Меркаванні8989

«Калі выбраць паміж Marduk і Чаргінцом, то я галасую за Чаргінца»

Rammstein або Marduk — носьбіты сатанізму і ненавісніцкай ідэалогіі. Піша Пётра Рудкоўскі.

Малады хлопец Павел забівае сваю маладую жонку і яе каханка; сячэ на кавалкі цела каханка і выкідвае ў сметніцу; галаву ягоную кладзе ў сумку і вязе з сабой… Гэтая інфармацыя пранеслася па Беларусі і шмат каго прымусіла задумацца: што гэта было такое?

Жарсная любоў? Юнацкая рэўнасць?

Але жахлівасць гэтага злачынства не ёсць тым, што найбольш уражвае ў гісторыі. Найбольш уражвае тое, што злачынства здзейснена добрым чалавекам.

Пра гэта сведчаць школьныя настаўнікі Паўла, яго знаёмыя, выкладчыкі. Няма сумневу, што Павел рос і выхоўваўся ў атмасферы любові; яго маці — жанчына з вялікім сэрцам і прыгожай душой. На фоне ўсяго гэтага здзейсненае Паўлам злачынства, з загадкавым уласным каментаром («Так, толькі я ведаю, што там адбылося»), явіцца як дзіўнае і палохае сваёй дзіўнасцю.

На жаль, гэта не асобны выпадак. Два ці тры гады таму, таксама ў Гродне, жанчына адрэзала галаву сваёй дачцэ…

І зноў жа: гэта была добрая жанчына, якая вельмі любіла сваю дачку і заўсёды клапацілася пра яе, некаторыя яе блізкія лічылі, што, можа, нават залішне. І такіх «дзіўных» злачынстваў нямала… Цяжка пра іх згадваць і складана пра іх расказваць.

Прыняць проста «да ведама» такія гісторыі — мала каго задаволіць такая пазіцыя.

Настойліва навязваюцца пытанні пра прычыны і фактары такіх здарэнняў.

Сёй­-той звяртае ўвагу на тое, што, прыкладам, Павел захапляўся музыкай блэк­метал, а на здымку ягонай жонкі бачна, што на шыі ў яе — сатанісцкі пентаграм.

Таксама і ў выпадку той жанчыны, якая забіла сваю дачку, мелі месца спецыфічныя акалічнасці: за нейкі час да злачынства яна павыносіла з кватэры ўсе іконы і хрысціянскія сімвалы, а калі аднойчы яе сястра запрапанавала з’ездзіць у манастыр, каб памаліцца, адрэагавала досыць агрэсіўна.

З часоў Асветніцтва спасылка на звышнатуральныя сілы для тлумачэння якіх­кольвечы з’яваў прызнана «ненавуковай» і «сярэднявечнай». Уплыў дэманічных сіл? І гэта вы кажаце ў ХХІ стагоддзі?

Так, гэта кажам мы, частка абывацеляў XXI стагоддзя.

Свет духаў існуе: і тых добрых духаў, якія знаходзяцца ў гармоніі з Богам, і духаў злых, якія ненавідзяць Бога і Ягонае стварэнне — чалавека.

Аб’ект веры, а не ведаў? Што ж, можа й так, але, на маю думку, гэтая вера мае не меншыя падставы, чым, напрыклад, вера, што туманнасць Андрамеды — гэта асобная галактыка або што мільён гадоў назад жыў у Азіі Homo erectus. Як у выпадку духаў, так у выпадку іншых галактык або вымерлых відаў, мы не маем непасрэднага доступу да гэтых аб’ектаў. Пра іх існаванне здагадваемся на базе пэўных слядоў або сімптомаў.

Скепсіс або крытыцызм — гэта добрая рэч; яна спрыяе развіццю. Справа, аднак, у тым, што ў секулярных асяроддзях тэза аб існаванні духаў з’яўляецца не аб’ектам крытыцызму (узважанага разважання pro et contra), а аб’ектам фундаментальнага адмаўлення. Духі не існуюць. Кропка. Але гэта ўжо не крытыцызм, а пэўная форма фундаменталізму.

Секулярны фундаменталізм забараняе браць пад увагу існаванне духаў, адпаведна, сатанісцкую музыку ён абавязвае трактаваць як нейтральную ў духоўным плане, якая, хай сабе й змяшчае звароты да Сатаны і праклёны на адрас Хрыста, з Сатаной не мае нічога супольнага, бо… ну, бо Сатана ж не існуе!

Гэты секулярны фундаменталізм дае аб сабе знаць і ў грамадска­культурных дэбатах. У тым ліку ў Беларусі.

Цікава, дарэчы, заўважыць, як гэты фундаменталізм размяркоўваецца па лініі рэжым — дэмакратычная супольнасць. Беларускі рэжым, дыстанцуючыся ад усяго заходняга, па інерцыі дыстанцуецца і ад згаданага фундаменталізму. Тым часам дэмакратычна-­апазіцыйная супольнасць (дзеля асцярожнасці скажам: большая яе частка), у сваім імкненні прысвойваць усё заходняе, прысвойвае згаданы фундаменталізм і робіць гэта, бадай, таксама па інерцыі. У выніку, паўстаюць досыць кур'ёзныя сітуацыі, калі

Мікалай Чаргінец, пострах беларускай культуры, у пэўны момант становіцца адным з нямногіх, хто папярэджвае, што Rammstein або Marduk не маюць нічога супольнага з музычнай культурай, а з’яўляюцца носьбітамі сатанізму і ненавісніцкай ідэалогіі. Тым часам многія беларускія культурнікі і журналісты заяўляюць, што пазіцыя Чаргінца — гэта абсурдны рэйд «супраць зорак сусветнага металу»…

(«Зоркі», «сусветнага» — як пераканаўча гэта гучыць! Як сорамна павінны быць тым, хто выступае супраць гэтых «зорак»!)

Што ж, пагаджаюся, што Чаргінец, русафіл, чалавек наскрозь савецкай ментальнасці — гэта бяда беларускай культуры. Магчыма, ён сумнеўны таксама ў якасці эксперта па маралі. Але калі ўжо няма іншай альтэрнатывы для беларускай культуры і трэба выбраць: Marduk ці Чаргінец, то я галасую — даруйце маю «неасвечанасць» — за Чаргінца.

Не стаўлю мэтай пераконваць каго-­кольвечы да змены светапогляду.

Не з’яўляюся таксама знаўцам дэманалогіі і не бяруся дыягназаваць стан Паўла на прадмет дэманічных уплываў. Выражаю ўсяго толькі перакананне, што «почырк» злачынства тут вельмі асаблівы. І што, можа быць,

варта два ці тры разы добра падумаць, перш чым выступаць у абарону «сусветных зорак» тыпу Marduk…

***

Пётра Рудкоўскі

нарадзіўся ў 1978 у Канвелішках (Воранаўскі р-н Гарадзенскай вобл.) Тэолаг. Скончыў Ягелонскі ўніверсітэт. Сталы аўтар «НН» і часопіса Arche. Лаўрэат прэміі Arche «За сумленнае слова» (2005).

Каментары89

Цяпер чытаюць

Стала вядомая асоба рабочага «Беларуськалія», які загінуў пры абрушэнні горнай пароды1

Стала вядомая асоба рабочага «Беларуськалія», які загінуў пры абрушэнні горнай пароды

Усе навіны →
Усе навіны

Выйшаў з гатэля і знік. У Абхазіі амаль тыдзень шукаюць беларуса3

Былая жонка Паўла Харланчука прызналася, што ў яе ўнутры «ўсё яшчэ пустата»18

НАСА заплаціла стартапу $30 мільёнаў, каб уратаваць тэлескоп Swift. Цяпер апарат, які дваццаць гадоў назіраў за гібеллю зорак, сам згарыць у атмасферы1

«Еўропа не можа дазволіць сабе страціць аніводную нацыю». Зяленскі адказаў на віншаванне Ціханоўскай14

Канапацкая назвала Пуціна, Зяленскага і Пашыняна злоснымі — «бо недамеркі»36

Як беларусу аформіць і актываваць расійскую СІМ-карту12

Названы памер сярэдняга заробку за ліпень3

Выбухнуў і загарэўся Амурскі газахімічны комплекс на мяжы з Кітаем за 6500 кіламетраў ад Украіны2

Ці можна ў Ірландыі замовіць вячэру па-ірландску? Эксперымент блогера, які стаў вірусным22

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядомая асоба рабочага «Беларуськалія», які загінуў пры абрушэнні горнай пароды1

Стала вядомая асоба рабочага «Беларуськалія», які загінуў пры абрушэнні горнай пароды

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць