Прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі запэўніў прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча, што польскія ўлады не будуць удзельнічаць у газавых праектах Расійскай Федэрацыі, якія ствараюць пагрозу інтарэсам Украіны.

Пра гэта польскаму інфармацыйнаму агенцтву РАР паведаміў міністр канцылярыі прэзідэнта Польшчы Ярамір Сакалоўскі са спасылкай на размову кіраўнікоў дзяржаў, якая адбылася 7 красавіка.

«Прэзідэнт Камароўскі запэўніў прэзідэнта Украіны, што польскі бок не будзе прымаць ніякіх крокаў у газавым супрацоўніцтве з Расіяй, якія б стваралі пагрозу інтарэсам Украіны», — сказаў Сакалоўскі. Польскі чыноўнік адзначыў, што газавая тэма была адной з тых, якія абмяркоўвалі кіраўнікі дзяржаў, разам з памілаваннем былога міністра ўнутраных спраў Украіны Юрыя Луцэнкі. РАР удакладняе, што размова пра газ адбылася ў кантэксце падпісанага 4 красавіка мемарандума паміж расійскім «Газпромам» і польска-расійскай кампаніяй «ЕўраПол-Газ» па праекце «Ямал-2».

Раней ўплывовая польская Gazeta Wyborcza адзначала, што Варшава павінна быць стрыманай у газавым супрацоўніцтве з Расіяй у рамках прапанаванага Масквой праекта газаправода з Беларусі праз Польшчу ў Славакію ў абыход Украіны. Выданне падкрэслівала, што польскі ўрад павінен растлумачыць факт падпісання мемарандума з Расіяй па гэтым газаправодзе, а таксама інфармавала, што мемарандум тычыцца не будаўніцтва газаправода «Ямал-Еўропа-2», а так званага «моста» ад ужо існуючага газаправода «Ямал-Еўропа» .

Нагадаем, раней «Газпром» афіцыйна прапанаваў Польшчы вярнуцца да праекта «Ямал-Еўропа-2», паводле ацэнак расійскага газавага манапаліста, такім чынам у Польшчу, Славакію і Венгрыю штогод можна будзе дадаткова паставіць 15 млрд кубаметраў газу. Прадстаўнікі польскага ўрада заявілі, што Польшча не зацікаўленая ў павелічэнні паставак газу з РФ, яна спрабуе знайсці іншыя крыніцы, каб знізіць сваю залежнасць, але афіцыйна дасць адказ пасля падрыхтоўкі тэхніка-эканамічнага абгрунтавання гэтага праекта, якое павінна быць гатова праз 6 месяцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?