«Жена была выше на две головы. На улице старались идти отдельно». Неизвестные факты про Змитрока Бядулю
135 лет назад, 23 апреля 1886 года, родился классик белорусской литературы Змитрок Бядуля. TUT.BY рассказывает, сколько денег он получал в газете «Наша Ніва», почему женился лишь после десяти лет знакомства с женой и как умер в далеком Казахстане.
Гэты матэрыял з праекта «Аўтары», прысвечанага юбілеям беларускіх літаратараў. TUT.BY робіць яго разам з A1 ў рамках ініцыятывы #ЛітаратурА1.
«Мы трацілі кішэнныя грошы на салодкае, а ён на кнігі»
Сапраўднае імя Змітрака Бядулі — Самуіл Плаўнік. Ён нарадзіўся ў вёсцы Пасадзец, што ў сучасным Лагойскім раёне. Яго дзядуля быў кавалём, што рабіў посуд з медзі і латуні, бацька — арандатарам і дробным гандляром, пазней аканомам у купца-лесапрамыслоўца.
Адукацыю Самуіл атрымаў у пачатковай яўрэйскай школе (хедэры). Потым бацькі адправілі яго ў духоўную семінарыю (ешыбот), але Бядулю адтуль выгналі. «Творы Пушкіна, Лермантава, Гогаля і Някрасава выцеснілі бессэнсоўны талмуд з яго мёртвай філасофіяй, з яго нуднымі развагамі аб дабры і зле», — пісаў потым пісьменнік.
Бацька спадзяваўся, што яго старэйшы сын стане бухгалтарам, але той цягнуўся да кніг. Пісаць пачаў у 12 гадоў.
— Мы трацілі кішэнныя грошы на салодкае, а ён на кнігі, — згадвала сястра Бядулі.
Пасля ешыбота Бядуля працаваў хатнім настаўнікам, потым канторшчыкам на лесараспрацоўках. Адначасова пісаў вершы — спачатку на стараяўрэйскай мове, потым — на рускай. Адпраўляў апошнія ў расійскія часопісы, дзе іх не друкавалі.
Яго лёс змяніла сустрэча са сваім земляком, краўцом па прафесіі, які распаўсюджваў беларускую газету «Наша Ніва». У наступным, 1910-м годзе Бядуля апублікаваў на яе старонках пяць карэспандэнцый і адно апавяданне. Першая нататка была падпісана Саша Пл-ік, пад другой бачны подпіс — Змітро Бядуля, пад астатнімі — Змітрок Бядуля.
У 1912 годзе Змітрака Бядулю запрасілі ў Вільню на сталую працу. Уладзіслава Луцэвіч, жонка Янкі Купалы, расказвала пра свае першыя ўражанні ад сустрэчы з ім.
— І вось разышлася вестка, што Змітрок Бядуля прыехаў. Я даведалася, што ён знаходзіцца ў беларускай кнігарні на вуліцы Завальнай, 7 — звычайным месцы ўсіх нашых сустрэч і «лятучых» збораў у Вільні. Прыйшоўшы ў кнігарню, я ўбачыла маладога, вельмі сарамлівага хлопца, якога акружалі мае знаёмыя. Ён быў апрануты ў вясковую куртачку, паверсе — палярына (накідка на плечы. — Заўв. TUT.BY), а на галаве — нейкі смешны капялюш. Гэта надавала яму паўвясковы, паўгарадскі выгляд.
Спачатку Бядулю ўзялі ў выдавецкае таварыства, пасля — у газету «Наша Ніва». Яе галоўным рэдактарам быў Янка Купала, Змітрок — адказным сакратаром.
«Белая Русь уваскрэсла і цвёрда стала на грунт дзяржаўнай незалежнасці»
Колькі зараблялі будучыя класікі беларускай літаратуры? Як падлічыў гісторык Андрэй Унучак, зарплата Купалы складала 40 рублёў у месяц, Бядулі - 30. Ці шмат гэта? Як пісаў гісторык Захар Шыбека, у тыя ж часы мінскі інжынер атрымліваў 70 рублёў у месяц, яго памочнік — 50, дробныя чыноўнікі атрымлівалі 25−30 рублёў, фельчары — ад 30 да 50. На думку гісторыка, «толькі той рабочы, хто ў 1911−1912 гадах меў не менш за 30 рублёў штомесяц, мог забяспечыць сям’ю».
Атрымліваецца, што пісьменнікі ўсё ж мелі мінімальныя грошы. Праўда, трэба ўлічваць, што жыццё ў Вільні было даражэйшым за мінскае. Таму даводзілася эканоміць.
— Рэдакцыя размяшчалася на Віленскай вуліцы, 29, на другім паверсе, у двух маленькіх простых пакойчыках. Тут жыў і працаваў Купала, а незадоўга да гэтага пасяліўся і Змітрок Бядуля. <…> Купала і Бядуля жылі <…> сціпла. Яны звычайна куплялі па пяць капеек «абрэзкаў» у каўбаснай краме і хлеба — гэта была іх вячэра, — згадвала Уладзіслава Луцэвіч. — Заходзячы пасля працы да Купалы і Бядулі, я часам прыносіла з сабой «складчыну» — булкі і бутэрброды, кладучы іх на агульны стол. Купала бурчэў і казаў, што не галодны, а Бядуля чырванеў, паўтараючы: «Што ты робіш, Станкевічанка?» (Дзявочае прозвішча Уладзіславы было Станкевіч. — Заўв. TUT.BY). Аднак урэшце мы ўсе згодна сядалі вячэраць. <…> [Купала і Бядуля] рэдка калі елі гарачую страву — на гэта не хапала грошай.
У 1915 годзе «Наша Ніва» спыніла існаванне — да Вільні падыходзіў фронт (ішла Першая сусветная вайна). Купала з’ехаў на ўсход. Бядуля спачатку вярнуўся на радзіму, а потым, ратуючыся ад яўрэйскіх пагромаў, — з сям’ёй у Мінск. Там ён працаваў у гарадскім аддзеле Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны.
Сям’я Бядулі зняла дом на вуліцы Талстога, у суседнім з імі пакоі пасяліўся малады, ужо цяжка хворы Максім Багдановіч. Бядуля, які паліў увесь час, нават у мароз выходзіў з хаты, каб паэту дыхалася лягчэй.
— Прычым калі Бядулю папрасілі ўзяць да сябе дадому на пару тыдняў інтэлігентнага хлопца («Трохі хворы, але вершы піша!»), яму не сказалі, што ў жыхара — адкрытая форма сухотаў, тая, пры якой кашаль з крывёю, — расказваў «Камсамольскай праўдзе ў Беларусі» сын Бядулі Яфім Плаўнік. — Пачаліся штодзённыя мыццё, уборка, а шумны дом, дзе раней бывалі мастакі, літаратары, артысты, апусцеў са з’яўленнем «сухотніка». Прыводзіў бацька да Багдановіча лекараў, прафесараў, але больш чым рэцэптамі і парадамі дапамагчы яны ўжо не маглі. Наогул, успаміналі, што Багдановіч мог быць вельмі злосным і неакуратным пад канец рэмісіі…
У савецкія часы гэты дом знялі з фундамента і перанеслі на суседнюю вуліцу Рабкораўскую. Цяпер у яго сценах адкрыта «Беларуская хатка» — філіял Музея гісторыі беларускай літаратуры. Сваю назву яна атрымала ад аднайменнага асветніцкага клуба, што ў тыя гады дзейнічаў у Мінску. На яго пасяджэннях прысутнічалі і Бядуля, і Багдановіч. Менавіта там апошнім быў напісаны знакаміты верш «Пагоня».
Напэўна, яго стварэнню спрыяла і агульная атмасфера ў хаце. Бядуля прытрымліваўся нацыянальных пазіцый. Ён прысутнічаў на Першым усебеларускім з’ездзе, вітаў Лютаўскую рэвалюцыю, але з расчараваннем паставіўся да прыходу бальшавікоў да ўлады. «О, воля, ты толькі, як промень, зірнула, // О, воля, ты нас абманула…» — пісаў Бядуля ў пачатку 1918-га. Пісьменнік вітаў і абвяшчэнне незалежнасці БНР.
— Паўстала к жыццю і наша айчына, наша бацькаўшчына Беларусь. Больш за трыста год панавала над ёй смяртэльная ціша <…>. Але жыватворны дух адвечнага жыцця завітаў і над ёю. Белая Русь уваскрэсла і цвёрда стала на грунт дзяржаўнай незалежнасці, — пісаў Бядуля ў адным з артыкулаў.
Але ўжо ў 1920-м у Беларусі канчаткова ўсталявалася савецкая ўлада, і Змітраку давялося прыстасоўвацца да новых умоў жыцця.
«Мне стала шкада бездапаможнага ў такіх справах чалавека, і я стала дапамагаць яму»
Бядулю шчасціла на суседства з класікамі. Акрамя Багдановіча ён пяць гадоў (1921−1926) дзяліў кватэру з Янкам Купалам. Дарэчы, адным з іх адрасоў быў домік, дзе праходзіў І з’езд РСДРП (падчас вайны ён цалкам згарэў, зараз недалёка ад Свіслачы можна ўбачыць адноўлены будынак).
Бядуля быў усё яшчэ нежанаты, і Купала часам любіў пажартаваць на гэту тэму, па-прыяцельску пакпіць з яго любоўных прыгод. Зрэшты, на той момант Змітрок ужо шмат гадоў быў знаёмы са сваёй будучай жонкай, праўда, зусім не памятаў яе.
Марыя Шыркес нарадзілася ў 1900-м у Гродна. Калі пачалася Першая сусветная, сям’я пераехала ў Мінск. У 1916-м абодва — Марыя і Змітрок — прывезлі на вайсковую базу здаваць бялізну для параненых франтавікоў.
— Я прыкмеціла там маладога чалавека з пышнай густой шавялюрай, яго кучаравыя валасы былі быццам толькі што пасля завіўкі. <…> Калі маю партыю прынялі без усялякіх затрымак, то ў маладога чалавека атрымалася больш складана. Штосьці бракавалі, штосьці прапаноўвалі скласці больш акуратна. Мне стала шкада бездапаможнага ў такіх справах чалавека, і я без яго просьбы, па сваёй ініцыятыве стала дапамагаць яму. Калі мы ўжо выходзілі з базы, ён горача падзякаваў мне і назваў сябе:
— Будзем знаёмы. Бядуля, беларускі пісьменнік.
Але адразу пасля гэтага Змітрок развітаўся і пайшоў. Наступныя дзесяць гадоў яны не бачыліся. Але Марыя, якая працавала медсястрой у паліклініцы, працягвала сачыць за творчасцю выпадковага знаёмага і нават ведала на памяць некаторыя яго вершы.
У 1926-м да Шыркес прыехала знаёмая жанчына, якая мусіла перадаць Бядулю ліст. Яны высветлілі, што пісьменнік працуе ў Інстытуце беларускай культуры (пазней на яго аснове была створана Акадэмія навук) і адправіліся на вуліцу Рэвалюцыйную, 15 (будынак захаваўся дагэтуль). Спачатку пісьменнік не пазнаў выпадковую знаёмую, але пачаў гаворку са сваімі госцямі. Падчас развітання ён прапанаваў Марыі сустрэцца праз два-тры дні. Так пачаўся іх раман.
Неўзабаве Марыя і Змітрок узялі шлюб, які атрымаўся вельмі гарманічным. Як заўважаў пісьменнік Барыс Мікуліч, жонка цудоўна дапаўняла мужа, яе энергічнасць падтрымлівала і давала веру крыху няўпэўненаму ў сабе Бядулю.
Гармоніі ў шлюбе часам замінала толькі адна акалічнасць.
— Жонка Змітрака Бядулі Мар’я Ісакаўна была «відная» жанчына. Статная, прыгожая, але вышэйшая на дзве галавы за мужа. Недзе за метр восемдзесят. Калі ёй і Бядулю даводзілася разам выходзіць на вуліцу, то стараліся ісці паасобку, так, каб розніца не кідалася людзям у вочы. Ну і нага ў яе адпавядала росту — саракавы памер. Таму калі Мар’я Ісакаўна купляла абутак, то спачатку прасіла даць ёй памераць трыццаць дзявяты, хоць загадзя ведала, што будзе замалы. І толькі потым, вяртаючы чаравік, прасіла прадаўшчыцу: «Цяпер дайце, калі ласка, на памер больш». Ну не магла яна прымусіць сябе вымавіць на людзях: «Дайце мне саракавы памер», — расказвала бабуля пісьменніка Міхася Клімковіча.
У шлюбе нарадзіліся двое дзяцей — дачка Зоя і сын Яфім, якога назвалі так у гонар бацькі пісьменніка, Яфіма (Хаіма) Плаўніка.
Бядуля чытаў дзецям свае творы, сачыў за іх рэакцыяй. Менавіта пасля нараджэння дзяцей ён напісаў свае вядомыя дзіцячыя творы: паэму-казку «Мурашка Палашка» і аповесць-казку «Сярэбраная табакерка».
«Такога перараджэння, як ад Купалы, ад яго не патрабавалася»
Удала складвалася і творчае жыццё. У 1923-м была створана літаратурная суполка «Маладняк». Сярод іншых у яе склад увайшоў і Змітрок Бядуля, але праз пэўны час выйшаў з яе складу. Як сцвярджаў паэт Алесь Дудар, яго выключылі «ў выніку нейкай асабістай сваркі». Праўда, дакументаў пра тое адшукаць не атрымалася. Праз тры гады, у 1926-м, было створана літаратурнае аб’яднанне «Узвышша», куды ўвайшлі лепшыя беларускія пісьменнікі таго часу. І Бядуля разам з іншымі «ўзвышаўцамі» падпісаў ліст пра выхад з «Маладняка». Таму, магчыма, ён выйшаў з яго сам.
Празаік Кузьма Чорны стаў кіраўніком новай арганізацыі, яго намеснікам — драматург Кандрат Крапіва, сакратаром — крытык Адам Бабарэка. Сярод іншых сяброў аб’яднання былі паэт Уладзімір Дубоўка — неафіцыйны лідар «Узвышша» — і Бядуля.
Змітрок працаваў у Інбелкульце, узначальваў краязнаўчы часопіс «Наш край», а таксама актыўна працаваў над новымі творамі. Прычым часцей за ўсё ноччу.
— З маладосці, яшчэ з часоў жыцця ў Вільні, Самуіл Яфімавіч прывык пісаць па начах. Дзённыя часы ў яго забірала служба, работа ў газеце. І толькі ноччу, крыху адпачыўшы перад гэтым, ён надоўга садзіўся за стол, — згадвала яго жонка.
Цікава, што падчас працы ён надзвычай шмат паліў. Аднойчы кінуў: забаранілі дактары, ды цягам трох месяцаў не мог напісаць ні радка. У выніку Бядуля зноў пачаў паліць, але прыкметна менш, чым раней, і толькі начамі. З таго часу ён зноў пачаў пісаць.
«Маё любімае Бядулева апавяданне — «Тры крыжыкі». Напісанае яно, відавочна, у адносна вегетарыянскія дваццатыя гады. Бядняк Янка Гарбач — непісьменны, замест подпісу ён ставіць тры крыжыкі. Але тое, што для іншага селяніна — звычайная і даволі непрыемная працэдура, для Янкі набывае свой асаблівы сэнс. Свае крыжыкі ён здолеў палюбіць, бо ўбачыў у іх нешта асабістае, прыватнае, змог зрабіць іх часткай сваёй патаемнай мовы. «Тры палачкі ўздоўж, тры ўпоперак складалі ўсю ягоную пісьменнасць і навуку» — але гэта не проста роспіс, гэта знакі яго быцця як асобы: «кожны раз крыжыкі выходзілі ў яго па-іншаму, у залежнасці ад яго настрою», палачкі бывалі таўсцейшыя і даўжэйшыя і потым «нагадвалі яму, у якіх варунках ён іх пісаў, што думаў, быў пры гэтым вясёлы ці смутны».
Такі талент выдае ў Янку Гарбачу чалавека чулага і таленавітага — не кожны навучыцца так адчуваць знакі, першаснае прызначэнне якіх настолькі ўтылітарнае. Ён так любіць свае крыжыкі, што часам, забыўшыся, нават малюе іх пальцам у паветры. «Кінь свой магільнік!» — кажа яму саўгасны настаўнік. «Які магільнік?» — не разумее Янка, не ў сілах паверыць, што нехта так абражае яго крыжыкі. Адмаўленне ад іх — працэс балючы, Янка адчувае, што здраджвае чамусьці важнаму — не для іншых, для сябе. Але яго пераконваюць вучыцца грамаце. На гэтым апавяданне канчаецца — невялікае, выкшталцонае і трохі жудаснае, псіхалагічны эцюд на тэму знакавых сістэм.
Такога дзіўнага «мужыка» ў беларускай літаратуры яшчэ не было. На першы погляд, тут лёгка прачытваецца сацыяльны падтэкст: вучыцца, вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца <…>. Але гэта ілюзія. Бядуля апісвае чалавека, якому хочуць падмяніць мову, талент якога будзе нівеляваны граматай. Бо там, дзе тры крыжыкі давалі Гарбачу так шмат грунту для рэфлексій, хай і ўбогіх, паўстануць іншыя крыжыкі - якія складуцца ў чужыя словы з чужым сэнсам, гледзячы на якія ён больш не прыгадае сябе, бо новыя крыжыкі, алфавіт — у гэтым выпадку інструмент прымусу, забыцця і зліцця».
Альгерд Бахарэвіч, «Гамбургскі рахунак Бахарэвіча»
У 1920-я гады Бядуля з’яўляўся адным з самых выдаваемых беларускіх пісьменнікаў. Лідарам з’яўляўся Якуб Колас — 125,5 тысячы асобнікаў, на другім месцы знаходзіўся Цішка Гартны, ён жа Зміцер Жылуновіч — не толькі пісьменнік, паэт і перакладчык, але і грамадскі ды дзяржаўны дзеяч (81 тысяча асобнікаў). На трэцім — Змітрок Бядуля — 77,5 тысячы асобнікаў. Найбольшы распаўсюд атрымала аповесць «Салавей» (1929) — 15 тысяч.
Але росквіт «Узвышша» быў нядоўгі. У СССР пачалася барацьба з нацдэмамі (нацыянал-дэмакратамі), і ў іх лік запісалі лепшых беларускіх літаратараў. Да таго ж улады відавочна зрабілі стаўку на раскол «Узвышша», заклікаючы сяброў арганізацыі пакаяцца і прызнаць свае памылкі.
— Бачыш, б’юць стаўку на раскол (Бядуля — Кляшторны — Лужанін, яшчэ хто). Няхай яны ўтвараюць новую арганізацыю. Нашто нам блытацца з усім гэтым, — пісаў Дубоўка Бабарэку ў снежні 1929 года.
Як адзначаў крытык Антон Адамовіч, «упаўнаважаныя» <…> склікалі агульны сход сяброў «Узвышша». Іхнія даўгія і нудныя казанні арганізацыі, што «ўхілілася» ад лініі, вызначанай самой партыяй, занялі цэлае першае пасяджэнне. Аднак ужо на гэтым пасяджэнні выявілася таксама, што ўпершыню ва «Узвышшы» існаваў падзел. Дубоўка, Пушча, Бабарэка і колькі малодшых сяброў стаялі за бескампрамісную апазіцыю. Тыя ж сябры, якіх раней выклікаў ГПУ (Крапіва, Лужанін, Бядуля і Кляшторны), падтрымалі намаганні «ўпаўнаважаных» і пераканалі большасць малодшых сяброў «Узвышша» пакаяцца, пакуль не позна (ГПУ — Галоўнае палітупраўленне, папярэднік НКУС. — Заўв. TUT.BY)
У выніку летам 1930-га Дубоўка, Бабарэка і Пушча былі арыштаваныя. Іншыя сябры па аб’яднанні засталіся на волі і - тут з песні слоў не выкінеш — выступілі з публічным асуджэннем нядаўніх сяброў.
— Патрабуем жорсткай кары агентам міжнароднай буржуазіі ў Савецкай Беларусі - беларускім контррэвалюцыйным нацыянал-дэмакратам! <…> [Беларуская нацыянал-дэмакратызм] пранік і ў беларускае згуртаванне «Узвышша». У асобе яго былых лідараў - Бабарэкі, Пушчы і Дубоўкі - ды іх малодшых пабрацімаў ён стараўся пашырыць свой уплыў на ўсё згуртаванне <…>.
Такі ліст падпісалі дзевяць пісьменнікаў, сярод іх Кузьма Чорны, Кандрат Крапіва, Змітрок Бядуля і Пятро Глебка.
«Узвышша» праіснавала яшчэ год, да снежня 1931-га, і спыніла існаванне. Як пісаў Альгерд Бахарэвіч, у страшныя трыццатыя гады Бядуля, здаецца, «нават і не спрабаваў <…> неяк супрацьпаставіць сябе сістэме, але ж і такога перараджэння, як ад Купалы, ад яго не патрабавалася — розныя вагавыя катэгорыі».
«Ён быў так паглыблены ў работу, што не заўважаў, што ў хаце і што вакол яго дзеецца»
У даваенныя гады перакрыжаванне сучасных праспекта Незалежнасці і вуліцы Казлова з’яўлялася далёкай ускраінай сталіцы. Аднак да вайны тут пачалося будаўніцтва шасціпавярховага дома. Яго здалі ў 1934-м і назвалі Домам спецыялістаў, бо ў ім атрымалі кватэры супрацоўнікі прамысловых прадпрыемстваў. На наступны год трохпакаёвую кватэру ў ім атрымаў і пісьменнік, які дагэтуль жыў з жонкай на вуліцы Даўгабродскай.
— Кватэра Змітрака Бядулі зрабіла на мяне надзвычайнае ўражанне. Гэта ўражанне пачалося ад самага ўваходу, ад электрычнага званка, каляровага дыванка-ходніка ў папярэднім пакоі, люстры, мяккай мэблі, стэлажоў з мноствам кніг, радыёпрыёмнікам і ўсёй сваёй утульнасцю, — згадваў адзін з яго гасцей.
— Кожны раз, калі я да іх (да Бядуляў. — Заўв. TUT.BY) заходзіла, то заставала Бядулю за пісьмовым сталом. Ён быў так паглыблены ў работу, што не заўважаў, што ў хаце і што вакол яго дзеецца. Ні шум дзяцей, ні размовы прысутных яго не адцягвалі ад справы. Але затое калі ўжо заўважыць каго з пабочных у сябе ў доме, то абавязкова аддасць яму некалькі хвілін увагі. Відаць, ён гэта рабіў <…>, каб чалавек на яго не пакрыўдзіўся, — згадвала яго суседка па доме Дзіна Харык. Яе муж, яўрэйскі паэт Ізі Харык будзе расстраляны падчас рэпрэсій.
Архітэктары меркавалі, што вакол Дома спецыялістаў з’явіцца цэлы раён аналагічных дамоў. Але планы перакрэсліла вайна: дом згарэў у чэрвені 1941-га, немцы знеслі яго рэшткі, а пасля вызвалення на яго месцы пабудавалі іншае жыллё.
Здавалася б, жыццё пісьменніка было бясхмарным. Але ў краіне тым часам адбываліся масавыя рэпрэсіі. Бядуля, які працаваў у «Нашай Ніве» і падтрымліваў БНР, меў усе падставы для неспакою за сваё жыццё і свабоду.
Вось што ў страшным 1937-м пісалі пра яго ў газеце «Літаратура і мастацтва» Айзік Кучар і Віталь Вольскі: «Купала, Колас, Бядуля не зразумелі значэнне Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі. Не зразумелі яны і таго, што толькі пралетарская рэвалюцыя прынесла беларускаму народу сапраўдную свабоду». А вось яшчэ адна цытата: «Контррэвалюцыйныя кіраўнікі «Узвышша» <…> ашуканым шляхам прыцягвалі ў свае рады асобных здольных, але палітычна недастаткова ўстойлівых, падвержаных нацыянальным хістанням пісьменнікаў. Так, апрача З. Бядулі ім удалося ўцягнуць у сваё аб’яднанне К. Крапіву, К. Чорнага, П. Глебку».
Але пісьменніку пашанцавала. Ён застаўся на свабодзе. У 1939-м па яго аповесці «Салавей» у беларускім Оперным нават паставілі першы нацыянальны балет. На думку Альгерда Бахарэвіча, у трыццатыя гады Бядуля, які і раней пісаў для дзяцей, «знайшоў нейкае выратаванне ў дзіцячай літаратуры і паспеў зрабіць перад смерцю тое, за што не сорамна, — у 1940-м выйшла ягоная казка «Сярэбраная табакерка». Гісторыя зайца-не зайца, дзеда-не дзеда, а нейкага Дзіда-дзеда, які злавіў у сваю табакерку саму Смерць».
«Я падбег, праціснуўся, падтрымаў. Бядуля пачаў задыхацца. І заціх. На маіх руках ён і памёр»
Пачатак Вялікай Айчыннай вайны сям’я Бядулі сустрэла паасобку. Жонка з дзецьмі знаходзілася ў Пухавічах у Доме творчасці пісьменнікаў, адкуль яны змаглі эвакуіравацца. Сам Змітрок знаходзіўся ў камандзіроўцы ў Хойніках. Ён вярнуўся, знайшоў сваю маці і разам з ёю дайшоў пешшу да Барысава, дзе яны змаглі сесці на цягнік і даехаць да сучаснай Ніжагародскай вобласці.
Пэўны час пісьменнік не ведаў, ці жывыя яго жонка і дзеці. Потым яны змаглі знайсці адзін аднаго.
Як памёр Змітрок Бядуля? Пяць гадоў таму непасрэдны сведка падзей расказваў іх аўтару гэтага тэксту. Гаворка пра Гаральда Вольскага, роднага дзядзьку знакамітага спевака Лявона Вольскага.
— Нейкі час жылі ў Саратаўскай вобласці, а потым сем'і пісьменнікаў было вырашана эвакуіраваць у Алма-Ату. Бруд быў такі, што вазы да вакзала цягнулі на сабе. Дабраліся да станцыі, пагрузіліся і паехалі. Страшэнна хацелася есці. Таму там, дзе спыняліся, мянялі якія заўгодна рэчы на хлеб. Аднойчы спыніліся на станцыі Семіглавы Арол, што ў 12 кіламетрах ад Уральска.
Абмен ужо заканчваўся, калі цягнік даў гудок. Змітрок Бядуля захваляваўся, што цягнік паедзе без яго, і пабег. Мы за ім. Паспелі. А Бядуля любіў пальцамі скручваць махорку, з-за чаго яна станавілася пузатай. Я ўвесь час звяртаў на тое ўвагу, бо паліў сам. Бядуля скруціў яе, зацягнуўся некалькі разоў - і яму стала дрэнна. Марыя Ісакаўна, яго жонка, папрасіла: «Гарык, падтрымай». Я падбег, праціснуўся, падтрымаў. Бядуля пачаў задыхацца. І заціх. На маіх руках ён і памёр. Таму мы выгрузіліся ва Уральску, дзе Бядулю і пахавалі, — распавядаў Гарольд Вольскі. Гэта быў лістапад 1941-га.
Пахаванне Бядулі арганізавалі супрацоўнікі БДТ-2 (цяпер Нацыянальны драматычны тэатр імя Якуба Коласа, які працуе ў Віцебску). Тады гэты калектыў знаходзіўся ва Уральску ў эвакуацыі.
***
Ішлі гады. Дабірацца да Уральска было надта нязручна. Сваякі шэсць разоў спрабавалі перавезці астанкі ў Беларусь, але ўлады не давалі згоды. Атрымалася толькі летась, калі за справу ўзяўся Аляксандр Сапега, кіраўнік Асацыяцыі беларусаў Швейцарыі.
У студзені 2020 года ён атрымаў дазвол на эксгумацыю і вываз цела. Напрыканцы лютага астанкі класіка беларускай літаратуры прывезлі ў Мінск. Сапегу арганізацыйна і фінансава дапамаглі МЗС Беларусі, ганаровы консул і пасольства Беларусі ў Швейцарыі.
Як расказваў тагачасны дырэктар Музея гісторыі беларускай літаратуры Міхаіл Рыбакоў, «у якасці апошняга прытулку аўтара «Салаўя» разглядаліся Вайсковыя могілкі, дзе пахаваныя Якуб Колас і Янка Купала, альбо Усходнія, дзе пахаваныя Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў ды іншыя класікі. Высветлілася, што на Вайсковых могілках новае пахаванне зрабіць складана, яны невялікія, і там проста не аказалася годнага месца. Таму пачалі пільней разглядаць варыянт з Усходнімі могілкамі. [У выніку было] выдзелена месца на 26-м участку, гэта якраз злева ад цэнтральнага ўваходу, дзе магілы выбітных асоб».
3 лістапада з Бядулем развіталіся ў «Беларускай хатцы», дзе ён калісьці жыў разам з Максімам Багдановічам. У той жа дзень ён нарэшце знайшоў вечны спачын на беларускай зямлі.
Комментарии