Каляднае пасланьне

Старшыні Рады Беларускае Народнае Рэспублікі

Дарагія Суродзічы!

Вітаю Вас з Каляднымі Сьвятамі і з глыбіні сэрца жадаю Вам добрага здароўя, асабістага шчасьця і дабрабыту ў Новым 2001 годзе.

Калядныя і Навагоднія Сьвяты — гэта ўва ўсім хрысьціянскім сьвеце Сьвяты сьвятла, спакою і надзеі. Новыя зьдзекі зь беларускага народу, яго жыцьцё ў бядзе, пагроза страты нават той недасканалай незалежнасьці, якую ён здабыў толькі дзесяць гадоў таму, выклікаюць у маім сэрцы трывогу.

Усё жыцьцё верыла ў якасьці беларускага народу, у нашую жыцьцяздольнасьць, у нашую мужнасьць у нядолі, у нашую годнасьць.

Веру ў гэтыя якасьці і сёньня і таму напярэдадні гэтага 2001 году моцна прашу Вас, кожнага з Вас, ня дайце нікому адабраць у Вас Ваш Беларускі Дом, Вашую незалежную дзяржаву. Пакажыце сьвету, што Вы годныя гаспадары яе, што Вас ніхто не абдурыць ваўчынымі абяцанкамі новага «саюзу». У нашай гісторыі ніводзін «саюз» не прынёс дабра нашаму народу. Толькі ў сваім доме народ наш зможа асягнуць спакой, дабрабыт і шчасьце для сваіх дзетак і ўнукаў.

Дык жадаю Вам, дарагія суродзічы, у надыходзячым Новым годзе тае мужнасьці і годнасьці, тае веры ў самых сябе, у свае правы, у сваю будучыню, якія дазволяць Вам абараніць свой дом.

Памажы Вам Божа!

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвілла, Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

Каляды 2000


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0