саветы і жыхароў супрацоўнічаць з паліцыяй, каб «прыцягнуць злачынцаў да адказнасці».
За два дні беспарадкаў больш за 100 чалавек арыштавана, 35 паліцэйскіх паранена. Спалена некалькі дамоў і аўтамабіляў.
Услед за паўночнымі раёнамі Лондана ў ноч на панядзелак адбыліся пагромы і падпалы ў Брыкстане, на поўдні брытанскай сталіцы. Адна абутковая крама была падпаленая, некалькі магазінаў абрабаваныя.
Каля 50 падлеткаў грамілі крамы на Оксфардскай плошчы, у гандлёвым цэнтры брытанскай сталіцы. Па словах паліцыі, завадатарамі беспарадкаў з’яўляюцца групы моладзі.
Віцэ-прэм'ер брытанскага ўрада Нік Клег жорстка асудзіў дзеянні хуліганаў.
У розных раёнах Лондана былі здзейсненыя напады на паліцыянтаў, пашкоджаны паліцэйскія аўтамабілі.
Паступаюць паведамленні аб тым, што група з 200 падлеткаў, якія займаліся марадзёрствам, спрабавала дагнаць паліцэйскіх на адной з вуліц Брыкстана.
Беспарадкі ў Тотэнхэме пачаліся ў субботу, калі 300 чалавек сабраліся ля паліцэйскага ўчастка, каб высветліць, як ідзе расследаванне гібелі 29-гадовага Марка Дагана, застрэленага паліцыянтам 4 жніўня.
У ходзе здарэння паліцэйскі, які застрэліў Дагана, таксама атрымаў раненне, прычым, як сцвярджае паліцыя, першым стрэліў малады чалавек.