Жанна з Мазыра працавала ў Познані, але вярнулася ў Беларусь. І яе кінулі ў СІЗА за палітыку
Жанна Серада з Мазыра знайшла працу ў Познані.
Жанна Серада. Фота з яе старонкі ў Аднакласніках
Жанна нарадзілася ў 1969 годзе ў расійскім Мурманску. Вучылася ў паліграфічным ліцэі ва Уфе, але большая частка яе жыцця звязаная з беларускім Мазыром. Жанчына была зарэгістраваная як індывідуальны прадпрымальнік, захаплялася фітнэсам і здаровым харчаваннем, а таксама шмат падарожнічала.
У 2023 Серада атрымала запрашэнне ад польскай фірмы, з таго часу жыла і працавала ў Познані.
Планы на спакойнае жыццё за мяжой перарваліся пасля вяртання ў Беларусь. Апошні раз Жанна нешта пісала ў сацсетках у снежні 2025‑га — неўзабаве яе арыштавалі.
Нядаўна справу Жанны Серады разгледзеў Гомельскі абласны суд. Жанчыну абвінавацілі паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 Крымінальнага кодэкса. За «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» ёй прысудзілі хатнюю хімію.
«Экстрэмізмам» улады Беларусі лічаць падпіскі на незалежныя каналы, СМІ, наяўнасць спасылак на іх у сацыяльных сетках ці наяўнасць у сацсетках або на рэчах беларускай нацыянальнай, далукашэнкаўскай сімволікі. Да «экстрэмізму» залічваюць таксама практычна ўсялякую крытыку ўладаў, афіцыйных гістарычных наратываў ці праявы салідарнасці з Украінай.
Шматлікія крымінальныя справы апошняга часу па артыкуле аб «садзейнічанні экстрэмізму» былі звязаныя са «справай Гаюна».
«Беларускі Гаюн» — маніторынгавы OSINT-праект, які быў створаны ў 2022 годзе, калі Расія праз Беларусь напала на Украіну. Праект адсочваў ваенную актыўнасць расійскіх і беларускіх войскаў, абапіраючыся на інфармацыю ад беларусаў. Каардынавала яго дзейнасць група актывістаў на чале з Антонам Матолькам.
«Справа Гаюна» пачалася пасля таго, як сілавікі затрымалі актывістку, якая некалькі гадоў жыла ў Беларусі ў падполлі. У яе мабільніку знайшлі спасылку на далучэнне ў бот Гаюна, якую ёй дасылалі ў самым пачатку існавання праекта. Фатальная памылка была ў тым, што спасылка была бестэрміновая. А таму сілавікі змаглі падключыцца да бота і выпампаваць адтуль усю інфармацыю. Яны атрымалі паведамленні акаўнтаў, якія пісалі ў бот, а таксама іхнія ID і імёны карыстальнікаў.
Заснавальнік «Гаюна» Антон Матолька адразу пасля ўзлому патлумачыў, як адбылася ўцечка інфармацыі, і абвясціў пра закрыццё праекта.
Паводле падлікаў аб'яднання сілавікоў «Белпол» і праваабаронцаў, вядомыя імёны 9594 людзей, якія падпалі пад палітычна матываваныя крымінальныя справы. Усяго тыя ці іншыя палітычныя рэпрэсіі (крыміналкі, адміністратыўкі, звальненні, ператрусы) зачапілі каля 500 тысяч беларусаў. Некалькі соцень тысяч людзей вымушаныя былі пакінуць краіну.
Чытайце таксама:
Алімпіядніка з Рэчыцы, які вучыўся ў БДУІР, асудзілі па справе Гаюна