Адносна сітуацыі з арыштам Баўмгертнера ён думае, што «яна вырашыцца вельмі добра для расейскага боку. Шантаж з Расеяй не працуе», — заявіў Іваноў.
Сяргей Іваноў — адзін з самых уплывовых і блізкіх да Пуціна людзей у кіраўніцтве Расіі.
Нагадаем, кіраўніка «Уралкалія» Уладзіслава Баўмгертнера затрымалі 26 жніўня ў мінскім аэрапорце пасля сустрэчы з Міхаілам Мясніковічам. Следчы камітэт Беларусі заявіў, што гендырэктар “Уралкалія” нанёс шкоду Беларусі. Баўмгертнеру выстаўленае абвінавачанне ва злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. Яму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Следчы камітэт паведаміў, што страты па справе Беларускай калійнай кампаніі ацэньваюцца на 100 млн долараў.
Баўмгертнер месяц знаходзіўся ў следчым ізалятары КДБ, а на мінулым тыдні пераведзены пад хатні арышт у Мінску — у дзень прыезду Пуціна на вучэнні.
Іваноў даў рэдкае інтэрв'ю чатыром самым уплывовым расійскім СМІ. У ім ён выказаўся пра актуальныя тэмы палітыкі, эканомікі, міжнароднага жыцця, а таксама аб уласных прэзідэнцкіх перспектывах. Сярод іншага, ён заявіў, што з савецкага мінулага няма чаго запазычыць і расказаў пра ўласную падступнасць і свае захапленні леапардамі і балетам.