У канцы красавіка — пачатку мая ў Беларусі прагназуецца рэзкі рост колькасці пакусаных кляшчамі. Пра гэта паведаміла ўрач-энтамолаг аддзела эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Святлана Яшкова 26 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яе слоў, традыцыйна на май прыпадае сезон найбольшай актыўнасці кляшчоў, якія пераносяць лайм-барэліёз і клешчавы энцэфаліт. Сёлета росту актыўнасці кляшчоў спрыяе рэзкае пацяпленне. Акрамя таго, людзі больш актыўна пачалі выязджаць на прыроду: пачаўся сезон паездак на дачы і пікнікоў. Такім чынам, найбліжэйшым часам спачатку ў некалькі дзясяткаў разоў узрасце колькасць пакусаных кляшчамі, а затым будзе адзначаны ўздым захворвання ў выніку перанесеных імі інфекцый, прагназуе спецыяліст. Паводле яе слоў, непаспяховымі ў эпідэміялагічных адносінах па клешчавым энцэфаліце з’яўляюцца 76% тэрыторыі Беларусі, па лайм-барэліёзе — 92%.

Як паведаміла Яшкова, сёлета ў сувязі з раннім сходам снегу ў паўднёвых рэгіёнах пачатак актыўнасці кляшчоў прыпаў на дэкаду раней, чым летась. Усяго за сакавік у Беларусі ад укусаў кляшчоў пацярпела 49 чалавек, у тым ліку 23 дзіцяці. Гэта галоўным чынам жыхары Брэсцкай і Гродзенскай абласцей. Перанесеных кляшчамі захворванняў — лайм-барэліёзу і клешчавага энцэфаліту — пакуль сёлета не адзначана. Рэгіструецца толькі 76 выпадкаў лайм-барэліёзу, заражэнне якім адбылося летась.

За 2011 год у Беларусі быў зарэгістраваны 1 тыс. 71 выпадак захворвання на лайм-барэліёз і 106 выпадкаў клешчавага энцэфаліту, выкліканых кляшчамі. Клешчавы энцэфаліт таксама можа перадавацца праз малако, асабліва ў вясенні час. Летась у Асіповіцкім раёне была адзначана вялікая ўспышка: клешчавым энцэфалітам захварэла сям’я з шасці чалавек, якая ўжыла няпаранае малако казы.

Паводле слоў Яшковай, усяго летась у сувязі з укусамі кляшчоў у Беларусі да медыкаў звярнуліся больш за 48 тыс. чалавек, у тым ліку больш як 13 тыс. дзяцей.

Спецыяліст нагадала пра меры прафілактыкі ўкусаў кляшчоў. Выходзячы на прыроду, трэба максімальна закрываць цела адзеннем і прымяняць рэпеленты.
Кожную гадзіну-дзве варта аглядаць адкрытыя ўчасткі цела. Калі выяўлены клешч, то можна выдаліць яго самастойна, а месца ўкусу апрацаваць растворам з утрыманнем спірту. Калі выдаліць крывасмока не атрымліваецца, трэба звярнуцца ў траўмапункт ці паліклініку па месцы жыхарства. У любым выпадку неабходна пракансультавацца з урачом адносна прафілактыкі інфекцый, якія пераносяць кляшчы.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?