Пенсіі ў 2012 годзе будуць павышацца з улікам фінансавых магчымасцяў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, дзяржавы і з улікам росту даходаў работнікаў.
Пра гэта заявіла намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валянціна Каралёва 4 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

«У 2012 годзе захаваецца сацыяльная скіраванасць пенсіённай палітыкі», — сказала намеснік міністра.

Паводле яе слоў, за мінулы год фінансаванне выплат пенсій і дапамог было ажыццёўлена ў поўным памеры ва ўстаноўленыя тэрміны. Былі праведзены тры пераразлікі працоўных пенсій, якія грунтаваліся на росце сярэдняй заработнай платы работнікаў, — з чэрвеня, жніўня і лістапада; чатыры разы — з лютага, мая, жніўня і лістапада — павышаліся мінімальныя і сацыяльныя пенсіі, надбаўкі і павышэнні да пенсій у сувязі з ростам бюджэту пражытачнага мінімуму (БПМ) у сярэднім на душу насельніцтва.

Як паведаміла Каралёва, з улікам эканамічнай сітуацыі першачарговая ўвага ў 2011 годзе была нададзена падтрымцы атрымальнікаў невысокіх пенсій. З чэрвеня быў павышаны памер даплаты да мінімальных працоўных пенсій з 15 да 20% сярэдняй зарплаты, са жніўня павялічаны памеры сацыяльных пенсій адносна БПМ. Двойчы — у ліпені і верасні — пенсіянерам, якія не працуюць, аказвалася аднаразовая матэрыяльная дапамога.

Паводле ацэнкі Мінпрацы, у 2011 годзе сярэдні памер пенсіі па ўзросце склаў 770,9 тыс. рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?