Спявачка-эмігрантка трапіла на амерыканскія FM-станцыі.
Як артыстку яе ведаюць пад псеўданімам Olyia. 33-гадовая Вольга Казак запісала песню Like Heaven («Нібы ў раі»), з якой трапіла ў ратацыю на нью-ёркскіх радыёстанцыях. А першыя ў жыцці песні Вольгі былі беларускія.
«Спяваць я пачала, мабыць, да таго, як нарадзілася, — мая мама выступала цяжарнай, — расказала Вольга «Нашай Ніве».
— Я нарадзілася ў музычнай сям’і. Мая мама — заслужаная артыстка Беларусі і салістка Беларускага радыё і тэлебачання Валянціна Пархоменка, а бацька — Аляксандр Казак, таксама саліст.
Музыка і людзі мастацтва ў маім жыцці былі з маленства. Я часцяком бывала на Гомельшчыне і на брэсцкім Палессі, спявала народныя песні разам з бабулямі на мясцовых дыялектах. Гэта засталося ў мяне ў крыві.
У 7—8 гадоў я вырашыла, што буду кампазітарам, вучылася ў гімназіі Ахрэмчыка, грала на цымбалах...»
У пачатку 1990-х Вольга з бацькамі выехала ў ЗША. Ехалі не да чужых: у Нью-Ёрку ад 1950-х жыў дзядзька Алеся Казака, беларускі мастак з Наваградчыны, Мікалай Казак, які апынуўся за акіянам пасля вайны.
У ЗША Вольга вырасла, тут яна скончыла Джорджтаўнскі ўніверсітэт па спецыяльнасці «міжнародныя медыя».
«Амерыка на мяне моцна паўплывала, — кажа Вольга. — Я пачула музыку з усяго свету». У яе песнях гучаць ноткі соўлу, рэгі, r-n-b.
«НН»: Чалавеку з Беларусі цяжка «прабіцца» ў амерыканскім шоу-бізнэсе?
Вольга Казак: Я ніколі не імкнулася «прабіцца», ды і не лічу, што «прабілася». Для мяне гэта, хутчэй, духоўная патрэба. Пісаць песні мне неабходна — як дыхаць. Ёсць эмоцыі, якія немагчыма ўтрымаць: аднекуль прыходзяць ідэі, мелодыі, словы… Яшчэ, калі пішаш, трэба не баяцца крытыкі, а я вельмі моцна «атрымлівала» ад бацькоў.
Беларусы вельмі таленавітыя, у нас цудоўныя музыкі, мастакі, паэты, яны раскіданыя па ўсім свеце. Трэба проста падтрымліваць адзін аднаго.
«НН»: Як стваралася песня Like Heaven?
ВК: Я напісала яе, калі мне было 16—17 гадоў. Ідэя прыйшла ўначы.
Песня пра бацькоў, пра тое, як аддзячыць ім за ўсё, чым яны ахвяравалі для мяне. Пра тое, што нешта добрае ў свеце заўсёды існуе.
Пра гэтую песню я пасля забылася, а некалькі гадоў таму ўзгадала — у лістападзе з гэтай песняй я перамагла ў конкурсе «Зорны Шанец». Тады яна і трапіла ў ратацыю радыёстанцый. Я вырашыла выпусціць яе як сінгл. Чарльз Мэк, з якім я працую, цудоўны спявак і прадзюсар (намінаваны на «Оскара» і «Грэмі») згадзіўся ўзяць удзел у праекце. Разам з ім мы таксама запісалі песню Without me («Без мяне»). Частка атрыманых грошай пералічваецца на дапамогу дзецям—ахвярам Чарнобыля.
«НН»: Ці цяжка захаваць беларускую свядомасць за тысячы кіламетраў ад Беларусі?
ВК: Усе мае сябры ў Амерыцы, дзе я вырасла, ведаюць, што я — беларуска. Мне не цяжка захаваць беларускую свядомасць, бо гэта тое, што я ёсць і чым буду ўсё жыццё.
Мае бацькі аддалі шмат год і здароўя, каб захаваць беларускую песню, мову. Мне важна, каб мае дзеці ведалі, што яны беларусы, хто мы і адкуль наш род, якая ў нас багатая культура. Я ганаруся тым, што я — беларуска.
«НН»: Ці прымаеце вы ўдзел у жыцці беларускай дыяспары ў Нью-Ёрку?
ВК: З першых дзён нашага жыцця ў Амерыцы мы ўдзельнічаем у беларускіх мерапрыемствах. Бацькі заўсёды настойвалі, каб дома я размаўляла пабеларуску. Мы прэзентавалі радзіму на міжнародных фестывалях, бралі ўдзел у З’ездах беларусаў свету, супрацоўнічалі з беларускімі цэрквамі, каб сабраць сродкі на дапамогу чарнобыльцам.
«НН»: Ці збіраецеся выступіць у Беларусі?
ВК: Пакуль не запрашалі. Здаецца, там мяне яшчэ не ведаюць. Неўзабаве выйдзе некалькі маіх беларускамоўных сінглаў.
Каментары