Малады хлопец Павел забівае сваю маладую жонку і яе каханка; сячэ на кавалкі цела каханка і выкідвае ў сметніцу; галаву ягоную кладзе ў сумку і вязе з сабой… Гэтая інфармацыя пранеслася па Беларусі і шмат каго прымусіла задумацца: што гэта было такое?
Жарсная любоў? Юнацкая рэўнасць?
Але жахлівасць гэтага злачынства не ёсць тым, што найбольш уражвае ў гісторыі. Найбольш уражвае тое, што злачынства здзейснена добрым чалавекам.
Пра гэта сведчаць школьныя настаўнікі Паўла, яго знаёмыя, выкладчыкі. Няма сумневу, што Павел рос і выхоўваўся ў атмасферы любові; яго маці — жанчына з вялікім сэрцам і прыгожай душой. На фоне ўсяго гэтага здзейсненае Паўлам злачынства, з загадкавым уласным каментаром («Так, толькі я ведаю, што там адбылося»), явіцца як дзіўнае і палохае сваёй дзіўнасцю.
На жаль, гэта не асобны выпадак. Два ці тры гады таму, таксама ў Гродне, жанчына адрэзала галаву сваёй дачцэ…
І зноў жа: гэта была добрая жанчына, якая вельмі любіла сваю дачку і заўсёды клапацілася пра яе, некаторыя яе блізкія лічылі, што, можа, нават залішне. І такіх «дзіўных» злачынстваў нямала… Цяжка пра іх згадваць і складана пра іх расказваць.
Прыняць проста «да ведама» такія гісторыі — мала каго задаволіць такая пазіцыя.
Настойліва навязваюцца пытанні пра прычыны і фактары такіх здарэнняў.
Сёй-той звяртае ўвагу на тое, што, прыкладам, Павел захапляўся музыкай блэкметал, а на здымку ягонай жонкі бачна, што на шыі ў яе — сатанісцкі пентаграм.
Таксама і ў выпадку той жанчыны, якая забіла сваю дачку, мелі месца спецыфічныя акалічнасці: за нейкі час да злачынства яна павыносіла з кватэры ўсе іконы і хрысціянскія сімвалы, а калі аднойчы яе сястра запрапанавала з’ездзіць у манастыр, каб памаліцца, адрэагавала досыць агрэсіўна.
З часоў Асветніцтва спасылка на звышнатуральныя сілы для тлумачэння якіхкольвечы з’яваў прызнана «ненавуковай» і «сярэднявечнай». Уплыў дэманічных сіл? І гэта вы кажаце ў ХХІ стагоддзі?
Так, гэта кажам мы, частка абывацеляў XXI стагоддзя.
Свет духаў існуе: і тых добрых духаў, якія знаходзяцца ў гармоніі з Богам, і духаў злых, якія ненавідзяць Бога і Ягонае стварэнне — чалавека.
Аб’ект веры, а не ведаў? Што ж, можа й так, але, на маю думку, гэтая вера мае не меншыя падставы, чым, напрыклад, вера, што туманнасць Андрамеды — гэта асобная галактыка або што мільён гадоў назад жыў у Азіі Homo erectus. Як у выпадку духаў, так у выпадку іншых галактык або вымерлых відаў, мы не маем непасрэднага доступу да гэтых аб’ектаў. Пра іх існаванне здагадваемся на базе пэўных слядоў або сімптомаў.
Скепсіс або крытыцызм — гэта добрая рэч; яна спрыяе развіццю. Справа, аднак, у тым, што ў секулярных асяроддзях тэза аб існаванні духаў з’яўляецца не аб’ектам крытыцызму (узважанага разважання pro et contra), а аб’ектам фундаментальнага адмаўлення. Духі не існуюць. Кропка. Але гэта ўжо не крытыцызм, а пэўная форма фундаменталізму.
Секулярны фундаменталізм забараняе браць пад увагу існаванне духаў, адпаведна, сатанісцкую музыку ён абавязвае трактаваць як нейтральную ў духоўным плане, якая, хай сабе й змяшчае звароты да Сатаны і праклёны на адрас Хрыста, з Сатаной не мае нічога супольнага, бо… ну, бо Сатана ж не існуе!
Гэты секулярны фундаменталізм дае аб сабе знаць і ў грамадскакультурных дэбатах. У тым ліку ў Беларусі.
Цікава, дарэчы, заўважыць, як гэты фундаменталізм размяркоўваецца па лініі рэжым — дэмакратычная супольнасць. Беларускі рэжым, дыстанцуючыся ад усяго заходняга, па інерцыі дыстанцуецца і ад згаданага фундаменталізму. Тым часам дэмакратычна-апазіцыйная супольнасць (дзеля асцярожнасці скажам: большая яе частка), у сваім імкненні прысвойваць усё заходняе, прысвойвае згаданы фундаменталізм і робіць гэта, бадай, таксама па інерцыі. У выніку, паўстаюць досыць кур'ёзныя сітуацыі, калі
Мікалай Чаргінец, пострах беларускай культуры, у пэўны момант становіцца адным з нямногіх, хто папярэджвае, што Rammstein або Marduk не маюць нічога супольнага з музычнай культурай, а з’яўляюцца носьбітамі сатанізму і ненавісніцкай ідэалогіі. Тым часам многія беларускія культурнікі і журналісты заяўляюць, што пазіцыя Чаргінца — гэта абсурдны рэйд «супраць зорак сусветнага металу»…
(«Зоркі», «сусветнага» — як пераканаўча гэта гучыць! Як сорамна павінны быць тым, хто выступае супраць гэтых «зорак»!)
Што ж, пагаджаюся, што Чаргінец, русафіл, чалавек наскрозь савецкай ментальнасці — гэта бяда беларускай культуры. Магчыма, ён сумнеўны таксама ў якасці эксперта па маралі. Але калі ўжо няма іншай альтэрнатывы для беларускай культуры і трэба выбраць: Marduk ці Чаргінец, то я галасую — даруйце маю «неасвечанасць» — за Чаргінца.
Не стаўлю мэтай пераконваць каго-кольвечы да змены светапогляду.
Не з’яўляюся таксама знаўцам дэманалогіі і не бяруся дыягназаваць стан Паўла на прадмет дэманічных уплываў. Выражаю ўсяго толькі перакананне, што «почырк» злачынства тут вельмі асаблівы. І што, можа быць,
варта два ці тры разы добра падумаць, перш чым выступаць у абарону «сусветных зорак» тыпу Marduk…
***
Пётра Рудкоўскі
нарадзіўся ў 1978 у Канвелішках (Воранаўскі р-н Гарадзенскай вобл.) Тэолаг. Скончыў Ягелонскі ўніверсітэт. Сталы аўтар «НН» і часопіса Arche. Лаўрэат прэміі Arche «За сумленнае слова» (2005).