Фан-клуб зборнай Беларусі «Б-12» прыняў рашэнне адмовіцца ад арганізацыі фан-сектара на матчы адборачнага туру чэмпіянату свету-2014 супраць зборнай Іспаніі [12 кастрычніка, Мінск].

«На працягу апошніх пяці гадоў фан-клуб зборнай Беларусі — „Б-12“ усімі сіламі стараўся падтрымліваць каманду як на хатніх, так і на выязных матчах, незалежна ад дэманстраваных вынікаў. За гэты час мы прайшлі шлях ад некалькіх дзясяткаў чалавек на 12-м сектары, да цалкам запоўненага 21-га.

Вакол мянялася шмат, акрамя ўзроўню арганізацыі матчаў. Традыцыйна брудныя сядзенні, жудасная прапускная сістэма, якая забараняе праносіць на стадыён ўсё і ўся, хамскія паводзіны міліцыі, адсутнасць нармальнага грамадскага харчавання і многае іншае, што не дае прыемных эмоцый ад наведвання гульняў.

Кіраўніцтва федэрацыі не раз публічна задавалася пытаннем: „Як жа прыцягнуць гледача на трыбуны?“. І вось, здаецца, рашэнне знойдзена. Кошты на квіткі павялічаны ў разы.

У параўнанні з вырашальнай гульнёй супраць Босніі і Герцагавіны, якая адбылася роўна год назад, білеты выраслі ў цане (21 сектар) больш чым у 10 (!) разоў на матч супраць Іспаніі, і ў 3,5 разу — супраць Грузіі.
Ці адэкватнае гэтае рашэнне, вырашаць кожнаму. Для нас адказ відавочны.

У сувязі з гэтым, намі было прынята рашэнне адмовіцца ад арганізацыі фан-сектара на матчы з Іспаніяй.

Паход на стадыён — асабістая справа кожнага. Мы не маем права нават раіць, не тое каб заклікаць да чаго-небудзь. Але фан-сектара ў яго звыклым выглядзе не будзе.

Вышэй напісанае распаўсюджваецца толькі на матч супраць Іспаніі», — гаворыцца ў заяве на афіцыйным сайце фан-клуба.

Нагадаем, білетны пакет на хатнія матчы зборнай Беларусі з Іспаніяй і Грузіяй каштуе ад 300 да 480 тысяч рублёў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?