14 красавіка ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска быў агучаны прыгавор у дачыненні да фігурантаў справы аб самым буйным хабары ў гісторыі Беларусі. Пяць чалавек прыгавораны да пазбаўлення волі на тэрміны ад шасці да дзевяці з паловай гадоў.

Вінаватымі ў падбухторванні да дачы хабару ў буйным памеры, замаху на махлярства, учыненым арганізаванай групай у асабліва буйным памеры, незаконным завалоданні маёмасцю, незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці прызнаны Алег Жукоўскі, Аляксандр Пашук, Юрый Міхайлоўскі, Мікалай Пенкрат і Віктар Бароўнік.

Нагадаем, у сакавіку 2006 года праваахоўнымі органамі была атрымана аператыўная інфрамацыя аб службовых асобах шэрагу буйных прадпрыемстваў Мінска, якія вымагалі ў дырэктара адной з будаўнічых арганізацый 7 млн. долараў ЗША. Паводле іх слоў, гэтыя грошы былі нібыта неабходныя для наступнай перадачы ў якасці хабару кіраўнікам Мінскага райвыканкама за станоўчае вырашэнне пытання аб прадастаўленні забудоўшчыку 20 гектараў зямлі каля населенага пункта Копішча Мінскага раёна пад індывідуальнае жыллё. Ва ўмовы гэтай «здзелкі» таксама ўваходзіла вывядзенне згаданай тэрыторыі са складу сельгасугоддзяў і наступнае ўзгадненне рашэння аб гэтым у старшыні Мінаблвыканкама. Злачынцы былі затрыманы пры перадачы першай часткі агаворанай сумы ў 1,5 млн. долараў ЗША. У ходзе расследавання крымінальнай справы прыналежнасць да злачынства службовых асоб Мінскага райвыканкама, Мінскага аблвыканкама і Мінгарвыканкама не ўстаноўлена. Як заявілі ў МУС, інфармацыя аб тым, што грошы нібыта прызначаліся прадстаўнікам выканаўчай улады рознага ўзроўню, зыходзіла аб абвінавачваных.

А.Жукоўскага суд прыгаварыў да дзевяці з паловай гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, А.Пашука — да шасці з паловай гадоў турэмнага зняволення з пазбаўленнем права займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю тэрмінам на чатыры гады, Ю.Міхайлоўскага — да шасці гадоў пазбаўлення волі, М.Пенкрата — да васьмі гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці, В.Бароўніка — да дзевяці гадоў пазбаўлення волі таксама з канфіскацыяй маёмасці.

Суд таксама прыняў рашэнне спагнаць з А.Пашука 49 млн. 540 тыс. рублёў, якія ён атрымаў у выніку незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці.

Прыгавор набудзе моц праз 10 дзён пасля яго абвяшчэння і за гэты час можа быць абскарджаны ў судзе вышэйшай інстанцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?