У фінальным матчы парнага разраду Адкрытага чэмпіянату Аўстраліі па тэнісе Макс Мірны і швэд Ёнас Б'ёркман у суботу саступілі найлепшай пары турніру і сьвету амэрыканцам-блізьнятам Бобу і Майку Браянам - 5:7, 5:7.

Гульня скончылася, калі ў Менску яшчэ не разьвіднелася - розьніца з Мэльбурнам складае дзевяць гадзінаў. Перад гэтым завершыўся жаночы фінал. Сэрэна Ўільямс упэўнена перамагла прадстаўнічку Расеі зь беларускімі каранямі Марыю Шарапаву - 6:1, 6:2. Амэрыканка стала трохразовай чэмпіёнкай Australian Open.

Цікава, што праз два тыдні беларус і швэд сыйдуцца ў паядынку адзін супраць другога. 9-11 лютага ў Менску пройдзе матч Кубку Дэвіса Беларусь - Швэцыя.

Заўтра, у нядзелю, беларуса чакае яшчэ адзін фінал Адкрытага чэмпіянату Аўстраліі. Разам з Вікторыяй Азаранкай у міксьце ён згуляе супраць канадзка-расейскай пары Дэніэл Нестар / Алена Ліхаўцава. Матч пачнецца а сёмай раніцы па беларускім часе.

Затым пачнецца мужчынскі фінал. Ражэ Фэдэрэр (Швайцарыя) згуляе супраць чылійца Фэрнанда Гансалеса.

Фота з сайту Australianopen.com

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0