Выстава, штогод усё больш падпольная

 

Штогод суполка мастакоў “Пагоня” ў Палацы мастацтваў ладзіла свае выставы, прысьвечаныя Дню Волі. Сёлета, як і летась, улады не дазволілі паказу твораў да 25 сакавіка. Прычына — палітыка.

Выстава ўсё ж адбудзецца ў Палацы мастацтваў, але толькі 14 красавіка (загадзя анансаваны пачатак а 17-й). А пакуль невялічкая частка экспазыцыі рэпрэзэнтаваная ў сядзібе Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” (Варвашэні 8). 22 сакавіка адбылося адкрыцьцё з удзелам мастакоў Аляксея Марачкіна, Віктара Маркаўца, Алеся Пушкіна і Алеся Шатэрніка. Аляксей Марачкін быў у гуморы й больш гаварыў пра тое, што будзе: “Тут збольшага творы мінулых гадоў, а ў Палацы мастацтваў нас чакае шмат сюрпрызаў”. У сядзібе БНФ выстаўленыя партрэты Стэфаніі Станюты, Рыгора Барадуліна, Васіля Быкава работы С.Ткачэнкі, краявіды А.Марачкіна, У.Грыцкевіча, А.Шатэрніка (абуджальны настрой ягонага пэйзажу “Сакавік” асабліва актуальны), У.Васюка. Асобна стаіць праца Юр’я Піскуна — партрэт Івонкі Сурвіллы на тле бярозак (добры абраз, толькі незразумела, чаму на тле бярозак і чаму спадарыня Сурвілла гэтак падобная, паводле заўваг шматлікіх гледачоў, да таварыша Крупскай?). Клясычнае аблічча беларуса-змагара паўстае ў Уладзімеру Пракулевічу — удзельніку Слуцкага збройнага чыну 1920 году: дзядзька Ўладзь узіраецца ў прышласьць, а па-над ім праз хмары рвецца сонца. Варта лішняга разу згадаць мясьціны, зьвязаныя з абвяшчэньнем незалежнасьці Беларусі ў 1918 годзе, але дзеля таго не абавязкова ісьці да дому на колішняй Серпухаўскай (цяпер Валадарскай — як шмат зьвязана з гэтай вулкай!), дзе прымалася ІІІ Устаўная грамата Рады БНР, ці да пляцу Волі, дзе ў Доме губэрнатара пэўны час месьціўся Народны сакратарыят Беларусі — варта зірнуць на два графічныя творы Віктара Сташчанюка, у якіх з дакладнасьцяй да драбніцаў адноўлены выгляд тых будынкаў і дух часу.

Безумоўным “гітом” выставы стаўся “Мірон” А.Марачкіна: чалавек сьпінаю да гледача вешае на высакавольтных лініях, што мігаюцца разрадамі, наш сьцяг. Побач радкі Рыгора Барадуліна: “Дрыжэце і калхозны трон, і падхалімскія капэлы, калі вывешвае Мірон сьцяг родны бел-чырвона-белы”.

Абяцаў пацешыць “гітом” і славуты Алесь Пушкін, але трохі пазьней — на выставе ў Палацы мастацтваў. Казаў, што прывязе палатно 2,7 на 2 мэтры й зладзіць пэрфоманс на тры хвіліны. Сп.Пушкін нават апісаў свой грандыёзны абраз: “На тле зімовага краявіду — здань, рэчка, паляўнічыя ловяць аленяў і дзікоў, бабулькі зьбіраюць гальлё. Здань распасьцерлася па-над усім краявідам: празь яе відны цэрквы, дамкі, людзі. Здань палае. Унізе пажарныя спрабуюць яе патушыць, тамсама яе блякуюць людзі ў паўсфэрах, з дубінкамі й шчытамі — яны мітусяцца, як ліліпуцікі…” Як гэта выглядае — пабачым на выставе 14 красавіка.

Віктар Мухін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0