Амерыканскі мірны план прадугледжвае дэмілітарызаваную зону на Данбасе і адмову Украіны ад уступлення ў НАТА
Новы мірны план Белага дома па завяршэнні вайны ва Украіне прадугледжвае стварэнне дэмілітарызаванай зоны на Данбасе, афіцыйную адмову Кіева ад уступлення ў НАТА і зняцце санкцый з Расіі. Пра гэта піша The Economist са спасылкай на крыніцы ва ўрадзе ЗША.
Стыў Уіткаф і Уладзімір Пуцін. Фота: kremlin.ru
Па словах амерыканскіх чыноўнікаў, Дональд Трамп не імкнецца да капітуляцыі Украіны, але, магчыма, стаў ахвярай расійскай інфармацыйнай спецаперацыі.
Суразмоўцы выдання сцвярджаюць, што галоўная ўвага Трампа цяпер засяроджаная на прамежкавых выбарах у Кангрэс ЗША, якія пройдуць 3 лістапада. Напярэдадні галасавання апытанні паказваюць рэкордна нізкія рэйтынгі Рэспубліканскай партыі і самога прэзідэнта. Паводле крыніц The Economist, Трамп знаходзіцца пад моцным ціскам і бачыць ва ўкраінскім прэзідэнце Уладзіміры Зяленскім вінаватага ў праблемах, якія ўзніклі.
Амерыканскія чыноўнікі таксама крытыкуюць спецпасланнікаў Трампа Джарэда Кушнера і Стыва Уіткафа, якія вядуць перамовы з Масквой. На іх думку, пасланнікі няправільна ацэньваюць матывы прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і таму могуць паддавацца расійскім маніпуляцыям. На сітуацыю, паводле суразмоўцаў выдання, уплывае і Ілан Маск, чыё стаўленне да Украіны яны называюць складаным.
У Белым доме лічаць, што Кіеў не пярэчыць супраць асноўных палажэнняў новага амерыканскага плана. Акрамя стварэння дэмілітарызаванай зоны на Данбасе, ён прадугледжвае змякчэнне санкцый супраць Расіі і шэраг эканамічных дамоўленасцяў, у тым ліку аднаўленне паставак расійскага газу ў Еўропу.
Узамен Украіна павінна атрымаць інвестыцыйны пакет і перспектыву членства ў Еўрасаюзе, адмовіўшыся ад уступлення ў НАТА. Аднак у Кіеве сумняваюцца, што Масква сапраўды гатовая да міру, і мяркуюць, што расійскі бок можа зацягваць перамовы.
Амерыканскія чыноўнікі падкрэсліваюць, што Трамп не ставіць за мэту прымусіць Украіну капітуляваць. Пры гэтым яны прызнаюць, што адносіны паміж Вашынгтонам і Кіевам становяцца ўсё больш напружанымі.
Пасля дамоўленасці з Пуціным аб пытанні паставак дызельнага паліва 9 кастрычніка Трамп узмацніў ціск на Украіну. Ён абвінавачваў украінскі бок у зацягванні вайны, заклікаў спыніць удары па расійскіх нафтаперапрацоўчых заводах і нават прапаноўваў украінцам выбраць новага кіраўніка дзяржавы.
Напружанне ўзмацнілася і пасля таго, як з 14 кастрычніка ўкраінскія вайскоўцы пачалі сутыкацца з перабоямі ў працы спадарожнікавай сувязі Starlink. Ілан Маск і Белы дом не ўзялі на сябе адказнасць за гэтыя збоі.
20 кастрычніка спецпасланнікі Кушнер і Уіткаф узгаднілі з Зяленскім у Осла асноўныя дэталі новага мірнага плана, пасля чаго павінны былі перадаць прапановы ў Маскву. 22 кастрычніка Трамп заявіў, што ЗША ўпершыню за доўгі час наблізіліся да мірнай дамоўленасці па Украіне.
Чытайце таксама:
Здзелка Трампа з Пуціным: чым за яе могуць заплаціць Украіна і Беларусь
Уіткаф заявіў пра дасягнуты прагрэс у перамовах з Пуціным
Зяленскі: Мы не прайграем гэту вайну
Кушнер агучыў патрабаванне Трампа да Кіева спыніць удары па расійскіх НПЗ
Трамп пра пагадненне паміж Пуціным і Зяленскім: Ім не абавязкова быць у адным пакоі