У Венесуэле аб'явілі пра вызваленне вялікай колькасці палітзняволеных
Улады Венесуэлы абяцаюць вызваліць «значную колькасць» палітзняволеных. Пра гэта паведаміў спікер Нацыянальнай асамблеі краіны Хорхе Радрыгес. З ягоных слоў, найбліжэйшыя некалькі гадзін плануецца вызваленне як венесуэльскіх, так і замежных грамадзян, паведамляе Reuters.
Фота: AP Photo/Ariana Cubillos
Хорхе Радрыгес адзначыў, што гэтая мера, якую неаднаразова патрабавала апазіцыя, з’яўляецца актам міру. Ён таксама падкрэсліў, што рашэнне прымаецца аднабакова і без узгаднення з іншымі бакамі.
«Баліварыйскі ўрад сумесна з дзяржаўнымі ўстановамі прыняў пастанову вызваліць значную колькасць венесуэльскіх і замежных грамадзян, і зараз гэты працэс ужо адбываецца», — сказаў Радрыгес, які, між іншым, брат цяперашняй выканаўцы абавязкаў прэзідэнта Венесуэлы Дэлсі Радрыгес.
Раней Дэлсі Радрыгес займала пасаду віцэ-прэзідэнткі і была прызначаная выконваць абавязкі прэзідэнта пасля таго, як ЗША пазбавілі ўлады Нікаласа Мадура. Амерыканская адміністрацыя цяпер супрацоўнічае з ёй.
Пакуль дакладна невядома, каго менавіта вызваляць, але Міністэрства замежных спраў Іспаніі ўжо паведаміла, што сярод вызваленых будуць іспанскія грамадзяне. Кіраўнік МЗС Іспаніі Хасэ Мануэль Альбарэс назваў гэта «вельмі пазітыўным крокам» з боку венесуэльскіх уладаў.
Паводле звестак праваабаронцаў, зараз у Венесуэле ад 800 да 900 палітычных зняволеных.
Чытайце таксама:
Лукашэнка пачынае ўсведамляць наступствы разбурэння сусветнага парадку
Лукашэнка пра выкраданне Мадура: Гэта саступка Трампа вайскоўцам за Афганістан
Мачада прапанавала падзяліць сваю Нобелеўскую прэмію міру з Трампам