Грамадства

Знік у СІЗА па справе аб падатках, а знайшоўся ў спісе «экстрэмістаў». Што вядома пра бізнэсмена з Жодзіна Сяргея Пако

У ліпені 2026 года ў пераліку МУС «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» з'явілася новае імя — 51‑гадовы ўраджэнец Жодзіна Сяргей Пако. Два гады таму ён, паспяховы ўладальнік смаленскай гандлёвай фірмы, знік у мінскім СІЗА як фігурант падатковай справы. Цяпер высветлілася: Мінскі абласны суд вынес яму жорсткі прысуд не за падаткі, а па «пратэсных» артыкулах і за хабар.

Ілюстрацыйнае фота, згенераванае Claude

Сяргей Пако нарадзіўся 30 студзеня 1975 года ў горадзе машынабудаўнікоў — Жодзіне. Яшчэ ў сярэдзіне 90‑х ён спрабаваў сябе ў бізнэсе і рэгістраваўся як індывідуальны прадпрымальнік.

Але пазней сваю асноўную дзейнасць шчыльна звязаў з Расіяй. У 2005 годзе Сяргей заснаваў у расійскім Смаленску ТАА «Промснаб».

Бізнэс-мадэль кампаніі была даволі простай. Фірма закупляла ў Беларусі розныя металавырабы — фланцы, пакоўкі ды іншыя дэталі, пасля чаго перапрадавала іх расійскім прадпрыемствам. З адкрытых даных вядома, што асноўным пастаўшчыком для «Промснаба» (каля 64% ад усіх паставак) быў жодзінскі Кузнечны завод цяжкіх штамповак (КЗЦШ). Яшчэ каля 16% прадукцыі ішло з Баранавіцкага станкабудаўнічага завода, які з'яўляецца філіялам «Атланта».

Амаль усе продажы прадпрыемства — 99,87% — прыпадалі выключна на расійскі рынак. Бізнэс ішоў угару.

Але ўсё абрынулася ў сярэдзіне мая 2024 года, калі на тэрыторыі Беларусі быў нечакана затрыманы транспарт «Промснаба». Барысаўскі міжраённы аддзел Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК завёў супраць Сяргея Пако крымінальную справу па эканамічным артыкуле — частцы 3 артыкула 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў). А сам уладальнік прыбытковага бізнэсу адправіўся ў СІЗА.

Сяргей Пако. Фота: Belpol

Паколькі Сяргею належала памяшканне ў родным Жодзіне, ДФР палічыў яго незарэгістраваным «пастаянным прадстаўніцтвам» расійскай фірмы ў Беларусі. Абапіраючыся на гэты факт, следчыя залічылі ўсю выручку кампаніі за 13 гадоў у беларускую падатковую базу. У кастрычніку 2024 года кантралёры выставілі каласальны рахунак: больш за 2,8 мільёна беларускіх рублёў даналічэнняў і пені.

Юрысты кампаніі спрабавалі давесці поўную абсурднасць такіх прэтэнзій. Яны спасылаліся на міжурадавае пагадненне 1995 года аб пазбяганні падвойнага падаткаабкладання, бо памяшканне выкарыстоўвалася выключна для закупак і па законе не магло лічыцца прадстаўніцтвам.

А ў лістападзе 2024 года следчыя расійскага СК па Смаленскай вобласці разам з беларускім ДФР правялі ператрус у офісе «Промснаба». Была арыштавана маёмасць фірмы. Без свайго заснавальніка фірма вельмі хутка пайшла на дно.

Неўзабаве дырэктарам стаў іншы чалавек, а фінансавыя паказчыкі абваліліся ў некалькі разоў. Ужо ў 2025 годзе чысты прыбытак скараціўся з 73 мільёнаў расійскіх рублёў да 1,2 мільёна.

Пасля публікацый адвакатаў у студзені 2025 года пра лёс бізнэсмена нічога не было чуваць амаль паўтара года. Толькі 6 ліпеня 2026 года ягонае прозвішча ўсплыло ў абноўленых спісах МУС.

У прысудзе няма таго самага падатковага артыкула, але няясна, ці то Пако кампенсаваў шкоду, а таму артыкул адваліўся, ці то проста абвінавачванне перакваліфікавалі, ці то за падаткі судзілі асобна.

Аднак Сяргея Пако асудзілі па цэлым букеце палітычных артыкулаў. У выніковым прысудзе фігуруюць «распальванне варожасці» (ч. 1 арт. 130), «заклікі да дзеянняў на шкоду нацыянальнай бяспецы» (ч. 3 арт. 361) і ўдзел у пратэстах (ч. 1 арт. 342). Дадаўся туды і артыкул за дачу хабару ў вялікім памеры (ч. 3 арт. 431 КК).

Па адным толькі карупцыйным артыкуле мінімальнае пакаранне — 5 гадоў калоніі, а з улікам палітыкі тэрмін мае быць нашмат большым. Сяргей Пако прызнаны палітвязнем.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары

Цяпер чытаюць

«У сына на тэлефоне былі налепленыя сцяг і герб Расіі. З гэтага ўсё пачалося». Бацька школьніка з Баранавіч расказаў, як яго сына цкавалі аднакласнікі23

«У сына на тэлефоне былі налепленыя сцяг і герб Расіі. З гэтага ўсё пачалося». Бацька школьніка з Баранавіч расказаў, як яго сына цкавалі аднакласнікі

Усе навіны →
Усе навіны

Боснія адклікае амаль усіх супрацоўнікаў пасольства ў Сербіі 7

Плаціць за праезд у наземным транспарце Мінска можна будзе карткай любога банка

Беларусаў запрасілі рабіць пусканаладку на першай турэцкай АЭС5

У Беларусі адчувальна падаражэлі аўтазапчасткі — вось чаму4

Беларусам сталі радзей выдаваць ДНЖ у ЕС. Хто, куды і навошта з'язджаў у 2025 годзе5

Пінскі суднабудаўнічы завод упершыню за доўгі час пабудаваў новае судна ВІДЭА5

Пасля перамогі АдГ скандальны кубак «Армія Расіі» выставілі на аўкцыён10

Эйфелева вежа прыпыніла працу пасля просьбы прыбраць жанчын-супрацоўніц падчас візіту рэлігійнай арганізацыі4

Некаторыя забудоўшчыкі рэзка паднялі цэны пасля запуску нашумелага крэдыту Беларусбанка1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«У сына на тэлефоне былі налепленыя сцяг і герб Расіі. З гэтага ўсё пачалося». Бацька школьніка з Баранавіч расказаў, як яго сына цкавалі аднакласнікі23

«У сына на тэлефоне былі налепленыя сцяг і герб Расіі. З гэтага ўсё пачалося». Бацька школьніка з Баранавіч расказаў, як яго сына цкавалі аднакласнікі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць