Шлюб у кляштары

Аддзел ЗАГС Аршанскага гарвыканкаму справіў улазіны ў рэканструяваным будынку былога трынітарскага кляштару — помніку архітэктуры першай паловы XVIII ст. Адну палову будынку ўжо заняў занальны архіў. Першая маладая сям’я Аўласенкаў была створаная ў новым ЗАГСе пры ўдзеле ўсяго гарадзкога начальства. Наагул жа ў гэты дзень тут зарэгістравалі шлюб 15 параў. Дарэчы, заля ўрачыстасьцяў абсталявана якраз у тым пакоі, дзе летась былі выяўлены на столі й сьценах фрэскі. Праўда, цяпер яны закансэрваваныя, і сьцены ўпрыгожаныя каляжамі з выявамі старадаўняй і сучаснай Воршы.

Пасябравалі з палякамі

Падпісаны дагавор аб сяброўстве й супрацоўніцтве паміж Воршай і польскім Мінскам-Мазавецкім. Сувязі паміж гарадамі пачалі ўсталёўвацца ў 2002 г. Абодва гарады разьмешчаны на перакрыжаваньні шляхоў, таму іх гістарычныя лёсы шмат у чым падобныя, нават гербы амаль аднолькавыя. І хоць у польскага пабраціма Воршы насельніцтва ў 4 разы меншае, трэба меркаваць, плён ад супрацоўніцтва будзе — мо і не цяпер, калі ў краіне разгортваецца антыпольская кампанія, а ў будучыні.

Яўген Жарнасек, Ворша

Капаюць пляц Волі

У цэнтры Полацку, на пляцы Волі, пачаліся археалягічныя раскопкі. Выконваюць іх студэнты ПДУ пад кіраўніцтвам выкладчыкаў унівэрсытэту Дзяніса Дука і Вольгі Емяльянчык. Пасьля раскопаў на гэтым месцы пабудуюць офіс «Беларусбанку». У 1987—1988 г. на пляцы Волі раскопкі ладзіў Сяргей Тарасаў. Падчас іх археоляг знайшоў рэшткі вялікай сядзібы полацкага ювэліра XII ст. Ён вылучыў гіпотэзу, што тая сядзіба магла належаць Лазару Богшу, аўтару славутага крыжа Эўфрасіньні Полацкай.

Васіль Кроква, Полацак

Ужо барсукі шалеюць

Пад вёскай Іжа (Вялейшчына) днямі адбыўся незвычайны выпадак. На сям’ю адпачывальнікаў зь Вялейкі напаў шалёны барсук. Ён прагрыз тканіну намёту, але пакусаць людзей не пасьпеў. Абараняючыся, адпачывальнікі забілі няшчасную жывёлінку. Экспэртыза паказала, што барсук быў шалёны.

На Вялейшчыне за лета гэта ўжо другі выпадак шаленства ў жывёл. На пачатку ліпеня ў вёску Трыгузі прыйшла ліса і укусіла за руку гаспадара, што адганяў яе ад курэй.

Паводле «Рэгіянальнай газэты»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0