Адзін знаёмы вярнуўся з Тэгерану. І што, вы думаеце, іранская моладзь?.. Моліцца, каб Буш з Багдаду павярнуў на Ісфаган і выгнаў прэч усіх аятолаў!

Так, існуе і «другі Ўсход». Ня менш дзівосным стала адкрыцьцё, што і Захады таксама — два. Унутры NATO па стаўленьні да Іраку пралёг раскол.

Беларуская апазыцыя, сымпатыі якой дзеляцца між Масквой, Вашынгтонам, Бэрлінам і Варшавай, у такой прыгодзе разгублена маўчала. Затое Лукашэнка за словам у кішэню ня лез. І выгадаў у рэйтынгу. Але ў сьвеце Беларусь чарговы раз палічылі за азіяцкую краіну.

Той, хто пасьля ўсіх войнаў ХХ ст. будзе выступаць «за вайну», простаму беларусу падасца шалёным. Марс — не беларускі Бог. Зразумець амэрыканцаў нам настолькі ж складана, як некалі Руста, які прызямліўся на Красную плошчу.

У адным сыходзяцца ўсе ў Менску: беларускі салдат не павінен пераступаць межы краіны. Войны — бяз нас.

Андрэй Дынько

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0