Згодна з ацэнкамі Вярхоўнага суда Беларусі, «ужо прыйшоў час, каб звярнуцца да пытання аб узмацненні крымінальных санкцый менавіта за распаўсюджванне наркотыкаў».

Аб гэтым у інтэрв'ю праграме «Контуры» тэлеканала АНТ вечарам 30 сакавіка заявіў намеснік старшыні ВС Валерый Калінковіч.

Ён сказаў, што Міністэрства ўнутраных спраў ініцыюе ўвядзенне самастойнай кваліфікуючай прыкметы незаконнага збыту наркотыкаў — збыт заведама непаўналетнім. «Добра. Але чаму зноў ад 8 да 13? (Адна з санкцый, прадугледжаных Крымінальным кодэксам за незаконны абарот наркотыкаў. Максімальная — ад 10 да 15 гадоў пазбаўлення волі за наркабізнес арганізаванай групай). Калі мы вядзем гаворку аб распаўсюджванні сродкаў, якія не толькі павольна забіраюць здароўе, але і забіваюць практычна імгненна, то, напэўна, і пакаранне за такія злачынствы павінны быць сувымерныя з забойствам», — сказаў намеснік старшыні Вярхоўнага суда.

Што да вырабу наркотыкаў у лабараторыях, дзе выпускаюцца вялікія аб'ёмы, то, як адзначыў Калінковіч, чаму б адказнасць за гэтыя дзеянні не памясціць у найбольш цяжкі раздзел крымінальнага закона і не ўстанавіць пакаранне да 20 гадоў пазбаўлення волі.

Прапановы наконт гэтага Вярхоўным судом ужо сфарміраваныя. Калінковіч спадзяецца, што заканадаўца з імі згодзіцца.

Гаворачы аб сённяшняй наркасітуацыі ў краіне, намеснік старшыні Вярхоўнага суда звярнуў увагу на тое, што «развіццё сучасных інфармацыйных тэхналогій дазваляе наркадылерам дастаткова шырока і ў даступнай форме рэкламаваць жудасныя рэчывы, якія наносяць непапраўны ўрон здароўю і нават уносяць жыцці людзей».

Паводле слоў Калінковіча, павінна быць актыўная, жорсткая сацыяльная рэклама негатыўных наступстваў ужывання наркотыкаў.

«Звычайныя ўгаворы і папярэджанні <…> не працуюць, не ўспрымаюцца. А калі ва ўвесь экран, у канвульсіях і пенай з роту, можа быць, не ўсе, але большасць задумаецца, ці варта каштаваць», — адзначыў ён.

Калінковіч упэўнены, што праца па процідзеянні распаўсюджванню наркотыкаў павінна пачынацца ў сям'і. Паводле яго слоў, у 2013 годзе ў Беларусі за злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў, было асуджана 57 непаўналетніх. Прычым толькі 18 з іх выхоўваліся ў няпоўных сем'ях або па-за сям'ямі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?