Спецпасланнік прэзідэнта ЗША Стыў Уіткаф пасля перамоў з расійскім кіраўніком Уладзімірам Пуціным у Санкт-Пецярбургу па дарозе назад у ЗША зрабіў прыпынак у Осла, дзе сустрэўся з прэм’ер-міністрам Нарвегіі Ёнасам Гарам Сцёрэ. Размова прайшла непасрэдна на борце самалёта ў аэрапорце і працягвалася каля гадзіны.

Па словах Сцёрэ, Уіткаф перадаў інфармацыю пра вынікі перамоў з Пуціным. Нарвежскі прэм’ер заявіў, што, магчыма, Расія таксама пачынае шукаць шляхі дыпламатычнага ўрэгулявання вайны ва Украіне.
Бакі дамовіліся правесці прыблізна ў сярэдзіне лістапада трохбаковую сустрэчу Расіі, Украіны і ЗША на высокім узроўні. Плануецца абмеркаваць сістэму гарантый бяспекі, якая будзе дзейнічаць пасля заканчэння вайны.
Сцёрэ таксама паведаміў, што сярод пытанняў, якія абмяркоўваліся з Пуціным, былі будучыя гарантыі бяспекі для Украіны, яе пасляваеннае аднаўленне і механізмы спынення агню. Апошнія павінны, у прыватнасці, дазволіць аднавіць экспарт збожжа праз Чорнае мора і пастаўкі энерганосьбітаў.
Сам Уіткаф напісаў у сацыяльнай сетцы X, што сустрэча з Пуціным была накіраваная на развіццё прагрэсу, дасягнутага падчас перамоў у Осла з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Паводле яго, абмеркаванні былі канструктыўнымі, а далейшую працу плануецца працягнуць у фармаце трохбаковых перамоў ЗША, Расіі і Украіны на тэхнічным узроўні.
Уіткаф таксама заявіў, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп застаецца цвёрда настроеным спыніць вайну і дасягнуць усёахопнага і трывалага міру, які забяспечыць бяспеку і росквіт наступных пакаленняў.
21 кастрычніка Уіткаф больш за тры гадзіны абмяркоўваў з Пуціным урэгуляванне вайны ва Украіне. Ён перадаў расійскаму прэзідэнту прапановы, падрыхтаваныя па выніках перамоў у Осла з удзелам Зяленскага, Сцёрэ і прэзідэнта Фінляндыі Аляксандра Стуба.
Памочнік Пуціна Юрый Ушакоў пасля візіту амерыканскага спецпасланніка паведаміў, што Масква гатовая аднавіць трохбаковыя перамовы ў першай палове лістапада. Ён таксама сцвярджаў, што Еўрасаюз і НАТА пачалі больш сур’ёзна ставіцца да прапаноў Крамля адносна Украіны, і заявіў, што справа рухаецца да завяршэння канфлікту.
Памочнік Пуціна: Справа ідзе да завяршэння канфлікту ва Украіне
Зяленскі затрымаўся ў Нарвегіі, чакаючы вяртання Уіткафа пасля перамоў з Пуціным
Уіткаф назваў Пуціна гуманістам
Пяскоў заявіў, што Пуцін вывучыць прапановы Уіткафа
Пуцін прапанаваў Уіткафу абмеркаваць магчымую сустрэчу з Трампам у Кітаі
Перамовы Пуціна і Уіткафа пачаліся з вызвалення 74‑гадовага амерыканца з расійскай турмы. Як і абяцаў Трамп
Каментары