БЕЛ Ł РУС

Бег, хадзьба, сілавыя трэніроўкі? Навукоўцы адказалі, у чым сакрэт даўгалецця

22.01.2026 / 07:00

Ідаля Салавей

30‑гадовае даследаванне паказала, што сапраўдны сакрэт даўгалецця заключаецца не проста ў інтэнсіўнасці фізічных нагрузак.

Пакуль IT-прадпрымальнік і венчурны інвестар Юрый Мельнічак з дапамогай штучнага інтэлекту спрабуе ўзламаць код старэння, навукоўцы з Гарварда прапануюць значна больш просты рэцэпт — рэгулярную і рознабаковую фізічную актыўнасць. На вынікі гэтага маштабнага даследавання, якое ахапіла 111 тысяч чалавек і доўжылася 30 гадоў, звяртае ўвагу выданне The Telegraph.

На працягу трох дзесяцігоддзяў эксперты аналізавалі звычкі і стан здароўя добраахвотнікаў. Вынікі аказаліся красамоўнымі: людзі, чые фізічныя нагрузкі былі найбольш разнастайнымі, мелі амаль на 20% ніжэйшую рызыку заўчаснай смерці ад любых прычын у параўнанні з тымі, хто абмяжоўваўся вузкім наборам заняткаў або вёў менш актыўны лад жыцця.

Сярод усіх відаў актыўнасці найлепшыя паказчыкі паасобку прадэманстравала звычайная хадзьба. У людзей, якія хадзілі шмат і рэгулярна, рызыка смерці была на 17% ніжэйшай. Аднак і іншыя заняткі ўносілі свой важны ўклад. Так, тэніс і сквош зніжалі рызыку на 15%, веславанне — на 14%, а бег або сілавыя трэніроўкі — на 13%, бег трушком паляпшаў паказчыкі на 11%, а вось язда на ровары толькі на 4%.

Цікава, што значна больш эфектыўным за ровар аказаўся звычайны пад’ём па лесвіцы — гэтая штодзённая звычка забяспечвала адразу 10‑працэнтнае зніжэнне пагрозы заўчаснай смерці.

Пры гэтым навукоўцы ўдакладняюць: разнастайнасць можа ўключаць нават ёгу або працу ў садзе (напрыклад, касьбу травы).

Але найлепшыя вынікі, як адзначаецца ў даследаванні, мелі людзі, якія спалучалі некалькі відаў фізічнай актыўнасці. У гэтай групе агульная рызыка смерці была ніжэйшай на 19%, а рызыка смерці ад сардэчна-сасудзістых захворванняў, анкалогіі, хвароб дыхальнай сістэмы і іншых прычын зніжалася ў межах ад 13% да 41%.

Навукоўцы вызначылі і ідэальную норму для тых, хто хоча максімальна падоўжыць свой век. Паводле іх даных, аптымальны рэжым павінен складацца як мінімум з трох розных відаў дзейнасці на тыдзень.

Пры гэтым даследчыкі заўважылі цікавую заканамернасць: карысць ад фізічных нагрузак расце толькі да пэўнай мяжы. Калі чалавек дасягае ўзроўню, эквівалентнага дзвюм гадзінам бегу або пяці гадзінам хуткай хадзьбы на тыдзень, далейшае павелічэнне актыўнасці ўжо не дае істотнага эфекту для даўгалецця.

Даследаванне таксама паказала, што ўдзельнікі з больш высокім агульным узроўнем фізічнай актыўнасці былі менш схільнымі да шкодных звычак кшталту курэння і радзей пакутавалі ад высокага ціску ці павышанага халестэрыну. Як правіла, такія людзі мелі больш нізкую вагу, харчаваліся больш здарова, выбіралі самыя розныя віды заняткаў і маглі дазволіць сабе ўмеранае ўжыванне алкаголю.

Хоць даследаванне насіла назіральны характар, аўтары працы, апублікаванай у BMJ Medicine, упэўнены, што менавіта разнастайны падыход да руху дапамагае арганізму лепш супрацьстаяць хранічным захворванням і спрыяе паўнавартаснаму падаўжэнню жыцця.

Чытайце таксама:

IT-прадпрымальнік Юрый Мельнічак прыдумаў, як падоўжыць жыццё да 120 гадоў

Навуковец: Людзі могуць жыць не даўжэй за 120‑150 гадоў. А азэмпік патэнцыйна карысны супраць старэння

Вучоныя назвалі колькасць крокаў, якая ратуе офісных работнікаў

Каментары да артыкула