Пракуратура Брэсцкай вобласці вынесла пісьмовае папярэджанне незалежнаму журналісту Максіму Хлябцу за супрацоўніцтва з замежным СМІ — «Беларускім Радыё Рацыя» — без акрэдытацыі, паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ).

Журналіст наведаў пракуратуру раніцай 11 чэрвеня — згодна з позвай, якую атрымаў днём раней. Старшы пракурор аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў Ніна Бахарава ўручыла яму пісьмовае папярэджанне, датаванае 10 чэрвеня і падпісанае намеснікам пракурора Брэсцкай вобласці Аляксандрам Точкам.

З паперы вынікае, што доказам супрацоўніцтва журналіста з замежным СМІ пракуратура лічыць два артыкулы, размешчаныя на сайце racyja.com у сакавіку 2013 года. У папярэджанні сказана, што Хлябец можа быць прыцягнуты да адказнасці згодна з заканадаўствам, калі працягне займацца журналісцкай дзейнасцю ў супрацы з замежным СМІ без акрэдытацыі ў МЗС.

Гэта не першая праява цікавасці да Максіма Хлябца з боку сілавых структур. Як паведамляе БАЖ, у сакавіку 2014 года яго выклікалі ў міліцыю «і спрабавалі схіліць да супрацоўніцтва, кажучы, што «ўсё ведаюць» пра яго журналісцкую дзейнасць». 

«Думаю, цяперашняе папярэджанне — працяг той гісторыі. Тады я адмовіўся супрацоўнічаць і распавёў пра гэта ў СМІ. Можа, яны вырашылі напужаць мяне яшчэ чым-небудзь — з разлікам на тое, што я спалохаюся і пачну з імі супрацоўнічаць ці спыню сваю дзейнасць», — выказаў меркаванне Хлябец.

Uэта ўжо шостае па ліку папярэджанне ў 2014 годзе незалежным журналістам за супрацу з замежнымі СМІ. У лютым пракуратура Лідскага раёна (Гродзенская вобласць) папярэдзіла Юрыя Дзешука, у сакавіку Брэсцкая гарадская пракуратура папярэдзіла журналіста Яўгена Скрабца, Гомельская абласная пракуратура — Юлію Сівец і Мікалая Бянько, у красавіку пракуратура Віцебскай вобласці папярэдзіла мясцовую журналістку Святлану Сцяпанаву. 

За 2013 год органы пракуратуры, паводле звестак БАЖ, вынеслі папярэджанні дзевяці журналістам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?