Наведваньне выбарчага ўчастку Аляксандар Лукашэнка скарыстаў для новага туру незалежніцкай рыторыкі.
Прычым гаварылася не пра ананімных алігархаў, што точаць зубы на нашу ўласнасьць, а пра імпэрскія апэтыты Крамля.
Было сказана, што ў Беларусі і Расеі – розныя паняткі саюзнае дзяржавы.
Іначай кажучы, Лукашэнка з Пуціным кашы ня звараць.
З аднаго боку, Лукашэнка запэўніваў, што крызыс двухбаковых стасункаў пераадолены. Але потым стала зразумела, што пагроза эскалацыі гандлёвай вайны ня зьнятая. У прыватнасьці, Расея можа ўвесьці мыты на шэраг тавараў.
Лукашэнка даў зразумець, што ў выпадку новых атакаў гатовы зноў ужыць "наш адказ Чэмбэрлену".
Вырак саюзнаму праекту быў вынесены ў форме эўфэмізму: маўляў, "расейскае кіраўніцтва не гатовае да будаўніцтва паўнавартаснай саюзнае дзяржавы".
Фактычна афіцыйны кіраўнік сфармуляваў сваімі словамі тое, пра што цьвердзяць зараз незалежныя палітолягі: "братэрская інтэграцыя" пахаваная, увайсьці другі раз у тую самую раку немагчыма.
Думка пра паглынаньне Беларусі сядзіць ў галовах найвышэйшага расейскага кіраўніцтва, патлумачыў Лукашэнка.
Такое ўражаньне, што перад паездкай на ўчастак памочнікі паклалі яму на стол нашумелы некалі артыкул Зянона Пазьняка пра расейскі імпэрыялізм :)
Трэба думаць, дзяржаўныя мэдыі ўспрымуць "студзеньскія тэзы" як кіраўніцтва да дзеяньня. Так што антыкрамлёўская рыторыка будзе доўжыцца.
Зноў даводзіцца канстатаваць, што ўмацаваньне незалежніцкага мэнталітэту ў грамадзтве ідзе ў дзіўнаватых, парадаксальных формах. Часам зусім ня так, як бачылася адэптам адраджэньня.
Але ж з гледзішча прагматызму важна, што працэс ідзе.
Застаецца толькі пытаньне, ці здольныя вярхі зрабіць крокі да кансалідацыі элітаў. Зараз гэта надзвычай актуальна. (Зрэшты, са свайго боку, Зянон Пазьняк даводзіць: "...Катэгарычна нельга аб’ядноўвацца з рэжымам".)
Дзеля перабудовы эканомікі патрабуюцца мазгі тэхнакратаў, незалежных эканамістаў. Дзеля знаходжаньня агульнае мовы з Захадам (а іначай — поўная ізаляцыя, чучхэ!) належыць спыніць рэпрэсіі, выпусьціць палітвязьняў. Дзеля ўмацаваньня нацыянальнага духу трэба падключаць рэсурсы беларусізацыі.
Але ўсё гэта для цяперашняй улады — джын з пляшкі. Страшна!
Так што надта пляскаць у ладкі гэтай антыкрамлёўскай рыторыцы не выпадае. Бо ідзе барацьба на ўзроўні "вока за вока".
P.S. Пакуль я пісаў, Лукашэнка зрабіў рэвэранс у бок Захаду. Праўда ў арыгінальнай форме: маўляў, дзеля энэргетычнай бясьпекі гатовы супрацоўнічаць хоць з чортам, хоць з д'яблам!..
P.P.S. А вось вам і сустрэчны пазоў Маскве. Каго цікавіць сума, глядзеце тут.





