Юры Сьвірко

Калідор падсьледнага-2

 

У затрыманьні дзяржаўнага сакратара Барадзіна ў нью-ёрскім аэрапорце «JFK» ёсьць пазытыўны ды нэгатыўны аспэкты.

Пазытыўны — найперш для бюджэту гэтак званае саюзнае дзяржавы ды адпаведна ейных падаткаплатнікаў. Паўлу Барадзіну ня трэ будзе аплочваць сутачныя, рэпрэзэнтатыўныя, гатэльныя, рэстаранныя ды іншыя выдаткі ў нятанным Нью-Ёрку. Расейска-беларускія хаўрусьнікі пакуль патраціліся толькі на авіяквіткі для яго. Галоўнае ж — знаходжаньне сп.Барадзіна ў амэрыканскай турме пэўным чынам перашкаджае рэалізацыі ягоных велізарных плянаў, пра якія «НН» распавядала чытачам у артыкуле «Калідор падсьледнага». Усе гэтыя транзытныя транспартныя калідоры празь Беларусь, будаўніцтвы саюзных парлямэнцкіх цэнтраў ды іншыя пражэкты крамлёўскага летуценьніка прынамсі замарожаныя, калі ня спыненыя назаўжды.

Нэгатыўны аспэкт я бачу ў тым, што саюзныя чыноўнікі не чытаюць беларускай незалежнай прэсы. «Калідор падсьледнага-1» быў надрукаваны нядаўна нібы адмыслова для Паўла Барадзіна. А ў ліпені 2000 г. інтэрвію з генэральным пракурорам Жэнэвы Бэрнарам Бэртуса апублікавалі «Народная воля» ды «БДГ».

Генпракурору Жэнэвы было зададзенае гэткае пытаньне: «Калі раптам сп.Барадзін паедзе ў Заходнюю Эўропу - напрыклад, прадстаўляць расейска-беларускую саюзную дзяржаву на нейкім форуме, - ці будзе ён арыштаваны?»

Б. Бэртуса даў наступны адказ:

«Ордэр на арышт можа дзейнічаць толькі на тэрыторыі Швайцарыі, а можа і ва ўсёй Эўропе, і ва ўсім сьвеце. Калі судзьдзя выдае такі ордэр, ён не раскрывае ягонага тыпу», - заявіў сп.Бэртуса.

Жэнэўскі пракурор на маё «эўрапейскае» пытаньне нездарма адказаў ува ўсясьветных маштабах.

А на пытаньне, ці ўлічвалі жэнэўскія пракуроры цяперашні статус П.Барадзіна як міжнароднага расейска-беларускага чыноўніка, Бэрнар Бэртуса адказаў: «Мяне гэта не хвалюе. Ён ня мае тут ніякага імунітэту. Гэта мела б значэньне, каб ён меў такі імунітэт у Швайцарыі, але тут іншы выпадак».

Шкада, што дзяржсакратар Барадзін, як і ягоныя памагатыя, не чытаюць маіх публікацыяў. Але ж ягоны начальнік, што накіраваў яго ў няўдалую камандзіроўку, іх напэўна чытае!

А я ж хацеў, як лепш. За ўласныя грошы летась зьезьдзіў у Швайцарыю, каб высьветліць тую акалічнасьць, якая цяпер зацікавіла ўсіх. Прызнаюся, што справа Барадзіна была проста нагодаю, каб атрымаць швайцарскую візу ды павандраваць гэтай краінаю. Калі ў пачатку траўня мяне не пусьцілі з Аўстрыі ў Ліхтэнштайн, які мае супольную візавую прастору са Швайцарыяй, ды яшчэ паставілі адмоўны штамп у пашпарт, я вельмі раззлаваўся і з дапамогай некалькіх факсаў ды лістоў дамогся візы для паездкі ў Жэнэву. Яшчэ нідзе й ніколі мяне не абшуквалі так пільна, як на той самай ліхтэнштайнскай мытні ў другі раз - у чэрвені. Расейская ж мафія едзе! Але ўцяміўшы ўрэшце, што мафіёзі з расейскім пашпартам ня можа ехаць з адпаведным лістом наўпрост да генпракурора Жэнэвы, мяне прапусьцілі... За тры дні, што я правёў у Жэнэве, я ледзь не сустрэўся там зь беларускім прэм’ерам Ярмошыным, які распавядаў нейкаму недарэчнаму саміту пра палепшаны дабрабыт жыхароў сваёй дзяржавы, папіў, як Сямён Букчын, кавы з Андрэем Саньнікавым на беразе Жэнэўскага возера ды амаль суткі ўгаворваў пракурора кантону Бэртуса даць мне інтэрвію.

Аднак самае галоўнае я даведаўся ў швайцарскай сталіцы Бэрне. У фэдэральным дэпартамэнце юстыцыі й паліцыі мне сказалі, што ніяк ня могуць уплываць на кантанальную пракуратуру ды нават ня ведаюць, што там робіцца. Чаму цяпер афіцыйная Масква ладзіць нейкія дэмаршы швайцарскім уладам, цяжка зразумець. Калі мне хапіла гадзіны знаходжаньня ў бэрнскім Бундэсгаўсе, каб даведацца ўсё патрэбнае пра юрыдычную сыстэму Швайцарыі, што ж месяцамі й гадамі робяць у Бэрне дыпляматы дзьвюх саюзных дзяржаваў?

Перад тым, як склікаць нараду зь сілавікамі й даваць свайму памочніку Ўладзімеру Макею даручэньне адкамэнтаваць «Интерфаксу-Западу» арышт Барадзіна, Аляксандар Лукашэнка мог бы патэлефанаваць Макееваму папярэдніку Ўладзімеру Каралёву, якога ён летась прызначыў паслом Беларусі ў Швайцарыі.

Бо вельмі ж па-дурному атрымалася: у чацьвер спадар Лукашэнка заяўляе, што Барадзін меў дыпляматычную недатыкальнасьць (і адпаведны пашпарт), а ў пятніцу тэлеМялешка яго абвяргае ды кажа, што дзяржсакратара падставілі свае ж чыноўнікі, якія не зрабілі яму візы ў дыпляматычны пашпарт. Хаця той жа Яўген Мялешка разам са сваім цёзкам-«праваахоўцам» (тэрмін Сьвятланы Дабрыянік) Новікавым слушна заўважылі, што сп.Барадзін пацярпеў праз сваю пыху.

Дык не выходзьце з самалётаў «Аэрафлёту» праз калідор падсьледнага! А таксама - ня лезьце папярод Пуцькі ў пекла...


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0