Прэс-сакратар часовага прэзідэнта Егіпта Адлі Мансура паведаміў пра новыя прызначэнні на найвышэйшыя дзяржаўныя пасады краіны. Былы міністр фінансаў краіны Хазем эль-Біблаві прызначаны часовым прэм’ер-міністрам, паведамляе агенцтва AP.

«Ён пачаў сваю кар’еру ў 1965 годзе і некалькі гадоў выкладаў ва ўніверсітэце Александрыі, у 1980 годзе стаў топ-мэнэджарам у індустрыяльным банку Кувейта, затым з 1983 да 1995 г. працаваў выканаўчым дырэктарам у адным з найбуйнейшых егіпецкіх банкаў. Да 2000 года фінансіст працаваў у ААН. Наступныя дзесяць гадоў Біблаві быў дарадцам у некалькіх арабскіх фондах», — нагадвае партал KM.ru.

Сябра сацыяльна-дэмакратычнай партыі, пасля рэвалюцыі ён атрымаў у новым урадзе пасаду міністра фінансаў і прапрацаваў на ёй каля чатырох месяцаў. У кастрычніку 2011 года эль-Біблаві сышоў у адстаўку. Сваю пастанову ён патлумачыў нязгодай з жорсткімі дзеяннямі сіл бяспекі падчас разгону акцый пратэстаў, арганізаваных коптамі, тады загінула больш за 20 чалавек.

Віцэ-прэзідэнтам Егіпта стаў адзін з лідараў апазіцыі краіны Мухамед аль-Барадэі. Ён таксама будзе займацца праблемамі замежнай палітыкі. На мінулым тыдні аль-Барадэі быў на мяжы прызначэння на пасаду прэм’ер-міністра, але ў апошнюю хвіліну ісламісцкая партыя, якая ўдзельнічае ў дыскусіі, заблакавала ягоную кандыдатуру. Мухамед аль-Барадэі шмат гадоў кіраваў агенцтвам атамнай энергетыкі ААН (МАГАТЭ), на гэтай пасадзе ў 2005 годзе ён быў уганараваны Нобелеўскай прэміяй міру.

Тым часам на фоне кадравых перастановак стала вядома, што ўлады ААЭ маюць намер выдаць егіпецкім уладам бязвыплатную фінансавую дапамогу ў суме аднаго мільярда даляраў ЗША, а таксама беспрацэнтны крэдыт на суму два мільярды. Такую інфармацыю распаўсюдзіла дзяржаўная прэса ААЭ.

Нагадаем, што 3 чэрвеня вайскоўцы Егіпта адхілілі ад улады прэзідэнта Мухамеда Мурсі, часова прыпынілі дзеянне канстытуцыі і даручылі кіраўніку Канстытуцыйнага суда краіны Мансуру на пераходны перыяд выконваць абавязкі кіраўніка Егіпта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?