Культурная катастрофа

Адзін мой студэнт зь Віленскага пэдунівэрсытэту, з амаль мазахісцкай палёгкаю паведаміў, што ў ягонай Ашмяне закрылі апошнюю дыскатэку, і там наагул няма чаго рабіць па вечарох. Цяпер, казаў студэнт, у яго болей шанцаў прыцягнуць моладзь у свой грамадзка-культурны цэнтар. Яны, маўляў, будуць там кніжкі чытаць, выставы ладзіць…

Я, слухаючы свайго будучага калегу, уявіў раптам усю Беларусь. Наша культура сёньня нагадвае зарослую быльнягом пустынь недзе пад будоўляю. Калі й закрасуе тут якая кветачка, дык ужо ня ў выніку чыёйсьці рупнасьці. Што вырасьце — тое вырасьце… Я вяду не пра канкрэтна этнічную культуру. Нацыянальная культура ў нашым стагодзьдзі паўсюдна ёсьць часткаю Культуры.

За 60-80-я гады ХХ ст. у Беларусі паўстала стройная сыстэма “культурна-бытавога абслугоўваньня”: штодзённага, пэрыядычнага й эпізадычнага. Будаваліся клюбы, бібліятэкі, палацы й дамы культуры, адшукваліся памяшканьні для гуртковай працы зь дзецьмі і г.д. І часам рабіліся яны праўдзівымі апірышчамі культуры. Як, скажам, народны тэатар у Краснапольлі.

На ўсё гэта выдаткоўваліся сродкі дзяржавы — міністэрстваў, прадпрыемстваў, калгасаў і саўгасаў. Цяпер, згодна з нацыянальным Законам “Аб культуры”, на яе функцыянаваньне і разьвіцьцё дзяржава павінна выдаткоўваць сама меней 3% расходнай часткі бюджэту. Фактычна выдаткоўваецца каля 1%. Заробак працаўнікоў культуры адзін з найменшых у краіне. Ужо летась у 38% зь іх ён быў ніжэйшы за пражытковы мінімум. Прадпрыемствы, калгасы й саўгасы перасталі фінансаваць аб’екты культуры. У лепшым выпадку, іх перадалі мясцовым уладам. У горшым — зачынілі ці перавялі на гаспадарчы разьлік. Гэта выклікала падвышэньне коштаў на культурныя паслугі, якія, пры беднаце люду паспалітага, сталіся недасяжнымі для большасьці. Пры сёньняшніх заробках выдаткі на культуру, адпачынак і спорт можа сабе дазволіць 1,1% насельніцтва. Нават ў савецкія часы, паводле афіцыйнай статыстыкі, гэтая лічба ў Беларусі складала 5,6%.

А на прадукты харчаваньня ў 21% беларускіх сем’яў ідзе больш за 80% грошай, у 75,1% сем’яў — каля 50%. Прыкладна, як у Мазамбіку...

Расходы на паслугі культуры ў бліжэйшыя гады будуць памяншацца. Няма ніякіх падставаў чакаць, што матэрыяльны ўзровень насельніцтва палепшыцца. Есьці трэба! Сёньня нікога ня дзівяць выпадкі зьнепрытомленьня школьнікаў ад голаду. Пра пэнсіянэраў у гарадох я ўжо не кажу...

Тым часам аптымісты з пэсымістамі спрачаюцца ў мэдыях, ці прырастае беларушчына, ці расьце попыт на нацыянальную культуру... Тут, дзе мы нарадзіліся, не да кніжак з канцэртамі.

Зрэшты, культурачка-папялушка заўсёды фінансавалася паводле астаткавага прынцыпу: Палацы культуры ўзводзіліся на грошы, заашчаджаныя падчас будаўніцтва заводаў. Хоць гэта і забаранялася — нямэтавае выкарыстаньне сродкаў. Таму Палац культуры ў тытульных сьпісках будаўніцтва называлі Домам тэхнікі. Гэта дазвалялася. Пра будаўніцтва кожнага клюбу, музычнай школы можна пісаць драмы і трагедыі. Толькі дзякуючы мужнасьці дырэктароў заводаў ды калгасных старшыняў збудаваная большасьць аб’ектаў культуры.

Але ў той час дырэктар “выбіваў” грошы ў “саюзнага” міністэрства. Мясцовыя ўлады былі на яго баку. Калі даводзілася цяжка, маглі “прыкрыць”, падставіць плячо. Цяпер — іншая справа: дырэктар павінен адбіраць грошы ў калектыва. Даводзіцца эканоміць нават на навукова-тэхнічных бібліятэках, дзе часам нават фонды не абнаўляюцца. У заводаў няма грошай на навукова-тэхнічную інфармацыю! Дырэктару больш зь іншага галава баліць: дзе знайсьці камплектуючыя, сыравіну і, найперш, грошы на заробкі, каб галодныя дзеці камвольшчыц ці машынабудаўнікоў маглі выжыць фізычна.

Яшчэ колькі словаў пра савецкія часы. За 1966–70 г. у Беларусі было пабудавана клюбаў і дамоў культуры на 177,4 тыс. месцаў. За 1971–75 — на 110,8. За 1976–80 — на 57,1 тыс. месцаў. Ня будзем тут разважаць, ці прырастала з тае прычыны ўласна Культура. Але сам факт наяўнасьці ў мястэчку ці ў вёсцы глядзельнае залі, бібліятэкі або музэю падымаў у вачох людзей прэстыж іхнага паселішча. Вакол гэткага асяродка ўзьнікала тутэйшая эліта: кінапракатчык, асьвятляльнік, бібліятэкарка, кіраўнік гуртка... Акурат тыя, хто разам з настаўнікамі ўтварае той танюткі пляст нацыянальна сьведамай інтэлігенцыі ў правінцыі.

У новай беларускай дзяржавы іншыя прыярытэты. У 1994 г. будаўніцтва аб’ектаў культуры (за выключэньнем шматпакутнага Палацу Рэспублікі) у нас фактычна спынілася. За апошнія гады ў Беларусі перасталі існаваць 865 бібліятэкаў, 977 клюбаў, 3136 кінаўстановак! Памножым гэтыя лічбы на колькасьць працаўнікоў культуры, якія засталіся бяз працы, і іхныя сем’і... Ці ім у галаве зараз лёс беларускае культуры й мовы? Сумняюся. Закрываюцца аб’екты культуры перш-наперш па вёсках, бо калгасы ня ў стане іх утрымліваць.

Бяда яшчэ і ў тым, што большасьць насельніцтва, нават настаўнікі, не выпісвае газэтаў. Заробак, мякка кажучы, не дазваляе. Раней хоць у бібліятэцы гарталі якую “Звязду”, “Советскую Белоруссию” ці “Рэспубліку”, а колісь, між іншым, і “Нашу Ніву”... Цяпер нават гэткай магчымасьці ня маюць. Стаяць пэнсіянэры ля пошты, чакаюць, калі прыйдуць газэты, каб у каго-небудзь пачытаць...

Адзін спадзеў на тэлевізар. А калі ён зламаўся — бяда! Майстру ж трэба заплаціць, дый знайдзі цяпер паспрабуй гэнага майстра. Я сам бачыў у Паазер’і цэлыя вёскі, дзе няма тэлевізараў. Зьбяруцца людзі да каго-небудзь на сяло, паслухаюць праз радыё прэзыдэнта, вып’юць па чарцы, паскардзяцца адно аднаму на свае болькі... А тут, скажам, заходзіць археоляг ці актор і кажа... Што ён ім скажа?

Калі кіраўніцтва краіны думае аб будучым нацыі, яно асноўную ўвагу надае адукацыі, навуцы і культуры. Асноўнай і, падобна, адзінай мэтай беларускай ўлады ёсьць самая ўлада: на бясьпеку прэзыдэнта на 2001 г. выдаткавана 4.369.759 тыс. руб., а на Нацыянальную акадэмію навук — 3.687.760 тыс.

Ну хоць бы толькі беларускіх літаратуразнаўцаў, этнографаў, філёзафаў раздушылі. Пры антыкультурнасьці й антыбеларускасьці цяперашніх уладцаў гэта можна было б зразумець... Але й фундамэнтальныя дакладныя навукі застаюцца ні з чым!..

Параўнаем яшчэ: калі ў 1990 г. на ўтрыманьне праваахоўных органаў выдаткоўвалася 1,1% расходнай часткі бюджэту, дык у 2000-м на дзяржаўнае кіраваньне — 2,6%, на праваахоўную дзейнасьць і забесьпячэньне дзяржбясьпекі — 8%, на суды — 0,4%, на нацыянальную абарону — 4,6%.

А злачыннасьць толькі расьце. Так, у 1994 г. было зьдзейсьнена 120.254 злачынствы; у 96-м — 127.232; у 98-м — 122.858; у 99-м — 130.537... Невыпадкова па колькасьці зьняволеных (з разьліку на 1000 жыхароў) Беларусь займае адно зь першых месцаў у сьвеце. Ня будзем спыняцца на характары злачынстваў й празьмернасьці караў. Факт застаецца фактам.

Гэтую тэндэнцыю можна лёгка зразумець, зазірнуўшы ў той самы леташні бюджэт. На навуку ў 2000-м далі 2,4% ад бюджэту, на адукацыю — 5,9%, на культуру і мастацтва — 0,5%…

Без дыскатэкі ў Ашмянах пражыць, бадай, можна. Але што насёны культуры тут яшчэ доўга ня будуць даваць жніва, то пэўна...

Сяргей Харэўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0