Навука і тэхналогіі1515

IT-прадпрымальнік Юрый Мельнічак прыдумаў, як падоўжыць жыццё да 120 гадоў

Яго кампанія ўжо заключыла здзелкі з некалькімі фармацэўтычнымі гігантамі. Вось як будуць працаваць лекі ад старэння, калі ўсё ўдасца.

IT-прадпрымальнік і венчурны інвестар з Беларусі Юрый Мельнічак у інтэрв'ю ютуб-каналу Елізаветы Асяцінскай расказаў пра біятэхналагічную кампанію Gero, якая з дапамогай штучнага інтэлекту спрабуе ўзламаць код старэння.

Юрый Мельнічак. Скрын відэа: Osetinskaia / YouTube

У 2010 годзе ён прадаў кватэру і адмовіўся ад шасцізначнага гадавога заробку ў Google, каб запусціць Maps.me — сэрвіс афлайн-карт, які стаў адным з самых папулярных навігатараў у свеце. Пазней Мельнічак прадаў некалькі AI-праектаў Google і Pinterest і заснаваў венчурны фонд.

Сёння адна з яго самых смелых ставак — Gero: кампанія, якая стварае лекі ад старэння.

Па яго словах, галоўная праблема сучаснага ўспрымання свету ў тым, што людзі лічаць старасць нормай.

«Старасць — гэта прычына большасці хвароб цяпер, гэта галоўная прычына памірання людзей на Зямлі. Гэта не норма. Навука пра даўгалецце вызначае старасць так (я згодны з гэтым вызначэннем): гэта стан, калі для індывіда або для біялагічнага віду імавернасць смерці па любой прычыне павялічваецца з часам», —

даводзіць прадпрымальнік і спасылаецца на знакаміты закон Гомперца, згодна з якім пасля 20 гадоў імавернасць смерці чалавека падвойваецца кожныя 8 гадоў. Аднак ёсць біялагічныя віды, дзе гэтая імавернасць не мяняецца. Задача навукі аб даўгалецці — спыніць гэты экспанентны рост рызыкі.

Мельнічак згадвае, што ў 2021 годзе навукоўцы Gero апублікавалі рэзанансны артыкул пра натуральны бар'ер чалавечага жыцця, які ляжыць у дыяпазоне паміж 120 і 130 гадамі. Гэтая праца нават трапіла на старонкі Popular Mechanics.

Па словах Мельнічка, менавіта да гэтага бар'ера павінна прывесці першае пакаленне прэпаратаў ад старэння.

«Першае, што мы ўбачым, — гэта чаканая працягласць жыцця з 83 гадоў, як цяпер у развітых краінах, дойдзе да 120—130 гадоў», — упэўнены інвестар.

Ён падкрэслівае, што тэарэтычна гэты зрух ужо здарыўся — навука ведае, што гэта магчыма, пытанне засталося толькі за размеркаваннем тэхналогіі.

Не таблетка, а ўкол

Калі вы ўяўляеце сабе лекі ад старасці як чароўную пілюлю, якую можна выпіць з раніцы, то, хутчэй за ўсё, памыляецеся. Як тлумачыць Мельнічак, стварэнне таблеткі мае сур'ёзныя абмежаванні з-за так званай аральнай біядаступнасці — многія складаныя рэчывы проста не засвойваюцца праз кішэчнік.

Таму будучыня тэрапіі — за ін'екцыямі. «Гэта можа быць мРНК-вакцына, якая робіцца, як кавідная вакцына, раз на год», — кажа Юрый. Падобны падыход ужо стаў звыклым дзякуючы распаўсюджванню прэпаратаў накшталт Аземпіка і мРНК-тэхналогій.

Самы прасунуты праект кампаніі — гэта вакцына, якая блакуе назапашванне пэўнага бялку ў арганізме. Штучны інтэлект прадказаў, што менавіта гэты бялок адыгрывае ключавую ролю ў працэсе старэння. Калі яго з арганізма прыбраць, то людзі пачнуць жыць істотна даўжэй.

Каб праверыць гіпотэзу, навукоўцы правялі эксперыменты на мышах. Вынікі аказаліся ўражлівымі: усяго адзін укол падоўжыў жыццё грызуна на 20—25%. Але галоўнае, на што звяртае ўвагу Мельнічак, — гэта якасць жыцця.

«Гэта падоўжыла здаровую, бадзёрую частку жыцця, калі мыш яшчэ цікаўная, добра выглядае, хутка рухаецца», — адзначае ён.

Праўда, як з жалем заўважае прадпрымальнік, мышэй з тэставай групы, якія выжылі і памаладзелі, давялося ўсыпіць згодна з пратаколам, каб патолагаанатамы змаглі вывучыць іх органы.

«І яшчэ потым патолагаанатам убачыў, што ў іх і ўнутраныя органы былі, як у маладых», — расказвае Мельнічак.

На пытанне, што гэта за формула, прадпрымальнік жартаўліва адказаў:

«Гэта слова з шасці літар, якое называе, які бялок трэба вывесці з цыркуляцыі ў арганізме, каб біялагічны від Homo sapiens і многія іншыя млекакормячыя жылі нашмат даўжэй».

Здзелка з японскім фармацэўтычным гігантам

Як тлумачыць Мельнічак, Gero — гэта ў першую чаргу вылічальная кампанія, а не класічная фармацэўтычная вытворчасць. Лабараторныя даследаванні праводзяцца на аўтсорсінгу.

Свае адкрыцці Gero прадае буйным гульцам. Так адбылося і з гэтым прэпаратам: ён быў прададзены найбуйнейшай японскай кампаніі Chugai Pharmaceuticals, кантрольны пакет якой належыць швейцарскаму гіганту Roche.

«Яны купілі веды, — тлумачыць Мельнічак. — Слова з шасці літар плюс вельмі шмат тлумачальнай дакументацыі». Па сутнасці, японцы набылі права распрацоўваць прэпарат на аснове AI-мадэляў Gero.

Здзелка прадугледжвае паэтапныя выплаты ў памеры 250 мільёнаў даляраў па меры дасягнення пэўных ключавых паказчыкаў эфектыўнасці (KPI). Першы плацеж ужо атрыманы пасля падпісання кантракта. Наступны транш чакаецца, калі японская лабараторыя самастойна паўторыць вынікі эксперыментаў.

Сам Мельнічак праз свой сямейны офіс Melnichek Investments уклаў у кампанію сумарна каля 5,5 мільёна даляраў. Інвестар звяртае ўвагу на ўмову кантракта пра роялці: Gero будзе атрымліваць ад 4 да 6 працэнтаў ад выручкі прэпарата, і гэтая сума не мае верхняй мяжы.

Праўда, да выхаду на рынак гатовага леку яшчэ вельмі далёка. Калі вынікі пацвердзяцца, пачнецца працяглы перыяд рэгулятарных выпрабаванняў: спачатку прэпарат зноў правераць на мышах, а затым — на другім відзе млекакормячых. Толькі пасля паспяховага завяршэння гэтых этапаў адкрыецца дарога да клінічных даследаванняў на людзях.

Па словах Мельнічка, гэты працэс традыцыйна разбіты на тры фазы. Спачатку правяраецца бяспека. Затым ідзе фаза праверкі эфектыўнасці на невялікай групе пацыентаў, і, нарэшце, маштабная трэцяя фаза, мэта якой — даказаць дзеянне лекаў на вялікай выбарцы і стварыць просты алгарытм прызначэння для дактароў. Толькі пераадолеўшы ўсе гэтыя бар'еры, прэпарат трапляе ў продаж на ключавых рынках.

Два сцэнары старэння

Разважаючы пра біялогію старэння, Юрый Мельнічак звяртае ўвагу на тое, што ў прыродзе існуюць дзве прынцыпова розныя стратэгіі старэння.

У якасці першага сцэнара Мельнічак прыводзіць мышэй, якія паміраюць ад першага ж захворвання. Іх арганізм не разлічаны на супраціўленне.

Другі сцэнар — гэта так званае грэбаванне старэннем, якое дэманструюць голыя землякопы. Гэтыя дзіўныя істоты жывуць каля 30—40 гадоў, што неверагодна шмат для грызуна іх памеру.

Голы землякоп можа дапамагчы знайсці сродак ад старэння. Фота: Getty Images

«Мы не бачым таго, каб іх імавернасць смерці павышалася з узростам», — даводзіць прадпрымальнік. У 30 гадоў зямлякоп мае тыя ж шанцы памерці (ад траўмы ці інфекцыі), што і ў 1 год.

Як сцвярджае Мельнічак, людзі старэюць па такім тыпе, як мышы, калі яны становяцца вельмі старымі. Чалавек доўга супраціўляецца дзякуючы сілам аднаўлення. Пераломны момант наступае ў людзей пасля 65 гадоў (пры здаровым ладзе жыцця пазней).

Мэта новага прэпарата — не проста лячыць хваробы, а «адкруціць лічыльнік узросту» назад, каб арганізм не пераходзіў у гэты «мышыны сцэнар» і заставаўся ў стане высокай здольнасці да самааднаўлення.

Ін'екцыі новага прэпарата трэба будзе рабіць людзям пасля 65 гадоў.

«Гэта не той прэпарат, які гасіць паступовае завяданне арганізма, гэта хутчэй той, які драхласць чалавечую адкатвае назад», —

даводзіць прадпрымальнік і згадвае даследаванне Gero, якое было апублікавана ў 2021 годзе.

Гэтая навуковая праца вызначыла фундаментальную мяжу даўгалецця. Аналізуючы велізарныя масівы абязлічаных медыцынскіх даных і паказчыкі фітнэс-трэкераў, даследчыкі вывучалі такі параметр, як хуткасць аднаўлення арганізма пасля стрэсу (хваробы або фізічнай нагрузкі).

Матэматычная мадэль паказала няўмольную заканамернасць: калі ў маладосці чалавек аднаўляецца хутка, то з гадамі гэты перыяд расцягваецца. У сярэднім узросце (каля 40 гадоў) на вяртанне ў норму пасля такой хваробы, як COVID, патрабуецца каля двух тыдняў. Аднак крывая аднаўлення няўхільна імкнецца да крытычнай кропкі.

Разлікі паказалі, што ў дыяпазоне паміж 120 і 130 гадамі час, неабходны для аднаўлення, становіцца бясконцым. Гэта азначае поўную страту ўстойлівасці арганізма. На думку інвестара, менавіта да гэтай мяжы людзі змогуць дажываць дзякуючы першаму пакаленню будучага прэпарата.

Навошта кампанія купляла чалавечую кроў

Каб вылічыць біялагічныя механізмы старэння і знайсці той самы запаветны бялок, адных тэарэтычных мадэляў было недастаткова. Як успамінае Мельнічак, на пачатковым этапе развіцця кампанія Gero купляла ў лабараторыях узоры чалавечай крыві. Крытычна важным было знайсці ўзоры, узятыя ў аднаго і таго ж чалавека, але з розніцай мінімум у 5 гадоў. Толькі такія «пары» дазвалялі адсачыць рэальную дынаміку змен у арганізме.

Замарожаныя ўзоры праходзілі праз складаны пратэомны аналіз, які вылічваў канцэнтрацыю тысяч розных бялкоў. Мэтай было знайсці тыя з іх, паводзіны якіх змяняюцца з узростам лінейна.

Менавіта гэты карпатлівы аналіз крыві дазволіў вылічыць кандыдатаў на ролю «бялка-лічыльніка», блакіроўка якога пазней дала фантастычныя вынікі ў эксперыментах на мышах.

Цяпер жа, як сцвярджае Мельнічак, фізічная купля крыві амаль не патрабуецца — тэхналогіі дазваляюць рабіць падобныя адкрыцці ўжо на аснове лічбавых даных з электронных медыцынскіх карт.

AI-мадэль, якая прадкажа ваша наступнае захворванне

Як расказвае Мельнічак, акрамя даследаванняў у галіне падаўжэння працягласці жыцця, яго каманда стварыла ўнікальную платформу, якая «добра ўмее раздзяляць старэнне і хваробы, і ад гэтага знаходзіць лекі для старэння і для ўзроставазалежных хвароб. (…) Мадэль Gero прадказвае наступнае захворванне ў медыцынскай карце чалавека», — тлумачыць прадпрымальнік.

Гэтая сістэма аналізуе гісторыю хвароб і супастаўляе яе з генетычнымі данымі. Калі мадэль памыляецца ў прагнозе для канкрэтнага чалавека, навукоўцы глядзяць, чым яго генетыка адрозніваецца ад іншых. Менавіта такім чынам, па словах Мельнічка, удаецца знаходзіць гены і бялкі, якія адказваюць за развіццё хвароб і старэння.

Партнёрства з Pfizer

Ідэальным прыкладам таго, як навука пра даўгалецце спрабуе суіснаваць з класічнай фармакалогіяй, стала здзелка Gero з гігантам Pfizer. Як расказвае Мельнічак, усё пачалося з патрэбы ў вялікіх даных.

Як тлумачыць інвестар, Pfizer даў доступ па дзясяткаў мільёнаў электронных медыцынскіх запісаў амерыканцаў у 2022 годзе, на іх супрацоўнікі Gero натрэніравалі сваю мадэль. У абмен на даныя фармгігант меў канкрэтны інтарэс — знайсці сродак для барацьбы з фіброзамі (паталагічным разрастаннем злучальнай тканкі ў лёгкіх ці печані, што нагадвае ўтварэнне шнараў).

Праблема фіброзу палягае ў тым, што гэта тыповае ўзроставазалежнае захворванне. Калі проста шукаць яго прычыны з дапамогай машыннага навучання, алгарытмы выдаюць мноства генаў, звязаных з агульным старэннем, якія дзейнічаюць вельмі павольна. Аднак Pfizer, як і любой фармкампаніі, патрэбны былі «хуткія» мішэні — бялкі, уздзеянне на якія вырашае праблему тут і цяпер.

Па словах Мельнічка, каманда Gero здолела вырашыць гэтую задачу, матэматычна «адняўшы» працэс старэння з ураўнення.

«Мы ім аддалі мішэні, гэта значыць [вызначылі], якія бялкі трэба атакаваць, якія [знаходзяцца] вельмі блізка да фіброзу. А сабе пакінулі мадэль для пошуку самых павольных механізмаў, якія ляжаць у аснове старэння», — раскрывае дэталі здзелкі прадпрымальнік.

Чаму прэвентыўная медыцына нікому не патрэбна

Тлумачачы, навошта спатрэбіўся такі падзел, Мельнічак закрануў фундаментальную праблему сучаснай медыцыны: буйны бізнэс не зацікаўлены ў стварэнні лекаў, якія прадухіляюць хваробы задоўга да іх з'яўлення.

«Уявіце, што ёсць таблетка: калі пацыент п'е яе год, ён ніколі не захварэе на фіброз. Такая таблетка нікому не патрэбна. Патрэбна таблетка, калі пацыент ужо захварэў», — катэгарычна сцвярджае ён.

Прычына, на думку інвестара, крыецца ў тым, як уладкаваны рынак: чалавек прыходзіць да доктара з канкрэтнай бядой, атрымлівае рэцэпт, і страхавая кампанія аплачвае лячэнне. Прадаваць прэвентыўныя сродкі складана як з пункту гледжання доказнасці іх неабходнасці, так і саміх продажаў.

Наступная мэта — адтэрміноўка менапаўзы

У інтэрв'ю Юрый Мельнічак анансаваў яшчэ адзін амбіцыйны накірунак працы Gero, які можа зрабіць рэвалюцыю ў жаночым здароўі. У кампаніі ёсць дамоўленасць са спецыялізаваным інвестыцыйным фондам, які гатовы фінансаваць пошук прэпарата для адтэрміноўкі менапаўзы. Схема працы тут нагадвае венчурную: партнёры выдзяляюць грошы на кожны наступны этап эксперыментаў пры ўмове, што папярэдні быў паспяховым.

Навуковая гіпотэза праекта грунтуецца на тым, каб аддзяліць адно ад аднаго два розныя механізмы. Як тлумачыць Мельнічак, у жаночым арганізме ёсць нармальныя перыядычныя працэсы (менструальны цыкл), на якія накладваецца вельмі слабы і павольны працэс старэння рэпрадуктыўнай сістэмы, які з цягам часу парушаецца.

Задача навукоўцаў — вылучыць гэтую павольную дэградацыю і знайсці спосаб яе спыніць. «Калі мы зможам знайсці, як яе «затаргеціць» лекамі, то гэта будзе лекам, які аддаляе менапаўзу», — кажа інвестар.

Ён прызнае, што пакуль каманда знаходзіцца на раннім этапе: гатовага прэпарата яшчэ няма, але ёсць добрыя гіпотэзы наконт таго, якія менавіта гены і бялкі адказваюць за гэты збой.

Ці лёгка будзе прадаць Gero

Адказваючы на заўвагу пра тое, што Gero выглядае як «праект на ўсё жыццё», які, у адрозненне ад папярэдніх IT-стартапаў Мельнічка, наўрад ці ўдасца хутка і выгадна прадаць стратэгічнаму інвестару, прадпрымальнік выказаў процілеглую думку.

Ён упэўнены, што з пошукам пакупніка праблем не ўзнікне: набыць Gero ў якасці гатовага даследчага цэнтра магла б любая буйная фармацэўтычная карпарацыя. Аднак інвестар падкрэслівае, што на дадзеным этапе ў яго такога жадання няма.

Каментары15

  • Віталь
    15.01.2026
    Адно пытанне: а навошта? Навошта чалавеку жыць да 130? Каб назапашваць яшчэ больш грахоў за сваё жыццё?
  • нідаверчывы вілейчук
    15.01.2026
    але не спяшайцеся, каб Пуціну і Лукашэнку не дасталася
  • Адваротны бок медаля
    15.01.2026
    палitзэчка, сям'я Лукашэнак праз прадстаўных асобаў першымі купяць гэтыя лекі. Грошай яны накралі ў народа шмат.

Цяпер чытаюць

«Засяроджуся на працы з ЗША». Ціханоўскі расказаў пра свае палітычныя планы на 2026 год22

«Засяроджуся на працы з ЗША». Ціханоўскі расказаў пра свае палітычныя планы на 2026 год

Усе навіны →
Усе навіны

Беларускіх прапагандыстаў будуць вучыць барацьбе з фэйкамі за грошы ЕС4

Як Іран адключыў інтэрнэт? І як тады іранцы змаглі перадаць інфармацыю?

Як звычайная ветлівасць выратавала жыццё мінчуку5

У Мінску з'явілася піца з пельменямі2

«Байсол» адкрыў тэрміновы збор на дапамогу ўкраінцам, вызваленым з беларускіх турмаў у лістападзе8

«Вынес апраўдальны прысуд — можаш перастаць быць суддзёй». Адвакат патлумачыў, чаму ў Беларусі так дрэнна з правасуддзем4

Аун Сан Су Чжы ўжо два гады не бачылася са сваімі адвакатамі. Невядома, ці жывая яна

Былая каманда Ціханоўскага перазапусціла сваё шоу на новым канале22

Трамп заявіў, што мірнае пагадненне па Украіне зацягвае Зяленскі, а не Пуцін11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Засяроджуся на працы з ЗША». Ціханоўскі расказаў пра свае палітычныя планы на 2026 год22

«Засяроджуся на працы з ЗША». Ціханоўскі расказаў пра свае палітычныя планы на 2026 год

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць