Гэта допіс трэ' было б даслаць у «Комсомольскую правду» ды на tut.by... Піша Наталка Бабіна.

Зварот лідэраў незалежнага грамадства з просьбай падчас перапісу называць роднай і хатняй мовамі беларускую выклікала неадназначную рэакцыю інтэрнэт-супольнасці.

На сайце «Комсомольской правды в Беларуси» і на форумах парталу tut.by пераважала пазыцыя: «Як? Нас заклікаюць схлусіць! Нашая родная мова — расійская, на ёй мы вучыліся гаварыць, на ёй мы думаем».

Па нейкай асацыяцыі ўспомнілася моцнае ўражанне з гэтага лета.

Як і кожны год, на месяц прывезла дзяцей у родную Заказанку — маленечкую вёску на поўдні Берасцейшчыны, дзе дасюль жыве мая 93-гадовая бабуля. (Моцна спадзяюся, гэтыя прыезды ды кантакты з прабабуляй пойдуць ім на карысць.)

Дык вось, сёлета вырашыла звадзіць сярэднюю Томцю ў Прылукі — суседнюю вёску, вядомую па пісьмовых дакументах з 1631 году, куды я ў свой час хадзіла ў школу. І звадзіла. Мы прайшлі гэтыя два кіламетры лесам па чыгунцы, прагуляліся па школьным двары, зайшлі пад царкву і ў сельскую краму. І НІДЗЕ не чулі той мовы, якая тут была АДЗІНАЙ 36 гадоў таму, калі я пайшла ў першы клас. Дзеці на вуліцы, настаўніца ў школе, прадавачка ў краме, поп ля царквы — усе гаварылі па-расійску.

А 36 гадоў таму, калі мне было сем год, мяне спецыяльна вывучылі расійскай мове, бо ўсе гаварылі па-украінску, а выключна расійскія школы былі навокал...

Божа мой, я памятаю тыя размовы аднавяскоўцаў, бабіных сяброў & канкурэнтаў, якія вяліся пры мне ў пэўнасці, што я, сямігадовае дзяўчо, мала што зразумею: пра тое, што «Амэрыка нам дапаможа» (дзед Міхаль), што «як чалавек памрэ, то куткі такі пустыі!» (баба Вольга)...

Усе яны цяпер на могілках. Мы з Томцяй зайшлі на гэтыя лясныя могілкі на зваротным шляху — да Міхаля, Вольгі, Васіля-Базыля... І – вось дзіва! – у звычайны будні летні дзень сустрэлі тут трох цётачак з Прылук, якія, незалежна адна ад адной, прыйшлі наведаць родныя магілкі. І — вось яшчэ дзіва! — гаварылі яны толькі ПА-НАШАМУ і абсалютна нязмушана. І мы паразмаўлялі пад магільнымі хвоямі сумныя размовы.

Вось дзе зараз месца роднай мовы: на могілках.

Калі мы зТомай выйшлі з могілак і старым хутарскім лесам накіраваліся дамоў, у Заказанку, яна была вельмі задуменнай і раптам расплакалася: «Мама! Усе паміраюць, значыць, і ты памрэш?!»

Мая дзяўчынка расце і ўсведамляе ўсё больш. Гэта добра, так? Але я радуюся, што пакуль яна яшчэ не ўсвядоміла, што і яна сама калісьці памрэ...

Кожны памрэ. Што б там не казалі атэісты, пафігісты і бізнесмены, якім не да мовы, кожны стане перад Богам. Нават калі Бог — гэта не Бог. Кожны сустрэнецца са сваім мінулым і са сваімі продкамі. Як вы будзеце з імі размаўляць? Па-расійску? Паспрабуйце. Але вас не зразумеюць.

Калі Бог даваў людзям на гэтай зямлі такую мову, ён жа меў нейкія падставы на гэта? Ён жа нешта планаваў для іх? Чаму вы ідзяцё насуперак яго планам? Ці не занадта гэта смела?

Вы думаеце па-расійску і вывучылі расійскую без спецыяльнага навучання. Калі вашая бабуля, стоячы адзясную Бога, спытае вас: навошта і чаму? — што вы ёй адкажаце?

Але навошта я пытаюся пра гэта ў чытачоў «Нашай Нівы»? Гэта трэ' было б даслаць у «Комсомольскую правду» ды на tut.by.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?