У Мінску, на сядзібе Беларускага ПЭН-цэнтра, прэзентавалі кнігу «Па ступенях святла», прысвечаную 90-годдзю паэта Веніяміна Блажэннага.
У кнігу ўвайшлі матэрыялы канферэнцыі, прысвечанай юбілею паэта, які дагэтуль для шматлікіх аматараў паэзіі застаецца загадкай.

Веніямін Блажэнны не быў нумарам першым у беларускай ці расейскай літаратуры — ягоныя сучаснікі не маглі прачытаць яго вершаў, пра яго ведала толькі абмежаванае кола чытачоў. У 90-я, калі паэзія, якую раней немагчыма было выдаць, хлынула ракой на прылаўкі, Веніямін Блажэнны знайшоў сваіх прыхільнікаў.

Дагэтуль невырашальным застаецца пытанне: лічыць Блажэннага расейскім альбо беларускім паэтам.
Ён нарадзіўся ў Аршанскім уездзе ў 1921 годзе, амаль усё жыццё пражыў у Мінску. Але вершы ў Блажэннага — расейскамоўныя, што шмат каму не дазваляе прылічыць яго да беларускіх паэтаў.

«Мне, як беларускаму паэту, вельмі шкада рабіць такі вялікі падарунак расейскай літаратуры. — кажа Андрэй Хадановіч. — Блажэнны мог бы стаць часткай гарадскога міфа Мінска, як гэта адбылося з харкаўскім паэтам Барысам Чычыбабіным».

Канешне, такой папулярнасці, якую атрымалі ў 90-я авангардысты пачатку ХХ стагоддзя, у Блажэннага не было. Аднак ягоныя вершы, у якіх

высокія філасофскія матэрыі спалучаюцца з часам вельмі натуралістычнымі сцэнамі ды непрыхаваным эратызмам
, усё ж такі знайшлі сваіх прыхільнікаў. Пра талент Блажэннага гаворыць хаця б тое, што расійскія паэты яшчэ ў савецкія часы прыязджалі да яго ў Мінск як на паломніцтва.

«Па ступенях святла» — гэта першая падборка навуковых тэкстаў, якія створаць неабходны фундамент для тых, хто захоча вывучаць спадчыну Веніяміна Блажэннага.

Веніямін Блажэнны (сапраўднае прозвішча Айзенштадт) нарадзіўся 15 кастрычніка 1921 года ў вёсцы Копысь, Аршанскага ўезда. Пачаў пісаць вершы ў 1943 годзе, але першы ягоны зборнік убачыў свет толькі ў 1990-м. Блажэнны перапісваўся з Пастарнакам, Арсенем Таркоўскім і Віктарам Шклоўскім. Аднак надрукаваць паўнавартасную кнігу першыя 47 год творчасці было немагчыма. Памёр Веніямін Блажэнны 31 ліпеня 1999 у Мінску.

Некалькі вершаў паэта ў перакладзе Марыі Мартысевіч былі надрукаваныя ў інтэрнэт-часопісе перакладной літаратуры «Прайдзісвет».

Радавод

Бацька мой Міхл Айзенштат быў галоўным дурнем мястэчка.
Душу, казаў гэты вар’ят, мае воўк і мае авечка.

Душу, ён даводзіў нам, маюць камар і муха,
І лахманы апранаў з усмешкай ад вуха да вуха.

Калі плача ў полі жыд па скалечанай шаўцы,
Нашто яму лаўка, скажы, нашто яму гандаль у лаўцы?

І бацька не гандляваў, не абвешваў на рынку,
Ён потам сваім здабываў кожную хлеба скарынку.

— О, гэтая доля горкая — ад пасеву да абмалоту!
Бацька стаіць на задворках і ўпотайкі корміць котак.

І неўпрыкмет нагой раз-пораз робіць каленца.
Глядзіць абарванец-гой на бацьку майго з акенца:

— Ах, Мішка, Міхеле дэр нар*, — адкуль ты такі, нябога?
Меў бацька шчаслівы дар — быць абраннікам Бога.

Меў бацька ўсім нам наўздзіў адзіны закон — сумленне.

……………………………………………………………………………………
І гэтым ён спарадзіў маё пра яго маленне.
9–10 верасня 1964

Добрыя нябожчыкі

Ціха ў пакоі.
Так ціха,
Нібы нябожчыкі дамовіліся маўчаць.
— І маўчаць,
Пазяхаючы.
— Шчоўкаюць даўгія зубы.

Кропля з крана —
Нібы дзяўчынка,
Што наступіла абцасікам на звонкую прыступку.

Надыходзіць дрымота —
Вялікі слон,
У вазеліне
Пяшчотнага сырога цяпла…

Запамарока…

Хуткі стук,
Нібы дзяўчынка
Паслізнулася на прыступцы…

Дзяўчынка, дзе ты?..

……………………………………………
Сяджу,
Забыўшыся цікам
Мурынскага шаленства…

Скрозь мяне,
Скрозь сцены і свет
Цурчыць струмень
Блакітнай Моўчы.
1940

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?